Час перадышкі ад кніжкі

У Беларусі ў самым разгары асеннія канікулы. Тысячы школьнікаў, адкінуўшы ўбок рукзакі з падручнікамі, пагрузіліся ў атмасферу бесклапотнасці. Але, як вядома, адпачынак на канапе ці за камп’ютарам малаэфектыўны, таму школы, гімназіі, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прапаноўваюць самыя розныя варыянты адпачынку. Педагогі падрыхтавалі насычаную праграму для сваіх навучэнцаў, якім застаецца толькі выбраць самае цікавае для сябе.

Для малодшых вучняў па ўсёй краіне дзверы адчынілі прышкольныя лагеры з дзённым знаходжаннем. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць падарожжы па культурных і гістарычных мясцінах, экскурсіі ў музеі, творчыя, інтэлектуальныя, спартыўныя мерапрыемствы.

Улічваючы тэматыку Года малой радзімы, асабліва актыўна наладжана турыстычна-экскурсійная работа. У прыватнасці, у сталіцы працягваецца сацыяльна-адукацыйны праект “Вандроўкі ў мінулае. Free Walking Tours”, у межах якога можна даведацца сотні фактаў пра славутасці Мінска, пачуць гарадскія гісторыі, смешныя, незвычайныя ці кур’ёзныя выпадкі, легенды і паданні, убачыць прывіды і старажытныя некропалі на мінскіх вуліцах.

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў першы дзень канікул сабралася новая змена лідараў Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў, каб пазнаёміцца і расказаць пра свае ідэі і планы. З 4 па 6 лістапада тут праходзіць V Міжнародны фестываль-конкурс “Творчасць без меж”. Заўтра разгарыцца барацьба паміж лепшымі розумамі краіны за Рэспубліканскі Кубак “Восень-2019” па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў.

У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі ўчора пачаўся гарад­скі тыдзень юных тэхнікаў і спартсменаў “ТэхнаСтарт”, у межах якога ўжо прайшоў адкрыты гарадскі турнір-спаборніцтва па робататэхніцы, гарадскі этап Рэспубліканскага конкурсу па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by”, гарадская конкурсная праграма для школьнікаў “Арх-дэбют”, конкурс навукова-тэхнічнай і інавацыйнай творчасці “Ад ідэі да ўвасаблення”, турнір па більярдным спорце “Восеньская піраміда”. Сёння больш за 300 юных танцораў з Беларусі і Расіі сышліся на сцэне палаца ў межах IX адкрытага фестывалю-конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Славянскі кубак”. Заўтра больш за 150 школьнікаў з Беларусі і блізкага замежжа прымуць удзел у Міжнародным турніры па дэбатах “Мастацтва палемікі”.

Не менш насычаную праграму падрыхтавалі і ў рэгіёнах. Установы дадатковай адукацыі для сваіх навучэнцаў падрыхтавалі масавыя святы, спаборніцтвы і турніры, конкурсныя і гульнявыя праграмы, грамадзянска-патрыятычныя, працоўныя, валанцёрскія акцыі і інш. У школах працягваюць сваю работу аб’яднанні па інтарэсах, ладзяцца спартыўныя турніры, праходзяць канцэрты і тэатральныя прэм’еры.

Так, у гэтыя дні ўсюды праходзяць абласныя этапы Рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі Hi-Tech. Абласныя першынствы па скалалажанні вызначаць удзельнікаў фінальнага этапу чэмпіянату краіны, які пройдзе ў Брэсце ў лістападзе. Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі ў дні канікул праводзіць турыстычны аздараўленчы лагер “Юны турыст-скалалаз”.

Тэматычныя змены ў прышкольных лагерах сталі фішкай гэтых канікул у Мінскай вобласці. Так, у сярэдняй школе № 3 Нясвіжа пройдзе тэматычная змена па правілах дарожнага руху “Сонечная зебра”. Аздараўленчы лагер “Сузор’е”, арганізаваны на базе гімназіі № 1 Валожына, запрасіў дзяцей і іх бацькоў у падарожжа “Па зорнай краіне”. Ракаўская сярэдняя школа запрасіла ўсіх жадаючых адправіцца ў плаванне на “Караблі ведаў” і пабываць на таямнічым востраве, праявіць знаходлівасць, кемлівасць, прымяніць веды ў нестандартных сітуацыях. А яшчэ ва ўсіх лагерах Мінскай вобласці ў гэтыя дні праходзяць турніры па шахматах і шашках.

У Гомелі ладзіцца трохдзённы X Абласны форум лідараў дзіцячага і мала­дзёжнага руху “Лідары XXI стагоддзя: новы фармат”. Гродна 8—9 лістапада збярэ сяброў з усёй краіны на 20-ы юбілейны асенні фестываль клубаў ЮНЕСКА, прысвечаны 30-годдзю Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. У Бабруйску пройдуць адкрытыя абласныя спаборніцтвы па картынгу. У дні канікул актыўна наладжваецца ўзаемадзеянне з законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх: працуюць тата-залы, бацькоўскія клубы, праводзяцца індывідуальныя кансультацыі і гутаркі, арганізоўваюцца сумесныя заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах.

Педагогі прыкладаюць усе намаганні, каб іх навучэнцы за гэтыя 10 дзён паспелі адпачыць, назапасіць зарад бадзёрасці на наступную чвэрць і з новымі сіламі ўзяліся за вучобу.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.