Час кода

Больш за 40 тысяч школьнікаў з 13 рэгіёнаў Брэстчыны прынялі ўдзел у мерапрыемствах абласнога конкурсу “Час кода”, арганізаваным галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама, абласным ІРА і Паркам высокіх тэхналогій.


— Конкурс праводзіўся з мэтай актывізацыі дзейнасці аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі рай(гар)выканкамаў і педагогаў па папулярызацыі інфармацыйных тэхналогій сярод вучняў, павышэнні іх цікавасці да інфарматыкі і праграмавання, а таксама прафарыентацыі на ІТ-спецыяльнасці, — расказаў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра інфарматызацыі і рэсурснага забеспячэння адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА А.У.Нарывончык. — Спаборніцтва выявіла лепшы вопыт работы ўстаноў адукацыі ў гэтых напрамках дзейнасці, падтрымала творчыя ініцыятывы і актыўнасць педагогаў, інтарэсы школьнікаў. Конкурсанты рыхтавалі справаздачы і эсэ аб мерапрыемствах па папулярызацыі інфарматыкі і праграмавання сярод вучняў, а таксама кароткія апісанні і сцэнарыі гэтых мерапрыемстваў з выкарыстаннем фота- і відэаматэрыялаў, інтэрнэт-спасылак і сацыяльных сетак. Журы ацэньвала адпаведнасць конкурсных работ заяўленым намінацыям, культуру падачы матэрыялаў, ахоп удзельнікаў мерапрыемстваў, іх колькасць і змест, асвятленне ў мясцовых СМІ і інтэрнэце.

У намінацыі “ІТ-краіна” перамаглі аддзелы па адукацыі Пінскага, Лунінецкага, Бярозаўскага і Ляхавіцкага райвыканкамаў. Лепшыя конкурсныя мерапрыемствы падрыхтавалі Ірына Лявонцьеўна Шаляговіч з гімназіі Драгічына, Людміла Мікалаеўна Білецкая з гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Брэста і Святлана Іванаўна Галуц з Імянінскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна. Падзякай адзначаны Ігар Навумавіч Басін з гімназіі № 2 Брэста. Пераможцы атрымалі камп’ютарную тэхніку і мабільныя тэлефоны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.