Чатыры незабыўныя дні

Міністэрства адукацыі сумесна з іншымі міністэрствамі і ведамствамі рэалізуе шмат праектаў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне моладзі. Гэта акцыі і конкурсы, канферэнцыі і злёты, палатачныя і стацыянарныя летнікі. Іх удзельнікі на працягу года вывучаюць малую радзіму, сустракаюцца са сведкамі Вялікай Айчыннай вайны, запісваюць каштоўныя ўспаміны, аднаўляюць забытыя імёны герояў, а таксама ўдасканальваюць пачатковую ваенную падрыхтоўку. Такая работа — адказная, значная, актуальная, таму і ўзнагарода за яе павінна быць адпаведнай. Па традыцыі, лепшых краязнаўцаў і навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнай накіраванасці запрашаюць на тэматычныя злёты ў сталіцу.

Не стала выключэннем і гэтае лета. З 15 па 18 чэрвеня Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства ладзіў злёт юных края­знаўцаў, а з 22 па 25 чэрвеня ў Мінску адпачывалі навучэнцы, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах (класы) ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Сёлетні злёт прахо­дзіў у рамках рэспубліканскай патры­ятычнай акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем”. Правядзенне злёту стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву паміж міністэрствамі адукацыі і абароны. Аднак злёты — гэта толькі частка сумеснай работы. На працягу навучальнага года школьнікі не толькі вывучаюць асновы вайсковай справы, але і ўстанаўліваюць імёны тых, хто загінуў, прапаў без звестак, выяўляюць раней няўлічаныя воінскія пахаванні.

Пра вынікі такой работы ўдзельнікі злёту паведамілі падчас канферэнцыі “І помніць свет уратаваны”. Лепшыя выступоўцы былі ўзнагароджаны дып­ломамі Міністэрства адукацыі. Так, дыплом ІІІ ступені атрымалі Яўген Багданаў з сярэдняй школы № 7 Барысава і Ангеліна Нікалаева з Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, ІІ ступені — Канстанцін Камісараў з сярэдняй школы № 16 Мазыра, І ступені — Дзяніс Казлоў з сярэдняй школы № 9 Слоніма.

Усяго чатыры дні доўжыўся злёт, аднак гэта было вельмі яркае, напоўненае цікавымі падзеямі маленькае жыццё. Разам каманды прайшлі дарогамі пазнання, спаборніцтваў, суперажывання. Памятнымі сталі ўрачыстае адкрыццё злёту на мемарыяльным комплексе Алеі Герояў, знаёмства з экспазіцыяй Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі. І, канечне, незабыўным для ўсіх стала знаёмства ў рамках конкурсу візітовак каманд. Журы адзначыла адметнасць усіх нумароў, настолькі цікава каманды прадстаўлялі сябе і свой рэгіён. Насычанай была адукацыйная экскурсія па Мінску, наведванне храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Незабыўна прайшоў конкурс-агляд строю і песні з наведваннем Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, пасля чаго чакала канферэнцыя. Канечне ж, ваенна-спартыўная гульня “Зарніца” — цэнтральная падзея злёту. Спаборніцтва было настолькі захапляючым, наколькі і складаным, асабліва ва ўмовах спякотнага надвор’я. Далей чакалі наведванне кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл, квест-віктарына “Старонкі ваеннай гісторыі”, конкурс баявых лісткоў “Мужнасць. Доблесць. Гонар”.

“Гэтыя чатыры дні праляцелі хутка, аднак яны былі для вас і нас, педагогаў, выпрабаваннем, бо прырода паставіла ў такія ўмовы, што вытрымаць нагрузкі падчас спёкі было складана, давялося нават унесці карэктывы ў праграму “Зарніцы”. Кожны з вас марыц­ь вярнуцца дадому з перамогай. Аднак усе вы ўжо пераможцы, вы лепшыя ў сваіх рэгіёнах. Усе моц­ныя, таму выбраць лепшых для журы было складана. Толькі са­праўдны педагог, настаўнік і сябар для вучняў, можа прывесці каманду да вынікаў. Выдатныя выступленні — гэта ваша заслуга, педагогі”, — звярнулася да ўдзельнікаў злёту дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.

Тое, што ў агульнакамандным заліку пераможцай стала каманда Мінска, няма нічога сенсацыйнага. Многія гады ёй кіруе Генадзь Мечыслававіч Куліцкі. Яго выхаванцы з сярэдняй школы № 209 Маскоўскага раёна сталіцы рэгулярна ўдзельнічаюць у гарадскіх і рэспубліканскіх спаборніцтвах “Зарніцы”, займаюць там 1-я месцы. Паколькі асноўная конкурсная частка злёту якраз і нагадвала “Зарніцу”, то нядзіўна, што ўдзельнікі клуба “Патрыёт” з 209-й школы адчувалі сябе ўпэўнена. Праўда, сёлета ў “Зарніцы” яны ўсё ж уступілі моцнай камандзе сярэдняй школы № 9 Слоніма, якая ў агульнакамандным заліку стала другой. 3-е месца ў каманды з сярэдняй школы № 16 Мазыра.

Па словах Генадзя Мечыслававіча Куліцкага, каманда 209-й школы з’яўляецца самым старэйшым удзельнікам рэспубліканскіх злётаў і становіцца іх пераможцай ужо пяты раз. У школе наладжана эфектыўная сістэма падрыхтоўкі. З малодшымі школьнікамі працуюць іх старэйшыя таварышы, тым самым многія гады захоўваецца пераемнасць пакаленняў. Дапамогу ў ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі ўстанове адукацыі аказвае Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі Маскоўскага раёна Мінска. Акрамя таго, у школе ёсць неабходная база для правядзення якасных заняткаў па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. Хоць асноўным напрамкам дзейнасці клуба “Патрыёт” з’яўляецца спартыўны складнік ваенна-патрыятычнага выхавання, значная ўвага ў­дзяляецца і пошукавай рабоце, што пацвердзіла выступленне Арцёма Штольца на канферэнцыі “І помніць свет уратаваны”.

Калі цэнтральнай падзеяй злёту навучэнцаў аб’яднанняў ваенна-патрыятычнай накіраванасці стала “Зарніца”, то для юных краязнаўцаў гэта была канферэнцыя “Таямніцы малой радзімы”. Менавіта яна дазволіла азнаёміць і журы, і прадстаўнікоў іншых каманд з вынікамі вучнёўскіх даследаванняў. Напрыклад, вучань сярэдняй школы № 164 Мінска Аляксей Дзякан паведаміў пра гісторыю трэцяй клінічнай бальніцы і лёс яе гераічнага персаналу падчас Вялікай Айчыннай вайны, у прыватнасці, падпольшчыкаў прафесара Яўгена Уладзіміравіча Клумава, імя якога і носіць цяпер бальніца, медсясцёр Вікторыі Фёдараўны Рубец і Юліі Іванаўны Сямашка. Аляксей паведаміў і пра малавядомыя факты з жыцця Пятра Восіпавіча і Зінаіды Мікалаеўны Мурашка. Як паказала апытанне, праведзенае юным краязнаўцам сярод школьнікаў, не ўсе ведаюць імя Клумава, аднак амаль усе хацелі б больш даведацца пра лёс мужных дактароў і медсясцёр. Таму гэтая тэма чакае новых даследчыкаў.

Разам з Аляксеем пераможцай канферэнцыі стала вучаніца сярэдняй школы № 2 Ашмян Марыя Гадлеўская. Дзяўчына паведаміла пра нядоўгае, але яркае жыццё мастака Юльяна Карчэўскага, яго ўплыў на творчасць розных мастацкіх школ. Каманду Гродзенскай вобласці прадстаўляла яшчэ адна вучаніца 2-й ашмянскай школы — Хрысціна Спенцыян, якая расказала пра ролю Крыштофа Дарагастайскага ў развіцці кніга­друкавання на Беларусі. Дзяўчына з’яўляецца пераможцай абласных, рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцый, а таксама пераможцай Абласной алімпіяды па грамадазнаўстве. Яна ўжо трэці раз удзельнічала ў злёце юных краязнаўцаў. Чаму менавіта края­знаўства стала яе захапленнем?

“Асаблівасць краязнаўства заключаецца ў тым, што вельмі часта ім займаюцца звычайныя падлеткі, у якіх няма якіх-небудзь прафесійных навыкаў, але ёсць вялікая любоў да сваёй справы. Іх работы грунтуюцца на непадробленай цікаўнасці і ўласным энтузіязме. Тэмы, якія яны выбіраюць, хвалююць саміх юных краязнаўцаў: гісторыі і традыцыі сваякоў, мясціны дзяцінства, з якімі звязаны цёплыя ўспаміны. Дзякуючы такім злётам мы можам дзяліцца вынікамі сваіх доўгіх даследаванняў, прыцягвац­ь увагу да пытанняў, якія ўзнімаюцца ў нашых работах. Удзел у злёце юных края­знаўцаў — гэта карысны вопыт, бо мы даведваемся шмат цікавага, знаёмімся з новымі людзьмі, наведваем экскурсіі”, — падзялілася дзяўчына.

Па выніках злёту каманда сярэдняй школы № 2 Ашмян, у склад якой, акрамя Марыі і Хрысціны, уваходзілі навучэнцы Ула­дзіслаў Мінкевіч, Максім Ганевіч, Маргарыта Трутко і педагог Святлана Іосіфаўна Станкевіч, у рэйтынгу стала лепшай. Ашмянцы атрымалі чатыры дыпломы І ступені, дыплом ІІІ ступені Міністэрства адукацыі і дыплом Рэспублікан­скага цэнтра экалогіі і краязнаў­ства. Больш падрабязна са спісам удзельнікаў злётаў і пераможцамі іх конкурсаў можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Адпачынак у сталіцы стаў цудоўнай узнагародай для таленавітых хлопцаў і дзяўчат, неабыякавых да мінулага, сучаснасці і будучыні нашай краіны. Калі падчас канферэнцыі слухаеш іх аповеды пра выдатных землякоў, сабраныя ў выніку пошукавай работы, назіраеш, з якой гордасцю яны ўскладаюць кветкі на Алеі Герояў, як уважліва слухаюць аповед экскурсавода пра ваенную гісторыю Беларусі, як, нягледзячы на спёку, мужна пераадольваюць этапы “Зарніцы”, то разумееш сапраўднае значэнне патрыятызму. Патрыятызм — гэта не проста слова. Гэта пачуццё, якое падмацоўваецца канкрэтнымі справамі на карысць Айчыны.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва РЦЭіК.