Час маладосці

Трэці працоўны семестр сёлета прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў Мінску на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Дзень моладзі. У цырымоніі прынялі ўдзел каля 400 прадстаўнікоў студатрадаўскага руху, у тым ліку зводныя атрады працоўных праектаў гэтага года : “Усебеларуская маладзёжная будоўля “Горад маладосці” (Астравец, Беларуская АЭС) і “Атлант-2020”.

У адрас студатрадаўцаў прагучалі віншаванні з Днём моладзі ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі і Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.І.Качанавай. На плошчы Дзяржаўнага сцяга да студэнтаў і навучэнцаў, удзельнікаў студатрадаў звярнуліся прадстаўнікі ўлады, кіраўніцтва Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Так, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.М.Кунцэвіч назваў  цяперашні час часам, калі  па-сапраўднаму каштоўнымі з’яўляюцца не гучныя словы і лозунгі, а рэальныя справы і ўчынкі. На плошчы, на думку Андрэя Міхайлавіча, сабраліся маладыя людзі, нацэленыя на стварэнне, гатовыя не на словах, а на справе быць разам са сваёй краінай, бачыць перспектыву і не баяцца вырашаць самыя амбіцыйныя задачы, шанаваць вопыт папярэдніх пакаленняў. Такія прынцыпы і пакладзены ў аснову студатрадаўскага руху, якім сёння ахоплены практычна ўсе ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — толькі бягучым летам прыкладна 30 тысяч байцоў студатрадаў будуць працаваць на 1200 аб’ектах па ўсёй краіне. Акрамя таго, каля 40 тысяч хлопцаў і дзяўчат з’яўляюцца ўдзельнікамі валанцёрскіх праектаў.

— У Беларусі студатрадаўскі рух падтрыманы на самым высокім дзяржаўным узроўні, — сказаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка, — а гэта значыц­ь, што моладзь мае выдатную магчымасць рэалізаваць сябе ва ўсіх сферах дзейнасці, прыняць актыўны ўдзел у сацыяльна значных працоўных праектах. Студатрад — гэта не толькі магчымасць атрымаць навыкі рабочай прафесіі, зарабіць грошы сваёй працай, гэта і спадчына добрых спраў, якую вы ўзялі ў старэйшых пакаленняў і, спадзяюся, перададзіце сваім дзецям і ўнукам.

Ігар Васільевіч таксама нагадаў пра ўдарныя будоўлі мінулых часоў, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, — Бярозаўскую і Лукомльскую ГРЭС, Полацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы і інш. Выказаў упэўненасць, што беларуская моладзь годна працягне гэты летапіс. Галоўнае — умела выкарыстоўваць назапашаны вопыт у сучасных умовах, калі студатрадаўскі рух выйшаў на новы ўзровень і набірае ўсё большую сілу.

— Дарагія сябры! Сваёй працай, нераўнадушным і беражлівым стаўленнем да традыцый і гісторыі нашай Радзімы вы ўносіце годны ўклад у развіццё краіны, — дадаў міністр адукацыі, звяртаючыся да студатрадаўцаў. — Жадаю ўсім вам ударнай працы, моцнага здароўя, аптымізму, сапраўдных сяброў і новых перамог у імя росквіту роднай Беларусі.

Як заўважыў першы сакратар ЦК БРСМ член Савета Рэспублікі Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь Д.С.Варанюк,  усе словы, што прагучалі ў адрас студ­атрадаўцаў, гавораць пра асаблівую надзею, якую на іх ускладвае мудрае старэйшае пакаленне. А сімвалічныя пуцёўкі, якія на плошчы Дзяржаўнага сцяга атрымліваюць камандзіры атрадаў, — гэта таксама пуцёўкі ў жыццё.

На ўрачыстай цырымоніі адбыўся парад студатрадаўскіх сцягоў і прэм’ера песні “Гімн БСО” ў выкананні ўдзельнікаў студэнцкага будаўнічага атрада “Эўрыка” імя Героя Савецкага Саюза Віктара Іванавіча Яронькі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пазней удзельнікі адкрыцця трэцяга працоўнага семестра накіраваліся на гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, дзе адбылася маладзёжная працоўная акцыя “Працуем раЗАм!”. Студэнты высадзілі хваёвыя дрэвы ў гонар 75-годдзя Перамогі, выканалі іншыя работы. Завяршыўся святочны дзень студатрадаўскім квестам і экскурсіяй па гісторыка-культурным комплексе.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.