Час выбірае крэатыўных

26—28 красавіка 2017 года ў Гродне прайшоў Рэспубліканскі фестываль педагагічных ідэй “Прызванне — педагог”. У ім прыняло ўдзел больш за 200 маладых спецыялістаў з усёй Беларусі, а таксама педагогі са Смаленска і Кішынёва.

Фестываль арганізавалі члены абласнога клуба “Крыштальны журавель”, у які ўваходзяць пераможцы абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу “Настаўнік года”, а таксама лепшыя педагогі Гродзеншчыны. Іх мэта — падзяліцца вопытам з маладымі калегамі, якія толькі пачынаюць свой шлях у прафесіі. Удзельнікаў фестывалю віталі Г.У.Курганская, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, і В.В.Грышэчка, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

У рамках фестывалю прайшлі майстар-класы, трэнінгі і кансультацыі. Маладым спецыялістам расказалі, як захапіць вучня вучобай, чаму настаўнік павінен быць крэатыўным і якія новыя тэхналогіі неабходна ўкараняць у адукацыйны працэс. Вопытныя педагогі падзяліліся сакрэтамі прафесійнай дзейнасці, арыгінальнымі задумкамі і ідэямі.

Шэраг мерапрыемстваў праходзіў на базе сярэдняй школы № 26 Гродна. Мяне як маладога педагога асабліва ўразіў майстар-клас “Адукацыйны кантэнт. Плюсы і мінусы”, які праводзіў настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці І.В.Якіменка. Ён пазнаёміў з электроннымі праграмамі, якія фарміруюць устойлівую матывацыю і развіваюць лагічнае мысленне і кемлівасць вучняў.

Пры падвядзенні вынікаў усім маладым педагогам былі ўручаны сертыфікаты, якія пацвярджаюць удзел у рэспубліканскім фестывалі.

Юлія ВАЛЮКЕВІЧ,
настаўніца матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Скідзеля.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *