Паспяхова для Беларусі завяршылася 30-я Міжнародная алімпіяда па біялогіі IBO-2019. Нашу каманду прадстаўлялі чатыры чалавекі, і ўсе яны вярнуліся з медалямі.
У гэтым годзе 30-я Міжнародная біялагічная алімпіяда праходзіла з 14 па 21 ліпеня ў горадзе Сегед (Венгрыя). У інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел 285 навучэнцаў старшых класаў сярэдніх школ з больш чым 70 краін свету.
Міжнародная біялагічная алімпіяда (IBO) — навуковае спаборніцтва для школьнікаў не малодшых за 15 гадоў. Праводзіцца штогод з ліпеня 1990 года. Кожная краіна-ўдзельніца можа даслаць каманду з 4 чалавек, пераможцаў біялагічнай нацыянальнай алімпіяды, і 3 кіраўнікоў.
Усе ўдзельнікі ацэньваюцца індывідуальна. Ацэньванне грунтуецца на выніках тэарэтычнага і практычнага тураў у некалькіх асноўных раздзелах біялогіі: клеткавая біялогія, малекулярная біялогія, анатомія і фізіялогія раслін, анатомія і фізіялогія жывёл і чалавека, эталогія, генетыка і эвалюцыя, экалогія, біясістэматыка.
Залатыя медалі атрымліваюць лепшыя 10% удзельнікаў, сярэбраныя — наступныя 20% удзельнікаў, бронзавыя медалі ўручаюць наступным 30% удзельнікаў.
І вось нашы героі. Даніэль Трухан, выпускнік гімназіі № 18 Мінска, стаў уладальнікам сярэбранага медаля.
Бронзавыя медалі атрымалі Кацярына Камінская, выпускніца гімназіі № 10 Мінска, Антон Кацуба, выпускнік Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Уладзіслаў Палічэнка, выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3.
Кіраўнікамі нацыянальнай каманды выступілі выкладчыкі біялагічнага факультэта БДУ — дацэнт кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі Аксана Несцерава і навуковы супрацоўнік НДЛ біятэхналогіі кафедры мікрабіялогіі Сяргей Галенчанка.
Самыя моцныя школьнікі прыязджаюць з ЗША і Паўднёва-Усходняй Азіі. Гэта Кітай, Тайвань, Сінгапур, Паўднёвая Карэя, Японія. Сёлета на першых пазіцыях турнірнай табліцы — прадстаўнікі Кітая, Амерыкі, Южнай Карэі, Сінгапура. Ва ўсіх гэтых краінах распаўсюджаны інтэрнаты і спецшколы для адораных школьнікаў. Азіяцкія дзеці могуць цэлы год займацца толькі падрыхтоўкай да выступлення на міжнароднай алімпіядзе.
Заданні міжнароднай алімпіяды рыхтуюць прадстаўнікі краіны-арганізатара. Сёлета інтэлектуальныя спаборніцтвы традыцыйна праходзілі ў два туры. Практычны тур складаўся з 4 лабараторных кабінетаў, заданні кожнага з іх — каля 20 старонак. На пытанні тэарэтычнага тура школьнік павінен адказаць, прааналізаваўшы тэкст, графікі і малюнкі. 100 такіх пытанняў распісаны прыкладна на 100 старонках. Афіцыйная мова міжнароднай алімпіяды — англійская, таму ўмовы заданняў перакладаюць кіраўнікі каманд. Каб выключыць уцечку інфармацыі і магчымыя падказкі, суправаджаючыя педагогі і школьнікі не бачацца і не могуць мець зносін адразу пасля цырымоніі адкрыцця і да завяршэння другога тура.
Спачатку алімпіяднікі выконвалі 4 блокі практычных заданняў — нейрабіялогія і біяінфарматыка; біяхімія; анатомія жывёл і раслін, сістэматыка і экалогія; малекулярная біялогія і фізіялогія жывёл. Кожны блок доўжыўся 90 хвілін.
Асноўная мэта гэтага тура (па крытэрыях міжнароднага журы) — ацаніць і параўнаць:
1) здольнасць навучэнцаў выкарыстоўваць звычайныя лабараторныя і біялагічныя метады:
— вымярэнне (аб’ём / маса / напружанне);
— светлавая мікраскапія;
— спектрафатометры;
— гель-электрафарэз;
— рассяканне;
— ідэнтыфікацыя па ключы;
2) здольнасць вучняў атрымліваць, апрацоўваць і візуалізаваць лікавыя даныя.
3) навыкі мыслення і вырашэння праблем навучэнцаў:
— фармуляванне, праверка і адхіленне гіпотэзы;
— індуктыўныя, дэдуктыўныя і карэляцыйныя развагі;
— крэатыўнасць і планаванне эксперымента.
Затым адбыўся тэарэтычны тур, у якім трэба было рашыць, як ужо згадвалася вышэй, 100 тэставых пытанняў з самых розных раздзелаў біялогіі. Падчас алімпіяды яе ўдзельнікі прынялі ўдзел у навуковых семінарах па біялогіі і наведалі вядомыя гістарычныя помнікі і славутасці Венгрыі.
У склад нацыянальнай зборнай каманды нашай краіны ўвайшлі пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія” ў 2018/2019 навучальным годзе. Акрамя таго, усе яны прайшлі праз два этапы падрыхтоўчых збораў, якія штогод арганізуе Міністэрсва адукацыі на базе біялагічнага факультэта БДУ.
Наступная, 31-я, Міжнародная алімпіяда па біялогіі пройдзе ў 2020 годзе ў Нагасакі (Японія).
Вольга ДУБОЎСКАЯ.