Чэмпіён лігі “КВЗ.бел” — каманда школьнікаў

- 10:32Адукацыйная прастора

Каманда “Гравіці Фолз” з сярэдняй школы № 34 Магілёва стала чэмпіёнам адзінай афіцыйнай лігі КВЗ у Беларусі.

У фінале “КВЗ.бел” за чэмпіёнскае званне змагаліся шэсць каманд. “Гравіці Фолз” была адзінай, у складзе якой былі школьнікі.

— Наша каманда ўзнікла ўсяго год назад. Адметна, што ў яе скла­дзе толькі дзяўчынкі. Чатыры вучаніцы 6 класа — Аліна Фурсава, Марыя Іўчына, Кацярына Рагачова, Варвара Вырвіч. Яны выступаюць на сцэне. І дзве дзесяцікласніцы — Паліна Есіпава і Аліна Яцынава. За імі закуліснае дзейства, — расказаў кіраўнік каманды педагог-арганізатар сярэдняй школы № 34 Магілёва А.Л.Хадыка.

Паводле яго слоў, першапачаткова ідэя стварэння такой каманды была своеасаблівым эксперыментам. Таленавітым навучэнкам хацелася паспрабаваць гуляць у КВЗ.

— Але потым аказалася, што дзіцячы погляд на дарослы гумар, нашы арыгінальныя жарты падабаюцца гледачу. З моманту стварэння каманда адразу стала выступаць, і ўсюды даволі паспяхова. За год у нас было дастаткова значных перамог. Сярод іх — чэмпіёнства Магілёўскай абласной лігі 2020 года, 3-е месца ў абласным чэмпіянаце сярод школьных каманд. У вясновым Кубку мінскай школьнай лігі КВЗ гэтага года мы занялі 2-е месца, — расказаў Андрэй Леанідавіч.

Чарговым дасягненнем каманды “Гравіці Фолз” стаў чэмпіёнскі тытул афіцыйнай лігі КВЗ Беларусі “КВЗ.бел”. Да гэтых выступленняў удзельнікі каманды старанна рыхтаваліся. Рэпетыцыі праходзілі некалькі разоў на тыдзень. Дзяўчынкі гулялі ў размінку, адточвалі выступленне на сцэне, таму перамога не была для іх чымсьці нечаканым. А вось прыз у намінацыі “Міс гульні” стаў прыемным сюрпрызам.

— Гульня ў КВЗ — гэта значны жыццёвы вопыт для дзяцей. Не толькі ў тым плане, што яны могуць адтачыць свае творчыя навыкі: навучыцца ўпэўнена стаяць на сцэне, спяваць, танцаваць, жартаваць. Яны пачынаюць разумець важнасць пачуцця гумару. Дзеці перастаюць саромецца, вучацца прымаць сябе, лепш сацыялізуюцца ў грамадстве, — падкрэсліў А.Л.Хадыка.

У планах “Гравіці Фолз” — працяг­ваць пісаць жарты і гуляць у КВЗ. Каманда прайшла ў сёлетні сезон Віцебскай абласной лігі, таму ўжо ў найбліжэйшы час яе чакаюць новыя выступленні. Ёсць у каманды і грандыёзная мара — паездка на дзіцячы фестываль КВЗ у Анапе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.