Час вырашыў лёс

Часта за асобай трэнера стаіць доўгая гісторыя спартсмена, якая па розных прычынах заканчваецца. Хтосьці з гэтым спраўляецца лёгка, хтосьці праходзіць некалькі складаных этапаў. Высветлілі, да якога тыпу належыць трэнер па боксе Жлобінскай ДЮСШ № 1 Антон Лахмастаў.

Фабрыка добрых людзей

“Я пачаў займацца боксам у 9 гадоў, да 16 трэніраваўся ў Жлобіне, потым мяне перадалі ў Мазырскі філіял Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Там вучыўся да 18 гадоў, паступіў у БДУФК. Скончыў універсітэт у 2007 го­дзе і па размеркаванні трапіў у Жлобінскую ДЮСШ № 1 на аддзяленне бокса. Кар’еру спартсмена прыйшлося скон­чыць у 25 гадоў. Было шмат фактараў: і трэнерская работа замінала, таму што, каб заставацца ў зборнай, трэба шмат працаваць, вынікі пайшлі на спад, былі траўмы. Вырашыў далей не выпрабоўваць лёс і застацца на трэнерскім хлебе”, — узгадвае Антон Яўгенавіч.

Спачатку прызвычаіцца да новай ролі было цяжка. Перыяд прыціркі цягнуўся 3—4 гады. Вядома, трэнер набіраў дзяцей, вазіў на спаборніцтвы, але тая запаветная іскра не загаралася. “Наша сістэма не ідэальная, у ёй ёсць далёкія ад спорту людзі, яны тэарэтыкі, а не практыкі, — гаворыць Антон Лахмастаў. — Бывае, з імі пасварышся, стане крыўдна, бо ты і дзяцей рыхтуеш, і спонсараў шукаеш. Рукі апускаюцца. Але потым супакойваешся, збіраешся з думкамі і ідзеш працаваць далей”. Толькі праз 10 гадоў, калі пайшлі вучні, якія давалі вынік, трэнерская работа сапраўды зацягнула Антона Яўгенавіча. Ён разумее, што ўсе выхаванцы чэмпіёнамі не стануць, таму ў першую чаргу стараецца выхаваць з іх добрых людзей. “Выхаванне ідзе пастаянна. Змагаешся з іх лянотай, крыўдамі, празмернымі дзіцячымі эмоцыямі. Стараешся, каб яны былі мэтанакіраванымі, умелі аналізаваць, заўсёды адказвалі за свае дзеянні. Прыемна разумець, што да выхавання менавіта чалавека прыклалі руку не толькі родныя, але і я”.

“Сказаць, у якім узросце пачынаць займацца боксам, складана. Часам тым, хто прыходзіць рана, хутка надакучвае, а ў тых, хто прыходзіць позна, не хапае часу ўсё асвоіць. А бывае і наадварот. Напрыклад, гомельскі баксёр Уладзіслаў Смяглікаў, які на ІІ Еўрапейскіх гульнях узяў сярэбраны медаль, пачаў займацца толькі ў 17 гадоў. Усё залежыць ад жадання: калі яно ёсць, то ўсяго можна дасягнуць. Мой сябар чакаў свайго часу да 27 гадоў, тады заваяваў “бронзу” на чэмпіянаце Еўропы сярод дарослых. За яго цярпенне яго ўзнагародзілі”.

Нават летам работа

Пандэмія каранавіруса змяніла жыццё многіх, не атрымалася ўстаяць нават баксёрам. Трэніроўкі прыйшлося перанесці, толькі нядаўна яны пачалі праходзіць па звычайным раскладзе. Затое Антон Лахмастаў нарэшце змог паўнавартасна адпачыць. З 2017 года яго выхаванцы адбіраліся на першын­ство Еўропы, таму нават летам прыходзілася працаваць і рыхтавацца. Турнір праходзіць у канцы ліпеня — жніўні.

“Звычайна ў мяне 3—4 групы, трэніруемся кожны дзень, нядзеля — выхадны. Набор ідзе практычна круглы год, таму што некаторыя не вытрымліваюць, сыходзяць. Пачына­юць хадзіць у 8—9 гадоў і займаюцца да заканчэння школы. Потым кагосьці перадаём у вучылішча алімпійскага рэзерву, хтосьці паступае ва УВА.

Дзецям пачатковага ўзроўню падрыхтоўкі я даю больш практыкаванняў на каардынацыю, гульні, крыху вучу боксу. Галоўнае, каб выхаванец не стаміўся ад спорту, трэба яго берагчы. Каб дзіця стала чэмпіёнам, трэба правільна пада­браць “дозу” заняткаў. На іншых узроўнях падрыхтоўкі ідзе напрацоўка, падрыхтоўка, распісваюцца трэніровачныя цыклы, павялічваецца нагрузка”, — дзеліцца Антон Яўгенавіч.

Кірыл Дугар і Антон Лахмастаў на чэмпіянаце Еўропы.

Па плане ў канцы лета закладваецца агульнафізічная база. Потым ідзе адпрацоўка камбінацый, абароны, атакі, ёсць высокія, ёсць нізкія сапернікі, пад кожнага падбіраецца свая тактыка. Гэта ўжо тэхнічная база. Антон Лахмастаў сочыць на спаборніцтвах, як спартсмен рэалізоўвае тактыку. Калі ўсё атрымалася, — выдатна, гэта закладзена, трэба ісці далей. Разбіраюцца прыёмы баксёраў-сілавікоў, гульневікоў, контрбаксёраў, праглядаюцца розныя баі, каб выхаванцы ведалі не толькі пра тое, што на занятках адпрацоўваецца, а як яшчэ можа быць.Таксама Антон Яўгенавіч стараецца развіваць у дзяцей дух саперніцтва, для гэтага праводзіць гульні, эстафеты. Унутраная канкурэнцыя дапамагае на спаборніцтвах: кожны хоча выступіць як мага лепш. Гэта на руку і спартсмену, і трэнеру.

У трэніровачным працэсе могуць дапамагчы і бацькі: дастаткова проста цікавіцца, ці прыйшоў сын, які ў яго прагрэс, да якіх спаборніцтваў зараз рыхтуецца. “Калі пачынаюцца спаборніцтвы, самыя частыя гутаркі ў нас пра фінансаванне, — заўважае трэнер. — Некаторыя дапамагаюць грашыма, для іншых выхаванцаў стараешся знаходзіць спонсараў у гора­дзе. Ёсць некалькі людзей, што ідуць на кантакт, хтосьці з іх сам у дзяцінстве займаўся, таму разумее, якія гэта траты. Часам бацькі хвалююцца, а раптам у хлопчыка будзе “куль­гаць” вучоба, але я выхаванцам адразу кажу, што ў такім разе не буду пу­скаць у залу. Калі спаборніцтвы запланаваны праз два месяцы, то цяпер самы час, каб зарабляць добрыя адзнакі”.

Калі ўявіць, што бокс — гэта вітрына магазіна, то самыя распаўсюджаныя тавары на ёй — працавітасць, уменне не здавацца і самакрытыка. Набор файны, хто б сабе такі не захацеў. Праўда, каб гэта ўсё купіць, патрабуецца даволі шмат часу.

Каб сышліся зоркі

Спаборніцтвы, як кантрольныя работы ў школе, дапамагаюць педагогу ацаніць, наколькі добра вучань засвоіў матэрыял. Абласныя, рэспубліканскія — добра, міжнародныя — яшчэ лепш. На жаль, для выездаў не заўсёды хапае грошай. “Асноўныя спаборніцтвы фінансуюцца, але для большага гэтага мала. Дома баксіраваць добра, але трэба і выязджаць, гэта зусім іншы ўзровень. Вялікая зала, шмат удзельнікаў, замежжа. У мяне атрымлівалася выязджаць з выхаванцамі ва Украіну, Расію, Малдову. Запрашалі ва Узбекістан, Казах­стан, прапаноўвалі знайсці грошы хаця б дабрацца да Масквы, а адтуль пералёт бы аплацілі, але гэта таксама немаленькая сума. Дзякуючы такім выездам, я знайшоў шмат сяброў. Калі яшчэ сам выступаў, то пазнаёміўся з галоўным трэнерам алімпійскай зборнай Украіны Уладзімірам Леанідавічам Дварцовым. Я яму як спартсмен спадабаўся, калі пачаў працаваць трэнерам, ён мяне шмат куды запрашаў, дапамагаў. Падтрымліваем зносіны не толькі прафесійна: Уладзімір Леанідавіч запрашаў у госці да яго ў Карпаты, мы прыязджалі на рыбалку на горныя рэкі. Яшчэ ў Чарнігаве ў мяне добры сябар-трэнер, мы кожнае лета прыязджалі да яго з сям’ёй, адпачывалі. На мора нас запрашаюць сябры і з сям’ёй, і з выхаванцамі. Калі знаёмыя арганізоўваюць спаборніцтвы, то прапаноўваюць прыехаць за тыдзень, адпа­чыць і патрэніравацца на моры — пражыванне і харчаванне яны забяспечаць, а потым выступіць на турніры”.

“Мне здаецца, на першы план у боксе выходзяць працавітасць і характар. Калі гэтага няма, то не бу­дзе і выніку. Прыходзяць дзеці, здаецца, яны больш каардынаваныя, чым аднагодкі, хутчэй схопліваюць, але ў 14—15 гадоў усе раўняюцца і выйграе той, хто мацнейшы духам. Каб быў і духам моцны, і ў тэхніцы, такіх, напэўна, адзін на мільён. Мне здаецца, зараз у мяне ёсць такі выхаванец. Галоўнае, каб у яго хапіла запалу. Таму што ў пераходным узросце многае замінае ісці да мэты: дзесьці закахаўся, дзесьці на вуліцы захацеў пагуляць і г.д. Важна засцерагчы ад непатрэбнага, пастаянна мець зносіны”.

Падрыхтоўка да спаборніцтваў праходзіць паступова. Трэніроўка, выступленне на турніры, адшліфоўка таго, што не атрымалася, — і ўсё спачатку. Антон Яўгенавіч со­чыць за станам спартсменаў, калі трэба, нагрузку зніжае, калі ба­чыць, што выхаванец правёў дастаткова баёў і выглядае крыху стомленым, лепш прапусціць і адпачыць. У жлобінскіх баксёраў заўсёды ёсць адзін-два сапернікі, на якіх трэба настройвацца, думаць пра іх. Напрыклад, такія чакаюць у Гродне і Баранавічах. Калі нешта перашкодзіла перамозе, хлопцы могуць адрэагаваць па-рознаму: хтосьці моцна засмуціцца, хтосьці менш, усё залежыць ад таго, якія мэты перад сабой ставіць. У любым выпадку, яны ведаюць, што трэнер побач, ён хваляваўся падчас бою не менш за баксёра і разумее яго эмоцыі.

“Самыя запамінальныя спаборніцтвы для мяне — гэта чэмпіянат Еўропы сярод школьнікаў у Грузіі ў 2019 годзе. Там мой выхаванец Кірыл Дугар заваяваў сярэбраны медаль, — расказвае трэнер. — Адабраліся туды мы лёгка. Я думаў, што медаль будзе 100%, не ведаў толькі, якой вартасці”. На спаборніцтвах па боксе шмат залежыць ад жараб’ёўкі. Можна трапіць адразу на моцнага саперніка, прайграць, а ён астатніх, больш слабых, прыбярэ, можна наадварот. “Нам пашчасціла, да фіналу дайшлі без праблем. За “золата” змагаліся з украінцам, да гэтага мы ўжо раз з ім сустракаліся і выйгравалі, але тут прайгралі. Жадання было шмат, можа, яно і перашкодзіла”.

У Кірыле Антон Яўгенавіч не адразу разгледзеў талент. Калі хлопчык толькі прыйшоў на заняткі, ён быў маленькім, пухленькім. Потым выцягнуўся, пачаў паказваць вынікі на турнірах, пакрысе яны станавіліся лепшымі. З гэтага года Кірыл будзе вучыцца ў Рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. “Сувязь мы будзем падтрымліваць і далей. Я маю зносіны з трэнерскім складам, мы вядзём размовы, якую тактыку я ставіў спартсмену, каб той не разгубіў уменні, а набыў новыя. Яны за тое, каб я час ад часу прыязджаў на трэніроўкі”.

У 2022 годзе ў Дакары павінны былі прайсці IV Юнацкія Алімпійскія гульні. Антон Лахмастаў марыў, што ў яго выхаванцаў атрымаецца туды адабрацца. На жаль, чакаць прый­дзецца крыху даўжэй: Міжнародны алімпійскі камітэт перанёс спаборніцтвы на 2026 год. Але наўрад ці гэта зламае жаданне трэнера і яго баксёраў.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.Я.Лахмастава.