Чэмпіянат юных інтэлектуалаў

Больш за сотню юных магілёўскіх эрудытаў сабраў чэмпіянат вобласці па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў.

Фота да матэрыяла: Чэмпіянат юных інтэлектуалаў.Чэмпіянат праводзіцца пастаянна на працягу чатырнаццаці гадоў, нязменна выклікаючы цікавасць у хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў Магілёўшчыны. Сёлета ў абласны цэнтр творчасці, які з’яўляецца галоўным арганізатарам спаборніцтва, з’ехаліся 39 каманд з устаноў адукацыі агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі з Бялыніч, Бабруйска, Кіраўска, Касцюковіч, Крычава, Асіповіч, Слаўгарада і Слаўгарадскага раёна, Магілёва і Магілёўскага раёна.

Праграма спаборніцтва выдалася вельмі насычанай і рознабаковай. Адкрыўся турнір аўтарскай гульнёй “Куточак Беларусі”, прысвечанай Году малой радзімы. Яе распрацавала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце абласнога Цэнтра творчасці, рэгіянальны прадстаўнік грамадскай арганізацыі “Беларуская ліга інтэлектуальных каманд” па Магілёўскай вобласці Вольга Марозава. Далей усім удзельнікам традыцыйна прапанавалася прайсці тры заліковыя гульні. Гэта гульні “Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынг” і “Свая гульня”.

Барацьба была напружанай. Сярод удзельнікаў было нямала тых, хто гуляў не першы раз. Гэта каманды клуба інтэлектуальных гульняў “Эрудыт” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска, клуба інтэлектуальных гульняў “Версія” сярэдняй школы № 8 Крычава, Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Васьковіцкай сярэдняй школы і іншыя. Свае веды правяралі і пачаткоўцы. Для некаторых дэбют стаў паспяховым. Так, дружына “Мантэск’ё” шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва стала лепшай дзіцячай камандай у “Сваёй гульні” і гульні “Што? Дзе? Калі?”. Прадстаўнікі каманды “У джазе толькі…” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска выйшлі ў фінал “Брэйн-рынга” і апынуліся ў адным кроку ад прызавога месца, саступіўшы перамогу больш дасведчаным сапернікам з Магілёва.

Па выніках усіх гульняў на чэмпіянаце не было роўных выхаванцам магілёўскага шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” на чале з трэнерам Аляксандрам Караткевічам. У прызёры выйшла таксама каманда кіраўскага клуба “Эрудыт” раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Ігара Лукашова. Усяго юныя інтэлектуалы разыгралі 9 камплектаў медалёў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.