Фарміраваць у вучняў патрыятызм, устойлівую грамадзянскую пазіцыю, правільны светапогляд. Для педагагічнага калектыву Дзмітрыеўскай сярэдняй школы Клічаўскага раёна гэта адзін з галоўных прыярытэтаў. Для ўзмацнення выхаваўчай работы з моладдзю ва ўстанове адкрылі ваенна-патрыятычны клуб “Сокал”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Выхаванню дзяцей сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны ўдзяляем павышаную ўвагу. Наша навучальная ўстанова мае статус Школы міру. Выбудавана сістэма далучэння вучняў да міратворчасці, захавання гістарычнай памяці. Праз разнастайныя мерапрыемствы фарміруем у дзяцей нацыянальную свядомасць, патрыятычныя пачуцці, сацыяльную актыўнасць. Значнай падзеяй стала стварэнне ваенна-патрыятычнага клуба. Важна, што з ідэяй аб адкрыцці фарміравання выступілі самі вучні, — расказала дырэктар Алена Пятрышына.
Маладзёжную ініцыятыву ў школе ўсебакова падтрымалі. Было наладжана ўзаемадзеянне з раённым аддзяленнем Дэпартамента аховы МУС. Менавіта пад эгідай гэтага ведамства будзе функцыянаваць
ваенна-патрыятычны клуб.
— Супрацоўнікі Дэпартамента аховы будуць праводзіць для вучняў разнастайныя заняткі, лекцыі, майстар-класы. Таксама ў сумесных планах — арганізацыя профільнага аздараўленчага летніка, экскурсіі ў фармаце “адзін дзень з афіцэрамі”, — адзначыла Алена Яўгенаўна.
Курыраваць функцыянаванне клуба “Сокал” будзе настаўнік гісторыі і грамадазнаўства кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Васіль Альшэўскі. Паводле яго слоў, на рэгулярных занятках вучні будуць вывучаць гісторыю, асвойваць асновы страявой, медыцынскай і дапрызыўнай падрыхтоўкі. Удзельнікі аб’яднання будуць весці шэфства над воінскімі мемарыяламі, аказваць пасільную дапамогу ветэранам. Чакаюць навучэнцаў і пастаянныя экскурсіі, паходы. Маршруты падарожжаў пройдуць праз месцы баявой славы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной.
— У перыяд ваеннага ліхалецця Клічаўшчына з’яўлялася цэнтрам узброенай партызанскай барацьбы. За мужнасць і стойкасць у абароне Радзімы горад узнагароджаны адпаведным ганаровым вымпелам. Гераічная гісторыя роднага краю будзе асновай усіх заняткаў. Дзеці павінны з гордасцю і павагай ставіцца да гістарычнага мінулага, да подзвігаў сваіх продкаў. Гэта вучыць іх цаніць мірную сучаснасць, — падкрэсліў Васіль Васільевіч.
Упор педагог плануе рабіць на прыцягненне навучэнцаў да даследчай і пошукавай дзейнасці. Для вучняў гэтая справа не новая. Штогод хлопчыкі і дзяўчынкі тут займаюцца даследаваннямі па аднаўленні імён невядомых салдат Вялікай Айчыннай вайны. Школьнікі з энтузіязмам і цікавасцю працуюць у архівах, вывучаюць інфармацыю на тэматычных электронных рэсурсах, успаміны відавочцаў. Мэтанакіраваны пошук прыносіць адпаведны вынік. Так, сямікласніца Вера Шалай знайшла невядомае раней пахаванне жыхаркі вёскі Усакіна Ганны Коган, якая была расстраляна фашыстамі за яўрэйскае паходжанне. Дзякуючы даследаванням сямікласніка Андрэя Манёнка, удалося ўстанавіць імёны 12 воінаў, якія вызвалялі ў 1943 годзе Дзмітрыеўку. Знойдзеныя звесткі перададзены ў райвыканкам для ўнясення змяненняў на мемарыяльную дошку абеліска з брацкім пахаваннем.
Вера Шалай, як і Андрэй Манёнак, днямі ўвайшла ў склад ваенна-патрыятычнага клуба. Акрамя іх, у аб’яднанне ўступілі яшчэ восем навучэнцаў 7—8 класаў. Вучні з натхненнем прынялі своеасаблівую прысягу, паабяцалі з гонарам несці званне выхаванцаў “Сокала”.
Начальнік аддзела па адукацыі Клічаўскага райвыканкама Алена Несцяровіч:
— Ваенна-патрыятычны клуб у Дзмітрыеўскай сярэдняй школе стаў чацвёртым падобным фарміраваннем у раёне. У шэрагах юных патрыётаў зараз звыш 70 навучэнцаў. Функцыянаванне клубаў ажыццяўляецца ў цесным супрацоўніцтве з рознымі сілавымі ведамствамі. Педагогі плённа ўзаемадзейнічаюць з прадстаўнікамі МНС, РАУС, Дэпартамента аховы, райсавета ветэранаў. Колькасць ваенна-патрыятычных клубаў плануем павялічваць. Да канца навучальнага года свой клуб з’явіцца ў Нясяцкай сярэдняй школе.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара