Часова будзе спрошчаны рэжым перасячэння лініі сутыкнення

Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны спрасціла рэжым перасячэння лініі сутыкнення праз пункты пропуску на Радаўніцу. Аб гэтым па выніках перагавораў ТКГ паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік.

“ТКГ прыняла рашэнне спрасціць рэжым перасячэння лініі сутыкнення праз пункты пропуску на час Радаўніцы, каб жыхары ўсходняй Украіны маглі спакойна і бяспечна наведваць цэрквы і могілкі”, — сказаў дыпламат.

Чакаецца, што адкрывацца пункты пропуску будуць на гадзіну раней, а закрывацца — на гадзіну пазней.

Гэтыя і іншыя пытанні, звязаныя з далейшым умацаваннем рэжыму спынення агню, а таксама агульная сітуацыя ў зоне канфлікту былі прадметам дыскусіі рабочай групы ТКГ па бяспецы. У час перагавораў падкрэслівалася, што для паспяховага забеспячэння перамір’я неабходна няўхільнае выкананне раней узгодненых прынцыпаў, такіх як развядзенне сіл і сродкаў, адводу цяжкага ўзбраення, асабліва з населеных пунктаў.