Час запальваць лёд

- 11:01Спартыўныя падзеі

Навагоднія святы прайшлі, пачынаюцца святы спартыўныя. Учора стартаваў фінальны этап Рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у дывізіёне “А” старэйшай узроставай групы (2003—2005 г.н.). Гэты дывізіён прадстаўляюць каманды гарадоў, якія маюць фізкультурна-спартыўныя збудаванні са штучным ільдом.

Адборачны турнір праводзіўся па ўсёй краіне з кастрычніка 2019 года. У ім удзельнічала 118 каманд і больш за 1,5 тысячы юных хакеістаў! Мінск стаў лідарам па колькасці калектываў — 38. Па выніках усіх матчаў у фінал прайшлі 8 каманд. У групу “А” трапілі “Беркут” (Фрунзенскі раён Мінска), “Сокал” (Горацкі раён Магілёўскай вобласці), “Шахцёр” (Салігорскі раён Мінскай вобласці) і “Прынёманскія ястрабы” (Кастрычніцкі раён Гродна). У групе “Б” сустрэнуцца “Тарнада” (Заводскі раён Мінска), “Наф­танік” (Наваполацк, Віцебская вобласць), “Атлант” (Кобрын, Брэсцкая вобласць) і “Металург” (Жлобінскі раён Гомельскай вобласці).

Спаборніцтвы будуць праходзіць 4 дні на сталічнай “Алімпік-Арэне”. 6 студзеня юныя хакеісты змогуць зрабіць перадышку перад апошнім рыўком і наведаць майстар-клас ад удзельнікаў Каляднага турніру, які таксама пачаўся ў пятніцу. Пераможца вызначыцца 7 студзеня. Фінальны матч запланаваны на 15.00 на “Чыжоўцы-Арэне”. Там жа адбудзецца і гульня за 3-е месца. Дарэчы, калі магчымасці паназіраць за надзеямі беларускага хакея ў жывую няма, то можна ўключыць анлайн-трансляцыю на сайце Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ці YouTube-канале SportClub.Live.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.