Час, калі здзяйсняюцца мары

- 11:30Нашы дзеці

Святочнае адкрыццё рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” адбылося ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску. Старт марафону навагодніх і калядных добрых спраў дадзены!

— Нягледзячы на зменлівае надвор’е, мы знаходзімся ў радасным пераднавагоднім настроі. Новы год ідзе нам насустрач з добрымі пажаданнямі, віншаваннямі і падарункамі, — сказаў, адкрываючы акцыю, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык. — Стала добрай традыцыяй напярэдадні Новага года дарыць радасць кожнаму дзіцяці. Менавіта з гэтай мэтай па ініцыятыве прэзідэнта з 1995 года праводзіцца дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.

Э.В.Тамільчык нагадаў, што акцыю падтрымліваюць усе: і грамадскія ўстановы, і беларускія вытворцы, і проста нераўнадушныя людзі. У дні акцыі праводзяцца Галоўная ёлка краіны, святы ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, праходзяць сустрэчы ў школах-інтэрнатах і дзіцячых дамах. Добраахвотнікі наведваюць мнагадзетныя і прыёмныя сем’і, дзіцячыя бальніцы, сацыяльныя прытулкі, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Канечне, самае важнае, каб кожнае дзіця атрымала не толькі падарункі, але і ўвагу і клопат.

Эдуард Валянцінавіч і кансультант упраўлення выхаваўчай, сацыяльнай і ідэалагічнай работы галіновага міністэрства Ларыса Васільеўна Емяльянчык павіншавалі ўсіх з надыходзячымі святамі, стартам акцыі “Нашы дзеці”, а таксама з пачаткам ХХІ Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”, што адкрылася адначасова з рэспубліканскай дабрачыннай акцыяй. Хлопчыкі і дзяўчынкі з Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната, якія сталі гасцямі адкрыцця акцыі “Нашы дзеці”, атрымалі падарункі ад выхаванцаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. А яшчэ яны разам з іншымі гасцямі паглядзелі святочную праграму.

Марына ХІДДЖАЗ.