Кіраўнікі айчынных УВА абмеркавалі павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай вышэйшай адукацыі на міжнароднай арэне і нарошчванне экспарту адукацыйных паслуг.
Пасяджэнне Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі адбылося ў ВДУ імя П.М.Машэрава з удзелам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца, начальніка ўпраўлення адукацыі і сацыякультурнай сферы Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Іосіфа Пяткевіча, старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяны Якубовіч.
Як паведаміў Андрэй Іванец, у цяперашні час універсітэты Беларусі рэалізуюць больш за 200 сумесных адукацыйных праграм з замежнымі партнёрамі. Асноўнымі з іх з’яўляюцца расійскія ВНУ, з якімі заключана каля 1,5 тысячы міжуніверсітэцкіх дагавораў і ажыццяўляецца акадэмічны, прафесарска-выкладчыцкі, інфармацыйны абмен. Расійскія студэнты могуць удзельнічаць у агульным конкурсе на бюджэтнае навучанне пры ўмове прадастаўлення сертыфіката аб праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання. З гэтага года ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы асобы, якія здалі Адзіны дзяржаўны экзамен у Расійскай Федэрацыі, пры паступленні на платнай аснове ў Беларусі на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці маюць пэўныя льготы. Інтэнсіўна развіваюцца кантакты з Кітайскай Народнай Рэспублікай у рамках 550 пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж беларускімі і кітайскімі ўніверсітэтамі. Перспектыўнымі ў плане росту адукацыйных паслуг бачацца рынкі шэрага іншых краін Азіі, а таксама Афрыкі.
Кіраўнік ведамства засяродзіў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на неабходнасці актывізаваць маркетынгавую дзейнасць па прасоўванні айчыннай вышэйшай адукацыі і адукацыйных праграм, у тым ліку максімальна шырока задзейнічаць рэкламу праз інтэрнэт-рэсурсы, сацыяльныя сеткі. У сучасных рэаліях работа патрабуе нестандартных рашэнняў. Універсітэты Беларусі маюць вялікі патэнцыял для прыцягнення замежных студэнтаў, а павелічэнне пераліку праграм, што прадугледжваюць навучанне на англійскай мове, удасканаленне ўжо заключаных дагавораў з УВА іншых краін, больш якаснае інфармацыйна-рэкламнае забеспячэнне дапамогуць значна пашырыць межы міжнароднага супрацоўніцтва.
Міністр акрэсліў прыярытэтныя задачы і зрабіў акцэнт на сістэмным падыходзе: “Гэтыя меры працуюць эфектыўна і прыносяць доўгатэрміновы вынік, калі яны рэалізуюцца ў комплексе. Кропкавая работа, наадварот, мае вельмі кароткачасовы эфект”.
Вопытам арганізацыі экспарту адукацыйных паслуг у сваіх установах і прапановамі па ўдасканальванні работы ў азначаным напрамку падзяліліся рэктары Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Унсовіч, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Віталь Веліканаў і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валянціна Багатырова.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.