“Чаша пазнання” Андрэя Трэя

- 12:12Навіны рэгіёнаў

Самаадукацыя і самаразвіццё — гэтымі двума словамі можна ў поўнай меры ахарактарызаваць дзейнасць настаўніка геаграфіі Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Андрэя Трэя. Андрэй Трэй настаўнічае ўсяго пяць гадоў. За такі даволі кароткі час ён зарэкамендаваў сябе ініцыятыўным, творчым педагогам, змог дасягнуць значных працоўных вышынь. У чым сакрэт яго прафесійнага поспеху?

— Напэўна, у тым, што я свядома падышоў да прафесійнага выбару. Звязаў жыццё з той работай, ад якой сапраўды атрымліваю асалоду. Кожную раніцу я іду ў школу з задавальненнем, — паведаміў Андрэй Айвавіч.

На педагагічную дзейнасць яго натхнілі ўласныя школьныя настаўнікі. Пад іх кіраўніцтвам ён удзельнічаў у розных конкурсах і алімпіядах. У выпускным класе стаў пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі.

— Мне пашанцавала на настаўнікаў. У школе ў мяне былі цудоўныя педагогі, з якіх хацелася браць прыклад. Менавіта школьныя настаўнікі геаграфіі Алена Уладзіміраўна Шаблоўская і Алена Уладзіміраўна Бугаёва захапілі мяне гэтай займальнай навукай, дапамаглі вызначыцца з прафесійнай будучыняй, — расказаў А.А.Трэй.

Педагагічную адукацыю Андрэй Айвавіч атрымаў на факультэце прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Студэнцкія гады праляцелі для яго нібы адно імгненне, бо былі насычаны па­дзеямі. Андрэй Трэй пастаянна прымаў удзел у розных універсітэцкіх мерапрыемствах. Але пра вучобу не забываўся. Старанне і імкненне да максімальнага авалодання педагагічным майстэрствам прынеслі адпаведны вынік. Пасля заканчэння УВА Андрэй Айвавіч атрымаў дыплом з адзнакай і з ахвотай накіраваўся па размеркаванні ў Мяжысецкую сярэднюю школу Магілёўскага раёна. Прыступіўшы да сваіх службовых абавязкаў, зразумеў: з выбарам прафесіі не памыліўся.

— Поўная самааддача любімай справе — мая галоўная ўстаноўка, якая ў любых сітуацыях застаецца нязменнай. І сёння, калі мой прафесійны стаж настаўніка вымяраецца пяццю гадамі, павярні час назад — я ўсё роўна выбраў бы дарогу педагога, таму што любімая праца прыносіць толькі радасць, — гаворыць А.А.Трэй.

Яшчэ адзін працоўны прынцып Андрэя Айвавіча — якаснае і добрасумленнае выкананне любой справы. Свае ўрокі ён будуе так, каб на іх было цікава кожнаму вучню. А яшчэ гэты настаўнік перакананы, што любыя атрыманыя чалавекам веды неабходна выкарыстоўваць у канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Таму галоўнае на занятках гэтага педагога — кампетэнтнасны падыход. Андрэй Айвавіч не проста дае вучням веды. Ён вучыць іх умець прымяняць атрыманыя навыкі ў рэальнасці. Такі метад дазваляе дзецям зразумець, што геаграфія акружае іх усюды ў штодзённым жыцці.

На думку А.А.Трэя, цікавасць вучняў да прадмета напрамую залежыць ад настаўніка. Таму на ўроках ён умела камбінуе сучасныя педагагічныя тэхналогіі і традыцыйныя методыкі навучання. Не менш важнай ён лічыць і практычную накіраванасць заняткаў.

— Вывучаючы тую ці іншую тэму, навучэнцы павінны выразна ўсведамляць, для чаго яны гэта робяць, дзе ў далейшым ім спатрэбяцца атрыманыя веды, — лічыць Андрэй Айвавіч.

Гэты малады педагог шырока выкарыстоўвае на занятках мультымедыйныя, інфармацыйныя тэхналогіі, тэхналогію праблемнага навучання, што дазваляе развіваць інтэлектуальныя здольнасці вучняў, пашыраць іх веды па прадмеце. Кожны ўрок ён прадумвае такім чынам, каб падчас яго дзеці абавязкова даведаліся нешта новае і цікавае.

— Я не баюся эксперыментаваць, выкарыстоўваць розныя методыкі выкладання, улічваючы індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці вучняў. Разам з тым цалкам перакананы: калі настаўнік выдатна валодае прадметам, ведае, пра што гаворыць, — любая методыка дадасца. Упэўнены, што трэба вучыць на занятках не ўсіх дзяцей разам, а кожнага паасобку, — адзначыў Андрэй Айвавіч.

Такім прынцыпам А.А.Трэй кіруецца і ў рабоце з адоранымі навучэнцамі. Гэтай рабоце ён адводзіць асаблівае месца ў сваёй педагагічнай дзейнасці. Сам неаднаразовы ўдзельнік алімпіяднага руху, ён стараецца перадаць свой вопыт маладому пакаленню. Да ўдзелу ў алімпіядах і даследчых конкурсах ён рыхтуе вучняў з дапамогай актыўных метадаў навучання. Андрэй Айвавіч перакананы, што выкарыстанне гэтых метадаў дапамагае вырашыць тры задачы: перанесці частку нагрузкі з педагога на навучэнца, размеркаваць адказнасць за канчатковы вынік паміж навучэнцамі і педагогам у роўнай ступені і павысіць выніковасць адукацыі.

— Вывучаць і выкарыстоўваць актыўныя метады навучання я пачаў яшчэ студэнтам. Доўгі час працаваў над праектамі і грантамі Міністэрства адукацыі і USAID, прымаў удзел у розных даследаваннях. Да пачатку педагагічнай дзейнасці змог напрацаваць значную тэарэтычную і метадалагічную базу ў гэтым кірунку. Таму адразу зацікавіўся магчымасцю яе прымянення пры рабоце з адоранымі навучэнцамі ў алімпіядным і даследчым руху. Дэталёва вылучыў тыя метады актыўнага навучання, прымяненне якіх пры падрыхтоўцы максімальна б стварала сітуацыю поспеху для вучняў у гэтых інтэлектуальных спаборніцтвах. Работа ў такім ключы адразу прынесла станоўчыя вынікі. Аднак бессістэмнае прымяненне асобных актыўных метадаў навучання не прывяло да значнага павышэння эфектыўнасці выступлення навучэнцаў. Менавіта тады я пачаў распрацоўку аўтарскай сістэмы іх выкарыстання, — расказаў А.А.Трэй.

Створаную сістэму работы Андрэй Айвавіч назваў “Чаша пазнання”. Яна ўключае ў сябе дзве мадэлі. Адна накіравана на падрыхтоўку вучняў да ўдзелу ў алімпіядах, другая — да выступлення на даследчых конкурсах. Аднак абе­дзве маюць адну агульнасць. Яны накіраваны не на выкладанне настаўнікам гатовых ведаў, а на самастойнае авалоданне вучнямі ведамі і ўменнямі ў працэсе актыўнай разумовай і практычнай дзейнасці.

— Кожны асобны метад актыўнага навучання выкарыстоўваю для развіцця пэўных навыкаў і ўменняў дзяцей. Так, гульнявое праектаванне дапамагае значна актывізаваць вывучэнне вучэбных тэм, робіць яго больш выніковым з прычыны развіцця навыкаў праектна-канструктарскай дзейнасці навучэнцаў. Гэты метад выкарыстоўваю пры адпрацоўцы заданняў практычнага тура III і IV этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Ён найбольш падыходзіць для такога тыпу заданняў. Прыкладам выкарыстання гульнявога праектавання можа служыць распрацоўка турыстычна-рэкрэацыйных праектаў пры дапамозе SWOT-аналізу. Гульнявое праектаванне цудоўна падыходзіць таксама для падрыхтоўкі да абароны даследчых работ. Навучэнцы, якія выкарыстоўваюць гэты метад, упэўнена адчуваюць сябе ў стрэсавых умовах і спакойна рэалізуюць пастаўленыя перад імі задачы, — патлумачыў А.А.Трэй.

Не менш выніковым актыўным метадам навучання Андрэй Айвавіч называе разыгрыванне роляў. На яго думку, гэты метад найбольш зручны пры вывучэнні палітычнай карты свету і вырашэнні розных заданняў па краіназнаўстве. Дзякуючы размеркаванню тэматычных роляў сярод навучэнцаў, паляпшаецца засваенне кропкавых элементаў, уласцівых кожнай краіне, што мае вялікае значэнне пры падрыхтоўцы да тэставых заданняў.

У падрыхтоўцы да інтэлектуальных спаборніцтваў А.А.Трэй таксама часта выкарыстоўвае экспедыцыйны метад, мазгавы штурм, электроннае мадэляванне. Для зручнасці сваіх вучняў гэты настаўнік распрацаваў аўтарскія электронныя дапаможнікі, адпаведныя агульнай сістэме выбудаванай ім падрыхтоўчай работы.

Прымяненне “Чашы пазнання” прыносіць рэальныя вынікі. За пяць гадоў выкарыстання сістэмы вучні Андрэя Айвавіча заваявалі 72 дыпломы на розных этапах Рэспублікан­скай алімпіяды па геаграфіі. Адметна і тое, што ў 2015 годзе ў вучняў былі пераможныя дыпломы толькі другога этапу алімпіяды, а праз некалькі гадоў яны паспяхова выступалі на заключным туры. Перамогі навучэнцы А.А.Трэя дэманструюць і ў розных даследчых конкурсах.

— Сітуацыя поспеху, якая ствараецца ў выніку прымянення актыўных метадаў навучання, станоўчым чынам уплывае на навучэнцаў. У іх павялічваецца цікавасць да прадмета, назапашваецца багаты вопыт паспяховага выступлення на алімпіядах і конкурсах, выпрацоўваецца сіла волі і гартуецца характар. Усё гэта абавязкова спатрэбіцца дзецям у дарослым жыцці, нават калі яны не звяжуць сваё жыццё з геаграфіяй, — падкрэсліў Андрэй Айвавіч.

Нягледзячы на маладосць, А.А.Трэй ужо выпрацаваў уласную сістэму эфектыўнай педагагічнай дзейнасці. Але ў прафесійным развіцці ён не спыняецца: актыўна ўдзельнічае ў грамадскім педагагічным жыцці, розных конкурсах і мерапрыемствах, выступае з майстар-класамі для калег, выкладае геаграфію для адораных навучэнцаў у абласным профільным аздараўленчым летніку “Алімпіец”. Мэтанакіравана ён ішоў і да таго, каб паўдзельнічаць у конкурсе “Настаўнік года”. Тры гады назад Андрэй Айвавіч атрымаў упэўненую перамогу ў сваёй намінацыі на вобласці, годна выступіў на рэспубліканскім узроўні.

— Тады ўдзел у конкурсе стаў для мяне значнай падзеяй, але засталося пачуццё нейкай недагаворанасці, таму вырашыў паспрабаваць свае сілы яшчэ раз і сёлета зноў увайшоў у лік пераможцаў абласнога этапу. Вядома, зараз карпатліва рыхтуюся да выніковага выступлення. Але галоўным усё ж лічу не гэта. Больш значна, што конкурс дае каласальны вопыт. Дазваляе вызначыць далейшыя шляхі росту для сябе як настаўніка і проста чалавека, — расказаў Андрэй Айвавіч.

…За пяць гадоў плённай настаўніцкай працы А.А.Трэй дасягнуў многага. Але ён і далей мае намер працаваць у рэжыме развіцця і творчага пошуку, бо перакананы: менавіта гэта залог якаснага навучання.

НА ЗДЫМКАХ: дыплом пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” А.А.Трэю ўручае начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама А.Б.Заблоцкі; і на занятках, і ў пазаўрочны час Андрэй Айвавіч заўсёды разам са сваімі навучэнцамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва А.А.Трэя.