Cher ami, мы былі салдатамі

- 13:55Родная земля

Калі пра такія буйныя беларускія гарады, як Брэст, Пінск, Гомель, многія французскія вучні, можа, і не чулі, то пра вёскі Студзёнка і Брылі ведаюць дакладна. Менавіта ў ваколіцах гэтых населеных пунктаў 200 гадоў назад іх землякі ў складзе напалеонаўскай арміі перапраўляліся цераз Бярэзіну. З таго часу назва ракі з’яўляецца для жыхароў Францыі сінонімам адвагі, мужнасці, гераізму і трагізму адначасова. А што значаць падзеі пачатку ХІХ стагоддзя для навучэнцаў і педагогаў Барысаўскага раёна, на тэрыторыі якога была пастаўлена кропка ў вайне 1812 года? Як ва ўстановах адукацыі Барысаўшчыны захоўваецца памяць пра герояў мінулых эпох?

Мы не волаты

Летні дзень, спёка амаль 30 градусаў. Некалькі хвілін на адкрытым паветры — і з цябе ўжо ліюцца ручаі поту. Але гэта яшчэ што… Уявіце, калі б у такое надвор’е нам давялося апрануць мундзір цёмна-зялёнага колеру з грубай тканіны, штаны, чорны ківер, кірзавыя боты, ускінуць на плечы скураны рукзак, патранташ, парахаўніцы і цяжкую, амаль у 4 кілаграмы, вінтоўку і адправіцца ў баявы паход. Цікава, колькі б у такім салдацкім абмундзіраванні пратрымаўся сучасны сярэднестатыстычны офісны работнік? Напэўна, некалькі хвілін, а больш мужныя і вынослівыя людзі, хто, напрыклад, займаецца ў барысаўскім клубе ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Віцебскі пяхотны полк”, — некалькі гадзін. Скінуўшы гэтую нязручную вузкага пакрою ўніформу, мы б абавязкова прынялі прахалодны душ, адпачнулі гадзінку-другую, а потым з гонарам гаварылі сваім знаёмым і сябрам: “Вось, я амаль што салдат 1812 года!”.
Калі б гэтую пахвальбу пачуў прадстаўнік далёкага ХІХ стагоддзя, то адказаў бы на яе прыкладна такімі словамі: “Волаты не вы… Сапраўдныя героі ў чэрвені 1812 года фарсіравалі Нёман або ўзводзілі знакамітыя барысаўскія Батарэі. А гэта так — забаўкі”. Забаўкі ці не забаўкі?.. Пра гэта нам раскажуць уніфармісты з ліцэя Барысава і Барысаўскага гарадскога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Адбудзецца гэта крыху пазней, а пакуль што наведаем беларускамоўную гімназію № 2 Барысава, дзе нядаўна пад кіраўніцтвам дырэктара Пятра Рыгоравіча Васькоўскага, яго намесніка па вучэбнай рабоце Вольгі Мікалаеўны Вафінай была адкрыта экспазіцыя, прысвечаная падзеям вайны 1812 года на Барысаўшчыне.

Спрэчныя пытанні

Сучасныя навукоўцы, даследчыкі, гісторыкі, аматары-краязнаўцы па-рознаму ацэньваюць ваенныя падзеі 1812 года. Нехта, прытрымліваючыся традыцыі ў гістарыя-графіі, называе вайну Айчыннай, іншыя лічаць яе грамадзянскай, паколькі беларусы змагаліся як на баку расійскай арміі, так і на баку напалеонаўскіх войскаў (у асноўным шляхта, якая марыла пра адраджэнне ВКЛ). Нават падзеі, якія яшчэ ў нядаўнім мінулым амаль ва ўсіх падручніках, навуковых работах ацэньваліся адназначна і бясспрэчна, цяпер разглядаюцца ў розных ракурсах.
Не будзем паглыбляцца ў аналіз падзей таго часу, гэта справа навукоўцаў, у распараджэнні якіх архіўныя дакументы. Мы ж паспрабуем засяродзіць увагу на тых рысах характару, што былі ўласцівы салдатам і афіцэрам як расійскай, так і французскай армій. Менавіта гэтыя рысы дапамагаюць барысаўскім педагогам выхоўваць у вучняў такія якасці, як адвагу, любоў да Радзімы, гатоўнасць прыйсці на дапамогу таварышу. Расказаць пра асобы генералаў, палкаводцаў, іх асабістыя рысы характару, учынкі, — менавіта такой, па словах кіраўніка музея “Гісторыя і культура Барысаўшчыны” 2-й барысаўскай гімназіі Аляксандра Юр’евіча Яшчанкі, была галоўная мэта стварэння экспазіцыі, прысвечанай падзеям 1812 года на Барысаўшчыне.
— Асноўныя экспанаты — гэта фотакопіі партрэтаў военачальнікаў расійскай і французскай армій, твораў выяўленчага мастацтва, аўтарамі якіх з’яўляюцца сведкі пераправы цераз Бярэзіну. Не менш арыгінальнымі з’яўляюцца і вучнёўскія малюнкі па гэтай тэматыцы. Аднак самыя каштоўныя экспанаты — узоры ваеннай уніформы таго часу, якія нам ветліва прадаставілі ўдзельнікі руху ваенна-гістарычнай рэканструкцыі настаўніца пачатковых класаў Вольга Мікалаеўна Лапо і яе муж, наш былы вучань, Дзмітрый Генадзьевіч Лапо, — расказвае кіраўнік музея.
Калі фотакопіі партрэтаў і ўніформа — гэта вынік работы педагогаў, то вынікам дзейнасці вучняў з’яўляюцца ўжо згаданыя малюнкі, а таксама даследчыя работы, створаныя пад кіраўніцтвам Аляксандра Юр’евіча. У гэтых работах даследуецца мінулае Барысаўшчыны ў розных кірунках, аднак у кожнай рабоце (напрыклад, “Буйныя землеўладанні на Барысаўшчыне ў XV — пачатку ХХ стагоддзяў і іх гаспадары”, “Праваслаўныя і ўніяцкія цэрквы старой часткі Барысава”, “Храмы старога Барысава”) абавязкова закранаецца тэма вайны 1812 года. Так, у рабоце “Буйныя землеўладанні на Барысаўшчыне ў XV — пачатку ХХ стагоддзяў і іх гаспадары”, створанай у 2010 годзе вучнямі на той час 11 “Б” класа Яўгенам Дакукам і Мікітам Смірновым, расказваецца пра тое, што ў радзівілаўскім маёнтку ў Старабарысаве ў ноч з 25 на 26 лістапада спыняўся Напалеон.
— Самымі ўнікальнымі прадметамі часовай экспазіцыі з’яўляюцца элементы салдацкай формы. Патрымаць вінтоўку ўзору 1812 года, апрануць на галаву ківер — гэта першая просьба, з якой звяртаюцца да мяне юныя экскурсанты. Аднак усё гэта дзяцей чакае напрыканцы экскурсіі, а спачатку прапаноўваю ім зрабіць завочнае падарожжа ў ХІХ стагоддзе, наведаць Батарэі і Брылёўскае поле. Экскурсію намагаюся пабудаваць такім чынам, каб яе стрыжнем быў аповед пра мужнасць і адвагу канкрэтных удзельнікаў баявых дзеянняў, — расказвае педагог.

Шарамыжнікі прыйшлі!

Знакавымі месцамі на Барысаўшчыне, звязанымі з падзеямі вайны 1812 года, з’яўляюцца земляныя ўмацаванні або Батарэі і Брылёўскае поле. Па словах Аляксандра Юр’евіча, умацаванні на правым беразе Бярэзіны пачалі ўзводзіцца сапёрным батальёнам падпалкоўніка Сазонава, але да пачатку вайны Батарэі не дабудавалі. 24 чэрвеня Напалеон са сваёй арміяй фарсіраваў Нёман, а 13 ліпеня французы былі ўжо каля Жодзіна і Зембіна. Камендант Барысава палкоўнік Грэсэр загадаў спаліць мост праз Бярэзіну, закляпаць гарматы, патапіць іх у рацэ Схе і рухацца да Бабруйска. У кастрычніку ў Санкт-Пецербургу быў прыняты план, згодна з якім, арміі Кутузава, Чычагова, а таксама корпус Вітгенштэйна павінны былі акружыць і знішчыць каля Барысава войска Напалеона (каля 75 тысяч салдат і афіцэраў), а самога імператара Францыі ўзяць у палон. Каб не даць французам магчымасць рухацца на Мінск, авангард арміі Чычагова пад камандаваннем генерала Ламберта 21 лістапада захапіў Батарэі. У тым баі Ламберт быў паранены, але працягваў кіраваць корпусам. 17-я польская пяхотная дывізія Дамброўскага мужна змагалася за ўмацаванні, але была вымушана адступіць у бок Лошніцы. На наступны дзень у Барысаў прыехаў Чычагоў. 23 лістапада горад захапіў корпус маршала Удзіно. Пры адступленні Чычагоў спаліў мост і заняў Батарэі.
25 лістапада у Барысаў прыбыў Напалеон. Пасля аналізу сітуацыі ён загадаў генералу Эбле ўзводзіць каля Студзёнкі для пераправы два масты. Цікавы факт: у якасці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўваліся сялянскія хаты. У народзе гавораць, што пасля 1812 года на месцы вёскі было амаль чыстае поле. Масты былі ўзведзены 26 лістапада, пачалася пераправа. Першымі праз Бярэзіну пераправіліся воіны корпуса Дамброўскага. Такі гонар Напалеон ім прадаставіў за мужнасць, праяўленую падчас бою на Батарэях. Сам Напалеон і яго гвардыя пераправіліся 27 лістапада і рушылі на адпачынак у вёску Заніўкі. Калі Вітгенштэйн даведаўся аб пераправе Напалеона каля Студзёнкі, то адправіў на Барысаў авангард свайго корпуса пад камандаваннем палкоўніка Уластава. У гэты час у горадзе знаходзілася дывізія генерала Партуно. 28 лістапада больш за 8 тысяч французскіх салдат і афіцэраў трапілі ў палон. У той жа дзень Уластаў атакаваў і пераправу каля Студзёнкі, якую абараняў маршал Віктор.
— Калі артылерыйская батарэя Уластава пачала абстрэл пераправы, сярод адступаючых узнікла паніка. У выніку адзін з мастоў пад цяжарам людзей абрушыўся, а на другім пачалася цісканіна. Усё гэта прывяло да вялікіх ахвяр: адны былі заціснутыя, а іншыя патанулі. Корпус Віктора абараняў пераправу мужна і перайшоў на правы бераг Бярэзіны апошнім. Але адна яго дывізія ўсё ж трапіла ў палон. 29 лістапада, каб не даць рускім захапіць мост, генерал Эбле па загадзе імператара спаліў яго. У гэты ж час Напалеон выйшаў з Занівак і накіраваўся з 25-тысячным войскам праз Зембін на Вільню. Такім чынам, на Бярэзіне французская армія страціла каля 50 тысяч чалавек і ўжо не ўяўляла ніякай сілы. 29 лістапада пераправа скончылася, і 30 лістапада Чычагоў прыехаў на гэтае месца. Карціна, якую ён убачыў, была жудаснай: тысячы замерзлых трупаў, у камлыгах лёду — застылыя салдаты, коні, — расказвае Аляксандр Юр’евіч.
Яшчэ адзін цікавы момант, звязаны з пераправай напалеонаўскай арміі цераз Бярэзіну, расказаў мне намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ліцэя Барысава Анатоль Станіслававіч Забароўскі, калі разам з ім і вучнямі 11 “Д” класа (удзельнікамі клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Азоўскі пяхотны полк”) Дзмітрыем Ракавым і Мікалаем Волкавым мы вывучалі на Брылёўскім полі помнікі, што стаяць у гонар салдат расійскай і французскай армій. Аказваецца, пасля падзей 1812 года на Барысаўшчыне засталося шмат французаў. Спачатку яны хаваліся ў навакольных лясах, а калі прыйшлі моцныя маразы, пачалі хадзіць па вёсках і прасіць у сялян: “Cher ami (дарагі сябар), дай кавалачак хлеба, есці хачу”. Жыхары Барысаўшчыны запомнілі першае французскае слова, і калі салдаты з’яўляліся каля вёскі, хаты аблятала навіна: “Шарамыжнікі прыйшлі!”.
Акрамя партрэтаў военачальнікаў, у музеі 2-й барысаўскай гімназіі знаходзяцца і партрэты людзей, якія актыўна вывучалі падзеі 1812 года на Барысаўшчыне. Гэта, напрыклад, партрэт мясцовага землеўладальніка і прамыслоўца І.Х. Каладзеева, які сабраў амаль 15 тысяч кніг і каля 3500 твораў мастацтва, прадметаў воінскай амуніцыі, зброі, штандараў, рукапісаў, карт. Па словах Аляксандра Юр’евіча Яшчанкі, гэтая калекцыя была надзвычай каштоўнай з навуковага, гістарычнага і культурнага бакоў. На мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў яе ведалі ў Еўропе як найбагацейшую па тэме эпохі напалеонаўскіх войн. Сярод тых, хто вывучаў гэтую калецыю, быў і У.Г.Краснянскі, аўтар кнігі “Горад Барысаў і Барысаўскі павет у Айчыннай вайне 1812 года”. Дарэчы, з яго партрэтам таксама знаёмяцца наведвальнікі музея. Пра Каладзеева вядома і тое, што яму ўдалося знайсці рэшткі мастоў, пабудаваных напалеонаўскімі салдатамі, і паставіць у 1901 годзе на тым месцы два помнікі за ўласныя сродкі.
Тое, што вайной 1812 года цікавяцца і нашы сучаснікі, пацвярджаюць музейныя фотаздымкі, на якіх адлюстравана рэканструкцыя падзей пераправы напалеонаўскай арміі цераз Бярэзіну і абарона барысаўскіх Батарэй. Сярод удзельнікаў той рэканструкцыі мае наступныя суразмоўцы: дырэктар Барысаўскага гарадскога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Юрый Фёдаравіч Фамін і яго намеснік па вучэбна-выхаваўчай і метадычнай рабоце Наталля Мікалаеўна Ціханава, а таксама вучні 11 “Д” класа ліцэя Барысава Дзмітрый Ракаў і Мікалай Волкаў.

Барысаўскія маркітанткі

У цёплае, сонечнае надвор’е мы проста не маглі размаўляць пра падзеі 1812 года ў чатырох сценах. Таму адразу пасля знаёмства разам з Юрыем Фёдаравічам і Наталляй Мікалаеўнай накіраваліся на знакамітыя Батарэі, а крыху пазней з Анатолем Станіслававічам, Дзмітрыем і Мікалаем — на славутае Брылёўскае поле. Менавіта ў гэтых мясцінах мы гаварылі пра захаванне памяці пра герояў вайны 1812 года, пра асаблівасці выхаваўчай работы ў гэтым кірунку, пра неабходнасць папулярызацыі ва ўстановах адукацыі такога руху, як уніфармізм.
Па словах Наталлі Мікалаеўны Ціханавай, падзеі вайны 1812 года вывучаюцца педагогамі і навучэнцамі Барысаўскага гарадскога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі ў асноўным падчас заняткаў у краязнаўчым гуртку. Галоўны клопат гурткоўцаў — гэта распрацоўка карт, турыстычных маршрутаў па месцах баявой славы, навядзенне чысціні вакол помнікаў, пастаўленых у гонар салдат расійскай і французскай армій. Акрамя таго, сёлета падчас аздараўленчай кампаніі цэнтрам будуць арганізаваны турыстычныя летнікі палатачнага тыпу двух відаў: стацыянарны (каля месца пераправы напалеонаўскай арміі цераз Бярэзіну) і перасоўны (маршрут будзе пралягаць ад Барысава да Студзёнкі). Правядзенне такіх палатачных летнікаў, на думку Наталлі Мікалаеўны, з’яўляецца цудоўным прыкладам не прымусовага, ад таго надзвычай эфектыўнага знаёмства дзяцей з гісторыяй. Кожны год праводзяцца і водныя паходы па Бярэзіне. У гэтым годзе барысаўскія турысты-краязнаўцы плануюць спусціцца ад Студзёнкі да Бабруйска, а калі больш дакладна, то да Бабруйскай крэпасці, якая адыграла ў вайне 1812 года вялікую ролю.
Акрамя паходаў і знаёмства з гістарычнай літаратурай, адным з кірункаў работы па вывучэнні падзей 1812 года ва ўстановах адукацыі Барысава з’яўляецца фармат жывой гісторыі — удзел у рэканструкцыі баёў пачатку ХІХ стагоддзя.
— Гэты рух у Барысаве зараджаўся з рэканструкцыі Мінскага пяхотнага палка. Сам клуб базіраваўся ў Мінску, у нас жа дзейнічаў яго філіял. Потым мы вырашылі займацца больш дакладнай гістарычнай рэканструкцыяй і нашай мэтай стаў Віцебскі пяхотны полк, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на Барысаўшчыне. Наша дзейнасць ахоплівае не толькі 1812 год, але і ўсю эпоху напалеонаўскіх войн, а таксама падзей паўстання Тадэвуша Касцюшкі, — расказвае Наталля Мікалаеўна.
Педагог дадатковай адукацыі доўга і цікава расказвала пра сустрэчы з аднадумцамі пад Аўстэрліцам, Лейпцыгам, Малаяраслаўцам, Смаленскам, Барадзіно. Амаль гадзіну я слухаў яе аповед, а потым раптоўна падумаў: “І пра ўсё гэта мне расказвае жанчына!”. Канечне, дзяўчаты, жанчыны таксама з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, асабліва эпохі сярэднявечча: яны шыюць сабе шыкоўныя сукенкі, галаўныя ўборы, элегантна танцуюць у іх пад рамантычную музыку. Аднак для фотаздымка ў “Настаўніцкую газету” Наталля Мікалаеўна апранула незвычайнае для жанчыны ХІХ стагоддзя адзенне — салдацкі мундзір цёмна-зялёнага колеру. Чамусьці адразу ўзгадалася гераіня знакамітай “Гусарскай балады”.
— Такіх, як я, у нас многа, — жартаўліва адзначыла Наталля Мікалаеўна. — Вядома, калі б мы займаліся рэканструкцыяй французскага пяхотнага палка, то я б апранула сукенку і стала маркітанткай (так называлі жанчын у французскай арміі), дапамагала б у шпіталі доктару, варыла б салдацкую кашу. Аднак справа ў тым, што для таго часу жанчына і расійская армія былі несумяшчальнымі паняццямі. Таму для праўдзівасці даводзіцца апранаць салдацкі мундзір, браць вінтоўку. Шчыра кажучы, мне гэтая справа даспадобы. Па-першае, вінтоўка аблегчанага варыянта, а па-другое, маршыраваць на полі бою ў цёмна-зялёным мундзіры, чорным ківеры, белых штанах, перастройвацца ў карэ, разварочвацца ў шарэнзе не менш элегантна, чым, скажам, танцаваць на балі ў доўгай сукенцы. Дарэчы, на аснове відэазапісаў нашага ўдзелу ў рэканструкцыі бітваў мы з калегамі неяк зрабілі фільм пра дзейнасць барысаўскага клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Віцебскі пяхотны полк” і паказвалі гэты фільм на рэспубліканскіх педагагічных чытаннях. Найбольш уважліва яго глядзелі менавіта жанчыны.

Не гульня ў салдацікі

Чым можа прыцягваць сучасную моладзь (практычную, камп’ютарызаваную, інфарматызаваную) ХІХ стагоддзе? Думаю, выдатны адказ далі вучні 11 “Д” класа барысаўскага ліцэя Дзмітрый Ракаў і Мікалай Волкаў: “Воінскай доблесцю, гонарам, адвагай. У той час гэта была аснова асноў. Без гэтых характарыстык рамантычнае ХІХ стагоддзе нельга назваць ХІХ-м”.
Менавіта з гэтымі хлопцамі на знакамітым Брылёўскім полі на цяністай бярозавай алеі мы гаварылі пра перспектывы і праблемы развіцця ў нашай краіне такога руху, як уніфармізм, актуальнасць яго папулярызацыі ва ўстановах адукацыі.
— Уніфармізм — гэта не гульня ў салдацікі, а сур’ёзнае захапленне, якое патрабуе маральных і фізічных намаганняў, ведання ваеннай гісторыі. Уніфармізм — гэта ваенна-гістарычны рух, галоўнай мэтай якога з’яўляецца эксперыментальнае вывучэнне гісторыі, адраджэнне старых армейскіх традыцый, узбраення, абмундзіравання, побыту. Людзі розных прафесій і сацыяльнага становішча шыюць сабе ўніформу той або іншай арміі, ствараюць макеты зброі і прыязджаюць у гістарычныя мясціны для рэканструкцыі бітваў. Усё гэта дае магчымасць адчуць мінулыя эпохі, стаць амаль сапраўдным удзельнікам былых баталій. Рух ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з’яўляецца своеасаблівай гульнёй з сур’ёзным падыходам да вывучэння ваеннай гісторыі і аднаўлення матэрыяльнага і духоўнага свету мінулага, — расказвае Дзмітрый Ракаў, аўтар даследчай работы “Беларускі ваенна-гістарычны рух па эпосе напалеонаўскіх войнаў (1805—1815)”.
Думаю, што ключавым у гэтым выказванні з’яўляецца слова “гульня”. Як вядома яшчэ з тэорыі педагогікі гульня — гэта адзін з самых эфектыўных памочнікаў для настаўніка, выдатная форма правядзення выхаваўчай работы. Менавіта падчас гульні дзеці найбольш эфектыўна пазнаюць свет, падчас такой своеасаблівай гульні, як уніфармізм, вучні могуць праз непасрэдны ўдзел у рэканструкцыі бітваў, побыту пэўнай эпохі вывучаць мінулае краіны, станавіцца сапраўднымі патрыётамі.
Як адбываецца рэканструкцыя бітваў, барысаўскія ліцэісты прадэманстравалі на славутым Брылёўскім полі. Яны маршыравалі, стаялі на варце, трымалі ў руках вінтоўкі ўзору 1812 года, што дазволіла хоць крышачку, але адчуць атмасферу 200-гадовай даўніны. Але, нягледзячы на вынослівасць маіх суразмоўцаў, іх дасканалыя рухі згодна з воінскім статутам па страявой пяхотнай службе 1811 года, яшчэ раз узгадаліся знакамітыя словы паэта. Волаты не мы… Мы толькі можам вывучаць, рэканструяваць, намагацца выхоўваць у сабе рысы характару, якія былі ўласцівы для сапраўдных герояў, тысяч ураджэнцаў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Францыі, Швейцарыі, іншых еўрапейскіх дзяржаў, якія ў далёкім 1812 годзе знайшлі вечны спачын на барысаўскай зямлі, па абодва бакі Бярэзіны, у ваколіцах Студзёнкі і Брылёў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.