Чэлендж як інструмент адукацыі

Як захапіць вучняў айчынным і сусветным мастацтвам? Ёсць рашэнне! Зрабіць вывучэнне мастацтва не сумным, а модным, пазітыўным і, галоўнае, эфектыўным дапаможа такі прыём, як чэлендж.

Даслоўна challenge азначае “выклік” у тым сэнсе, што чалавек выклікае сам сябе ці іншага чалавека здзейсніць пэўны ўчынак. Чэлендж часцей за ўсё азначае якое-небудзь складанае заданне, якое трэба выканаць.

Першапачаткова чэлендж быў папулярнай забавай у сетцы інтэрнэт, а зараз актыўна ўваходзіць у педагогіку як сродак матывацыі і актывізацыі вучняў да пазнаваўчай дзейнасці. Калі ў сацыяльных сетках падлеткаў большасць заданняў носіць забаўляльны характар, то ў педагогіцы яны дапамагаюць дасягнуць адукацыйнай і выхаваўчай мэт.

Убачыўшы аднойчы ў сацыяльнай сетцы акцыю па мастацтве, педагогі і вучні Навагрудскай спецшколы-інтэрната натхніліся гэтай ідэяй і наладзілі свой чэлендж #фотаадказжывапісу ў групе “Піянерская дружына імя Л.Пашынскага” ў сацсетцы “УКантакце”. Акцыя арганізавана наступным чынам: па-першае, была выбрана тэма “Айчынны і сусветны жывапіс”, па-другое, вучням неабходна было зрабіць своё фота на аснове сюжэта знакамітага мастака, па-трэцяе, трэба было скласці калаж  з атрыманых фотаздымкаў. У рабоце важна было праяўляць фантазію, крэатыўнасць, гумар. Вучні 2—10 класаў пад кіраўніцтвам педагогаў з энтузіязмам выконвалі заданне пад хэштэгам #фотаадказжывапісу, у іх атрымаліся цікавыя творчыя работы.

Чэлендж у адукацыі мае вялікія перспектывы. Гэты від работы з выхаванцамі прымяняецца як у рамках вывучэння школьных прадметаў, так і ў пазакласнай рабоце. Такія заданні дапамагаюць зрабіць працэс адукацыі цікавым і крэатыўным.

Ірына ГАВАРОЎСКАЯ,
настаўніца айчыннай і сусветнай мастацкай культуры Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната.