Чэнстахова: паспяхова!

Бліскучую перамогу надоечы прывёз з Польшчы ўзорны дзіцячы хор гімназіі-каледжа імя І.В.Ахрэмчыка. Беларусы заваявалі І прэмію на VII Міжнародным фестывалі харавой музыкі ў польскім горадзе Чэнстахова, абышоўшы па майстэрстве шэсць калектываў з Чэхіі і Польшчы.

Мастацкі кіраўнік хору Марыя Ліпніцкая адзначае, што паездка ў Чэнстахова стала сур’ёзным выпрабаваннем для калектыву. Па-першае, ужо само месца правядзення фестывалю — горад Чэнстахова, які з’яўляецца духоўнай сталіцай Польшчы, дзе знаходзіцца адна з самых галоўных каталіцкіх і праваслаўных святынь — абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, паводле падання напісаны евангелістам Лукой, — міжволі выклікала трапятанне і хваляванне. Па-другое, Польшча, як вядома, славіцца на ўвесь свет сваімі магутнымі традыцыямі харавых спеваў, што зноў-такі звязана з прывучэннем дзяцей там хадзіць да касцёла з самага ранняга ўзросту. А значыць, спадзявацца на нейкае патуранне з боку журы конкурсу ў гэтай краіне ніяк не выпадала, тым больш што ў склад журы ўваходзілі прафесары польскіх кансерваторый і святары. Нарэшце, па-трэцяе, у адрозненне ад многіх ранейшых сваіх паездак на гэты раз Марыя Ліпніцкая выпраўлялася са сваімі выхаванцамі на конкурс, нічога не ведаючы пра канкурэнтаў, а імі аказаліся пераважна дарослыя харавыя калектывы з Польшчы і Чэхіі фактычна прафесійнага ўзроўню. Натуральна, ведалі беларусы толькі пра ўмовы гэтага творчага спаборніцтва — выканаць творы розных жанраў і стыляў (эпох Адраджэння і рамантызму, а таксама творы сучасных кампазітараў, прысвечаныя Дзеве Марыі). Адпаведна, у конкурснай праграме фестывалю ў Чэнстахове хор гімназіі-каледжа імя І.В.Ахрэмчыка праспяваў Hodie Christus factus est італьянскага кампазітара эпохі Адраджэння Джавані П’ерлуіджы да Палестрына, Abendlied нямецкага кампазітара Ёзэфа Райнбергера і два сучасныя праваслаўныя творы — “Святы Божа” Лесі Дычко і “Совет превечный” Паўла Часнакова, выклікаўшы сапраўдны фурор і заваяваўшы 1-е месца. Акрамя выступлення ў рамках конкурсу, беларусам давялося яшчэ вакальна суправаджаць імшу ў базіліцы манастыра ордэна паўлінаў на Яснай Гары, дзе знаходзіцца абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, а таксама прыняць удзел у адмысловай вечарыне (у палякаў такое мерапрыемства называецца “Інтэграцыя”), калі ўсе харавыя калектывы — удзельнікі фестывалю па чарзе спявалі “сваё”. Марыя Ліпніцкая прыгадвае, што яе выхаванцаў польская публіка менавіта чакала і доўга не хацела адпускаць са сцэны.
— Гэта было так прыемна, так захапляльна! — дзеліцца эмоцыямі кіраўнік хору. — Такі гарачы прыём нашага калектыву вельмі натхняў дзяцей. Яны без падказкі ведалі, што рабіць, як спяваць, як паводзіць сябе на сцэне…
Дарэчы, І прэмія на VII Міжнародным фестывалі харавой музыкі ў Чэнстахове — гэта далёка не першая перамога ўзорнага дзіцячага хору гімназіі-каледжа імя І.В.Ахрэмчыка на міжнародных пеўчых конкурсах. Пачынаючы толькі з 2006 года, калі хор узначаліла Марыя Ліпніцкая, выхаванка яго заснавальніцы і сваёй настаўніцы Галіны Рыгораўны Цітовай і — ужо ў Акадэміі музыкі — славутага прафесара Віктара Уладзіміравіча Роўды, калектыў станавіўся лаўрэатам І прэміі IX фестывалю сакральнай песні Łapskie Te Deum у Лапах (Польшча, 2006 год), уладальнікам гран-пры XII фестывалю рэлігійнай песні Psallite Deo ў Кентах (Польшча, 2009 год), ІІІ прэміі на XXXIII харавым конкурсе імя Г.Дзімітрава ў Варне (Балгарыя, 2011 год), ІІ прэміі на XXXI Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы (Польшча, 2012 год), II прэміі на Міжнародным фестывалі духоўнай музыкі “Магутны Божа” (Беларусь, 2013 год), І прэміі на XII Міжнародным фестывалі харавой музыкі імя Фелікса Нававейскага ў Барчэве (Польшча, 2013 год).
Ужо прыцмелым кастрычніцкім вечарам я гутару з Марыяй Ліпніцкай у яе кабінеце ў гімназіі-каледжы імя І.В.Ахрэмчыка і прашу яе назваць тры самыя галоўныя ў яе разуменні рэчы адносна ўзорнага дзіцячага харавога калектыву, якім яна кіруе.

— Па-першае, гэта рэпертуар, — крыху падумаўшы, пачынае пералічваць Марыя Анатольеўна. — У рэпертуары нашага калектыву пераважаюць творы высокай ступені складанасці — 4—6-галосныя партытуры, з выкарыстаннем сродкаў сучаснай кампазітарскай тэхнікі, складаных і ў тэхнічным засваенні, і ў спасціжэнні мастацкага вобраза. Я імкнуся вельмі старанна падыходзіць да выбару рэпертуару, як і вучыла мяне ў свой час Галіна Рыгораўна Цітова. Вялікае месца ў нашым рэпертуары займае духоўная музыка acapella, якая, мне здаецца, найбольш здольна выхоўваць дзяцей і ў музычным, і ў чыста чалавечым плане. Больш за тое, калі мы доўга такую музыку з тых ці іншых прычын не спяваем, дзеці самі пачынаюць па ёй сумаваць і просяць: “А давайце паспяваем”. Акрамя таго, вялікую ўвагу мы ўдзяляем беларускай музыцы — найперш беларускім народным песням. Іншы раз нават самі сабе здзіўляемся: “Як жа нам падабаецца спяваць сваё!” Супрацоўнічаем таксама з маладымі беларускімі кампазітарамі Вольгай Вараб’ёвай і Кацярынай Гігевіч. А некалькі песень, напісаных спецыяльна для нашага хору яшчэ ў 80—90-х гадах Уладзімірам Дамарацкім, даўно ўжо сталі нашымі фірменнымі фішкамі. У рэпертуары таксама прадстаўлена заходнееўрапейская музыка — творы эпохі Адраджэння, барока, класіцызму і рамантызму, руская класіка (найперш — рамансы Рахманінава), творы кампазітараў ХХ—ХХІ стагоддзяў розных нацыянальных школ.

— Па-другое, — працягвае разважаць Марыя Ліпніцкая, — гэта вялікая вакальная работа з дзецьмі, менавіта вакальнае выхаванне будучых артыстаў і дырыжораў хору. Я лічу, што дырыжор, хормайстар — гэта ў першую чаргу настаўнік спеваў. Што тычыцца метадаў работы з голасам, то я абапіраюся на традыцыі італьянскай пеўчай школы, надаючы першараднае значэнне так званай апоры ў спевах, нізкаму дыханню, спевам ва ўстойлівым становішчы, гукавому эталону (паўнаце і натуральнасці гучання голасу на ўсім дыяпазоне, камфортным гукавым адчуванням і г.д.). Вельмі важна таксама, каб спевы і ўвогуле паводзіны дзяцей на сцэне былі асэнсаваныя і праўдзівыя.
Тут Марыя Анатольеўна робіць паўзу і, усміхаючыся, кажа: “Канечне, я магла б гаварыць яшчэ доўга пра метады, прынцыпы сваёй работы і ніяк не ўклалася б у тры галоўныя рэчы… Іх насамрэч вельмі многа — і базавых рэчаў, і розных тонкасцей і нюансаў. Але калі паспрабаваць вылучыць нешта трэцяе, базавае і галоўнае, то я назвала б добрую і надзейную чалавечую закваску, якую дае дзіцяці хор. Немагчыма спяваць у хоры, калі ты не слухаеш іншага, калі ты не адчуваеш таго, хто стаіць з табой побач і спявае тое ж, што спяваеш ты. Уся наша работа і ўсе нашы дасягненні — гэта і ёсць вынік такога вось прыслухоўвання адно да аднаго, пастаяннай узаемападтрымкі і ўзаемадапамогі, бясконцых добразычлівых падказак адно аднаму. Прычым гэта тычыцца і саміх дзяцей, і мяне як педагога і дырыжора. Са свайго боку я стараюся паважліва ставіцца да кожнай дзяўчынкі — удзельніцы нашага калектыву, выдатна разумеючы, што ніякі дырыжор не адбыўся б без самога хору. Што тычыцца маіх выхаванцаў, я вельмі спадзяюся і веру, што яны і ў сваім дарослым жыцці будуць даражыць такімі якасцямі, як любоў, сяброўства, падтрымка, дысцыпліна, адказнасць, працавітасць, справядлівасць, уважлівасць, — тое, чаму вучыць іх хор у гімназіі-каледжы імя І.В.Ахрэмчыка.

Мікола ЧЭМЕР.