Часлава Веньямінаўна Мацур аддала 50 гадоў рабоце ў сістэме адукацыі Пастаўшчыны. Прайшла шлях ад піянерважатай сельскай школы, настаўніцы геаграфіі да намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Потым стала дырэктарам сярэдняй школы № 3 Паставаў і працавала на гэтай пасадзе 14 гадоў.
Яна правяла больш за 22 тысячы ўрокаў. А класных гадзін, пазакласных мерапрыемстваў, бацькоўскіх сходаў… І колькі напісана дакладаў, загадаў, колькі бяссонных начэй было ў яе, калі перажывала за вучня або настаўніка! Цяпер яна на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму з’яўляецца для нас прыкладам сапраўднага настаўніка і цудоўнага чалавека.
З працоўнай біяграфіі
“У верасні 1966 года, даведаўшыся, што не прайшла па конкурсе ў БДУ імя У.І.Леніна, паплакала і звярнулася ў райкам камсамола, каб дапамаглі ўладкавацца на работу. Накіравалі піянерважатай у Жуперскую васьмігодку. Ад маёй роднай вёскі Міхнічы Жуперкі былі далёка, таму я адразу ўладкавалася на кватэру да бабулі Агаф’і. Дадому ездзіла толькі ў выхадныя. Школа была даволі вялікая: адзінаццаць настаўнікаў, у класах па 17—19 вучняў. Узначальваў яе Аляксандр Іванавіч Купцоў (потым ён працаваў намеснікам міністра адукацыі). Калектыў быў дружны, зладжаны. У наступным годзе я паступіла завочна на геафак БДУ, і ўжо тады мне далі гадзіны ў вячэрняй школе, якая ў нас адкрылася. Адразу вяла чарчэнне і рускую літаратуру. А як напісаць канспект урока? Звярнулася да сваёй настаўніцы Марыі Рыгораўны Гаўрыленка, якая ўсё мне растлумачыла, — успамінае Часлава Веньямінаўна. — Я, 19-гадовая настаўніца, заходжу ў клас, а там не дзеці, а дарослыя людзі, стомленыя пасля працоўнага дня. На першым уроку за дзвярыма “на страхоўцы” стаяў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце (я пра гэта не ведала): а раптам не справіцца маладая настаўніца, спужаецца і ўцячэ? Калі я пасля званка выйшла ў калідор, ён радасна прамовіў: “Малайчына, усё ж такі вытрымала!”
Дырэктар
У чэрвені 1990 года Ч.В.Мацур была прызначана дырэктарам сярэдняй школы № 3 Паставаў. Добра памятаю тую першую сустрэчу Чаславы Веньямінаўны з калектывам. Новага кіраўніка прадставіў загадчык аддзела адукацыі М.М.Кішко. Потым даў слова ёй. Яна адказала кароткай фразай: “Будзем працаваць”.
А працаваць у той час было вельмі складана. У школе было больш за 900 вучняў, дзеці часта прыязджалі і выязджалі (гэта быў ваенны гарадок), займаліся ў дзве змены. Да таго ж гэта былі гады дэфіцыту, вельмі слабая матэрыяльная база. Але школа была заўсёды гатова да пачатку навучальнага года. У гэтым Часлава Веньямінаўна бачыць заслугу шэфскіх арганізацый і бацькоўскіх камітэтаў усіх класаў: бацькі пастаянна дапамагалі з рамонтам.
“Чаму я тады згадзілася стаць дырэктарам? — працягвае педагог. — У мяне была трывалая база, таленавітыя, моцныя кіраўнікі, у якіх я вучылася: А.І.Купцоў, Г.І.Рубель, І.І.Кайко, К.І.Бейнаровіч, В.Р.Крэскіян. Што давала палёгку ў тыя напружаныя, цяжкія для мяне гады? Наша дружная чацвёрка — адміністрацыя. Любы мінус у калектыве не спісваўся на кагосьці канкрэтна, а думалі ўсе разам, як вырашыць пытанне, выйсці з той ці іншай сітуацыі”.
Выбар прафесіі
На пытанне, чаму стала настаўнікам, Часлава Веньямінаўна адказала: “Я нарадзілася ў цудоўнай сям’і, дзе выхоўвалі дзяцей так, каб мы толькі дабро рабілі блізкім, суседзям, незнаёмым людзям. Атрымаўшы такі духоўны зарад, хацела раздаваць яго дзецям і ўсяму калектыву. Абараняла кожнага, наколькі магла. Часта з вышыні сваіх пражытых гадоў старалася дапамагчы, параіць у складаных жыццёвых сітуацыях. Ключык ад сэрца вучня — у сям’і. Каб добра, паспяхова працаваць з дзецьмі, трэба ведаць сям’ю. І калі бацькі шчырыя, а настаўнікі — разумныя стратэгі, тады ўсё атрымаецца”.
Часлава Веньямінаўна мае медаль “Ветэран працы”, грамату Міністэрства асветы БССР, каля 30 грамат і падзяк раённага аддзела адукацыі, Віцебскага абласнога камітэта прафсаюзаў.
Часлава МАЦУР: Калектыў школы амалоджваецца. Прыходзяць новыя разумныя і таленавітыя настаўнікі. Мяне ж усе шануюць, за што ўдзячна кіраўніцтву і ўсяму калектыву. Мне было лёгка ісці на работу, лёгка працаваць і шчаслівай вяртацца дадому. Я заўсёды ішла за марай. І не расчаравалася ў сваім выбары.
Слова калегам
Былы дырэктар сярэдняй школы № 3 Паставаў У.Ч.Койра: “Дырэктар Часлава Веньямінаўна Мацур адыграла ў маёй прафесійнай кар’еры вельмі важную ролю. Была маім школьным настаўнікам, строгім, справядлівым, цудоўна ведала свой прадмет. Дырэктарам прыняла мяне, студэнта педінстытута, у школу на практыку. Вялізны, бясцэнны вопыт педагагічнай працы Чаславы Веньямінаўны дапамагаў і мне як кіраўніку, і ўсяму калектыву. Яна ўзор для нас, гордасць. Сваім асабістым прыкладам, адданасцю любімай прафесіі на працягу 50 гадоў дапамагала хлопчыкам і дзяўчынкам станавіцца сапраўднымі людзьмі, грамадзянамі сваёй краіны, прафесіяналамі”.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце С.П.Чабатаронак: “Часлава Веньямінаўна была для нас не толькі мудрым кіраўніком, але і чулым, добрым, адкрытым чалавекам. Яна бачыла і разумела праблемы кожнага, прыходзіла на дапамогу ў самых розных сітуацыях”.
Былы настаўнік сярэдняй школы № 3 Паставаў Я.Б.Пронька: “Часлава Веньямінаўна падтрымлівала ў цяжкія хвіліны. Яна заўсёды была першай, хто прыходзіў на дапамогу. І цяпер перажывае чужую бяду, як сваю. Называе мяне сястрой, для мяне яна таксама любімая сястра”.
Аліна ЛАТЫШ,
настаўніца сярэдняй школы № 3 Паставаў