Час педагогаў

Сюды падаюць дакументы бюджэтнікі і платнікі, вочнікі і завочнікі, педагогі ў некалькіх пакаленнях і тыя, хто толькі нядаўна адкрыў для сябе прывабнасць настаўніцкай прафесіі. Ужо каторы дзень абітурыентаў сустракае Мінскі гарадскі педагагічны каледж. 

— Толькі за першыя тры дні прыёмнай кампаніі падалі больш за палову заяў, запланаваных паводле плана прыёму на дзённую форму атрымання адукацыі. 2021 год для нас адметны: сёлета ў каледжы зафіксаваны самыя вялікія лічбы набору за ўвесь час яго існавання. Таксама ў гэтым годзе мы адзначаем свой першы юбілей, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна­выхаваўчай рабоце Наталля Кавалёва. — З’яўленне дадатковых месцаў абумоўлена попытам на спецыялістаў з якаснай педагагічнай адукацыяй, перспектыўных маладых людзей. З 2018 года нашы выпускнікі выходзяць на рынак працы Мінска, і работадавец ведае нашых спецыялістаў, адзначаючы ўзровень іх практыка­-арыентаванай падрыхтоўкі. На размеркаванні ў нас заўсёды шмат заявак, якія пакуль што каледж закрывае не цалкам. 

Сёлета на дзённую форму атрымання адукацыі па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя” (на аснове 9 класаў) набяруць па 75 чалавек. Навучэнцамі завочнай формы па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” (пасля 11 класаў ці на аснове прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыі) стануць 35 бюджэтнікаў і 20 платнікаў.

Таццяна Лабада.

Яна Васілёнак — выпускніца сярэдняй школы № 3 Лепеля. Дзяўчына лічыць, што людзі знаходзяць будучую прафесію ў дзяцінстве. Сама яна не выключэнне: колькі сябе памятае, заўсёды вучыла нечаму малодшага брата. 

— Я з мнагадзетнай сям’і, таму мне лёгка ра­зумець малых. Люблю дзяцей, мне цікава ім нешта тлумачыць. З каледжам вызначылася адразу і цвёрда, — гаворыць абітурыентка. 

Дакументы будучы педагог пачатковых класаў падае ра­зам з матуляй. Наталля Аляксееўна не толькі адабрае выбар дачкі, але і цалкам падтрымлівае яе імкненне атрымаць у далейшым вышэйшую адукацыю. 

У будучыні дзяўчына бачыць сябе высокакваліфікаваным настаўнікам, да якога цягнуцца дзеці. 

— Педагог павінен шмат размаўляць з вучнямі, падтрымлі­ваць іх, быць добразычлівым і справядлівым. Толькі ў такім выпадку дзеці будуць цягнуцца да настаўніка, ім будзе лёгка. Разумею, што з некаторымі людзьмі цяжка, але няма тых, з кім увогуле нельга знайсці агульную мову. Я хачу быць менавіта такім спецыялістам, — пераканана Яна. 

У першыя дні прыёмнай кампаніі актывізуюцца не толькі абітурыенты, якія плануюць вучыцца на дзённай форме, але і завочнікі. Таццяна Лабада па першай прафесіі — кухар­кандытар. Зараз вырашыла стаць навучэнкай завочнай формы па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” (тэрмін навучання складае 2 гады і 10 месяцаў). 

— У 2016 годзе я пачала працаваць памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садку № 37. Працаваць з дзецьмі мне падабаецца, ды і ўзаемадзейнічаць з імі прафесійна хацелася з юнацкага ўзросту, — гаворыць Таццяна. — Наш кіраўнік даўно раіла мне атрымаць спецыяльную адукацыю. І сёлета я вырашыла, што час прыйшоў. 

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.