Чэрпаць натхненне ад вучняў і сям’і

- 10:33Людзі адукацыі

Амаль кожны жыхар Бялыніцкага раёна ведае імя Анатоля Іванавіча Марозава, настаўніка гісторыі і геаграфіі Свяцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Ён усё жыццё прысвяціў малой радзіме, звязаўшы з ёй свой лёс. Нарадзіўся А.І.Марозаў у вёсцы Нежкава ў сям’і настаўніка, што, мабыць, і прадвызначыла яго будучыню. Пасля заканчэння васьмігадовай школы вырашыў стаць энергетыкам і скончыў Мінскі энергетычны тэхнікум, потым служыў у Савецкай Арміі. Аднак дзіцячыя мары, цікавасць да гісторыі, ваеннага мінулага свайго бацькі паўплывалі на хлопца, і ён паступіў на гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А.Куляшова.

Доўгі час Анатоль Іванавіч быў інст­руктарам Бялыніцкага райка­ма Л­КСМБ, інструктарам райкама КПБ. З 1992 года працаваў настаўнікам гісторыі ў Свяцілавічах. Тады ж пачалася і яго краязнаўчая кар’ера. Так, менавіта кар’ера, бо ён прафесіянал, чалавек, з якім лічацца ў Беларусі і нават за яе межамі, нягледзячы на тое, што для самога А.І.Марозава краязнаўства — гэта частка душы, а не праца.

У 90-я гады Анатоль Іванавіч стаў адказным сакратаром раённай камісіі па падрыхтоўцы гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Бялыніцкі раён”, укладальнікам кнігі, арганізоўваў і падтрымліваў на высокім узроўні гісторыка-края­знаўчыя музеі на базе свяцілавіцкай школы (зараз фонд налічвае больш за тысячу экспанатаў), Бялыніцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага ліцэя № 17. Ён неаднаразовы ўдзельнік раённых і абласных краязнаўчых экспедыцый і канферэнцый, пераможца Рэспубліканскага конкурсу-выставы “Летапіс Вялікай Айчыннай вайны”, абласнога конкурсу метадычных матэрыялаў па краязнаўстве, раённай выставы навукова-метадычнай літаратуры і педвопыту ў рамках акцыі “Я — грамадзянін Беларусі”.

У хуткім часе за настаўнікам пачалі цягнуцца і вучні, навукова-даследчыя работы якіх станавіліся пераможцамі як раённых, так і абласных конкурсаў і алімпіяд, адзначаліся дыпломамі рэспубліканскіх конкурсаў, прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяль­най падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У 2019 годзе педагагічны вопыт А.І.Марозава па арганізацыі турыстычна-краязнаўчай працы прызнаны лепшым у раёне. Быў адзначаны дыпломам І ступені ў раёне і школьны музей.

З 2009 года на базе свяцілавіцкай школы Анатоль Іванавіч стварыў пошукавую групу “Следапыт” грамадскага аб’яднання “Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб “ВІККРУ”. У 2010 і 2018 гадах экспедыцыйная група свяцілавіцкай школы пад кіраўніцтвам А.І.Марозава заняла 1-е месца ў раёне і 2-е ў вобласці. Групай былі адкрыты некропаль ХV—ХVІ стагоддзяў у вёсцы Сту­дзёнцы, курганны могільнік і капішча каля Масцішча і Гараваткі, былі складзены спісы партызан, якія загінулі і прапалі без звестак на тэрыторыі Бялыніцкага раёна. Па ініцыятыве гісторыка ўстаноўлены помнік загінуўшым землякам і памятны знак на Ільінскай гары ў Бялынічах.

Ніводнага дня не праходзіць без таго, каб Анатоль Іванавіч не пісаў, не ствараў. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 100 радыё­перадач, 300 артыкулаў па гісторыі, культуры роднай зямлі, надрукаваных у розных выданнях, шматлікіх кніг: “Зямля Бялыніцкая”, “Белыничский монастырь”, “Бялыніцкі лясгас”. А ў жніўні 2019 года выйшла з друку чарговая кніга пад назвай “Бялыніцкае падполле”.

Асаблівую ўвагу Анатоля Іванавіча прыцягвае перыяд Вялікай Айчыннай вайны і яе падзеі на малой радзіме. Менавіта гэтай тэме ён і прысвячае большасць сваіх работ. Акрамя таго, настаўнік друкуе на старонках розных выданняў свае вершы, фотаздымкі, апавяданні, прысвечаныя вясковаму жыццю, каханню, дзяцінству. Рыхтуецца выданне аповесці і для маленькіх чытачоў.

Самае галоўнае, што ўвесь гэты матэрыял выкарыстоўваецца на ўроках гісторыі. Заняткі А.І.Марозаў право­дзіць, прымяняючы кампетэнтнасны падыход. Вялікую ролю надае выхаванню, фарміраванню ў вучняў гонару за свой край, сваіх землякоў. Адметнай рысай урокаў Анатоля Іванавіча з’яўляецца выкарыстанне края­знаўчага матэрыялу на ўроках гісторыі і грамадазнаўства, геаграфіі, што значна пашырае кругагляд вучняў.

Праца настаўніка не была б такой поўнай, каб не засваенне яго вучнямі ведаў на практыцы. Без непасрэднага ўдзелу Анатоля Іванавіча не абыходзіцца ніводная экскурсія школьнікаў. Ён клапоціцца пра тое, каб дзеці адкрывалі для сябе ўсё больш новых старонак нашай Радзімы: Полацк, Мінск, родныя мясціны. За апошнія гады настаўнікам распрацавана і праведзена некалькі экспедыцый па вывучэнні помнікаў гісторыі, культуры і археалогіі на тэрыторыі Бялыніцкага раёна.

За сваю працу А.І.Марозаў быў неаднаразова адзначаны падзякамі, медалямі і дыпломамі як раённага, так і рэспублікан­скага ўзроўню, але гэта для яго не галоўнае. Свайго жыцця ён проста не ўяўляе без дзяцей, школы, любімай працы і, канечне, без сям’і (жонкі Галіны, дачкі Тоні і сына Андрэя), якія ўсе разам і даюць яму штуршок да дзейнасці, з’яўляюцца натхненнем.

Дзмітрый ХАЛМОЎ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
Запольскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна.