Чэрвень у студзені

- 12:31Родная земля

Вы бачылі чэрвень у студзені? А сакавіцкую адлігу з вялізнымі лужынамі на фоне талага снегу ў самы разгар зімы? Думаеце, такое магчыма толькі ў казцы пра дванаццаць месяцаў? Ды не, усё значна прасцей. Для гэтага дастаткова ў сёлетні не па-зімоваму вясновы студзень наведацца ў горад-цёзку першага летняга месяца.

Гульня ў месяцы

Усё ж такі арыгінальныя ў нас тапонімы. Узяць для прыкладу горад Чэрвень. Спытайце знянацку ў сябра ці знаёмага: “Ты быў у Чэрвені?”. На вас паглядзяць, як мінімум, здзіўлена. Спытайце тое ж самае ў жыхара Чэрвеньскага раёна. На вас таксама паглядзяць, як на дзівака, маўляў, як гэта жыць у Чэрвеньскім раёне і не бываць у Чэрвені. Наогул, Чэрвень мог быць і Ліпенем, бо менавіта ў другі летні месяц 1920 года Чырвоная Армія вызваліла мястэчка ад польскіх войскаў. Аднак слова “Ліпень” ужо красавалася на геаграфічных картах, таму вырашылі спыніцца на Чэрвені, хаця маглі і на Жніўні, Верасні. Чэрвень, канечне, мілагучная назва, аднак Ігумен — больш гістарычная. Лічыцца, што яна пайшла ад назвы звілістай рачулкі, якая працякала каля гумнаў (гаспадарчых пабудоў, у якіх захоўвалі збожжа).
Магчыма, асновай для ўзнікнення тапоніма стала легенда пра няўдалае каханне паміж дзяўчынай з заможнай сям’і і бедным хлопцам. Калі бацькі не далі згоду на шлюб, дзяўчына паабяцала ніколі не выходзіць замуж. Яна пастрыглася ў манашкі, заснавала манастыр і стала яго ігуменняй. Людзі пачалі сяліцца каля манастыра і далі назву паселішчу — Ігумен. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што святыня знаходзілася на месцы сучаснай праваслаўнай царквы Святога Мікалая. Іншыя лічаць, што манастыр размяшчаўся на месцы возера Дзікага, якое нібыта і ўтварылася пасля таго, як манастыр праваліўся пад зямлю за людскія грахі.

Экскурсія па лужынах

І возера, і царква, і легенды пра Ігумен знаходзяць сваё адлюстраванне ў вучнёўскіх даследчых работах. У гэтым навучальным годзе вывучэнне Чэрвеньшчыны праводзілася ў рамках конкурсу юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма” рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. У раённым этапе конкурсу ўдзельнічалі многія ўстановы адукацыі, кожная з якіх склала адметны экскурсійны маршрут, у які ўвайшлі помнікі гістарычнай, архітэктурнай, прыроднай спадчыны, аб’екты, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, жыццём знакамітых землякоў. Гэта маршруты “Знакамітыя землякі Чэрвеньшчыны”, “Дні далёкай той вайны ў сэрцах людзей навечна будуць”, “Святыні Смілавіцкія” турыстычна-краязнаўчага цэнтра Чэрвеньскага раёна, “Гістарычныя мясціны вёскі Ведрыца” Хутарскога дзіцячага сада — сярэдняй школы, “Старонкі гісторыі” сярэдняй школы № 3 Чэрвеня, “Раваніцкі палацава-паркавы комплекс паноў Слатвінскіх” і “Аграгарадок Раванічы — вёска Дубаўручча — мемарыяльны комплекс “Разгром” Раваніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, маршрут па археалагічных помніках “Таямніцы Чэрвеньскай зямлі” Запольскай сярэдняй школы, “Час. Падзеі. Людзі Смілавіч” сярэдняй школы № 1 Смілавіч, “Старонкі ваеннай гісторыі” Новазелянкоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, “Па месцах баявой славы Чэрвеньскага раёна” сярэдняй школы № 4 Чэрвеня, “Дарога памяці” Турэцкага дзіцячага сада — базавай школы.
Пачатак кожнага маршруту можна вызначыць па назве навучальнай установы, дзе ён ствараўся. Так, для чэрвеньскіх настаўнікаў і вучняў вандроўныя шляхі па роднай зямлі пачынаюцца з вуліц райцэнтра. Канечне, прагульвацца па сухіх летніх тратуарах зручна і камфортна. Аднак куды больш захапляльна і нават экстрэмальна знаёміцца з адметнасцямі Чэрвеня цяпер, у пару талага снегу і вялізных лужын. Перад тым, як зрабіць крок у напрамку цікавага аб’екта, трэба ўважліва глядзець пад ногі, каб не паслізнуцца, не ўзняць сваім целам на лужах дзявяты вал і такім чынам не “разбіць” незвычайнае люстэрка, у якое любяць глядзецца разгалістыя дрэвы і двухпавярховыя будынкі гістарычнага цэнтра былога мястэчка. У адным з такіх будынкаў (адным са старэйшых у Чэрвені) размяшчаецца гімназія № 1 імя У.А.Караля.

Полымя даследавання

Адкрыццё будынка (на той час гарадскога вучылішча) прайшло ва ўрачыстай атмасферы восенню 1904 года. Паглядзець на двухпавярховы цагляны палац ведаў прыйшлі амаль усе жыхары Ігумена. Кожнаму хацелася прайсціся па шырокіх калідорах з вузкімі і высокімі вокнамі і асабліва высокай столлю. Будынак і цяпер уражвае: усё тая ж высокая столь, а яшчэ шкляныя дзверы ў вучэбныя класы. Уражвае і гісторыя гімназіі. Гэта толькі будынку больш за 110 гадоў, а самой установе адукацыі больш за паўтара стагоддзя. Колькі пакаленняў навучэнцаў атрымлівалі тут веды, выйшлі ў дарослае жыццё годнымі людзьмі! Гэта дакладна ведае летапіс-альбом. Па яго старонках, старых фотаздымках можна вывучаць гісторыю не толькі гімназіі, але і горада, нават убачыць, як раней апраналіся вучні, якія касцюмы і сукенкі насілі настаўнікі. Адзін з самых арыгінальных фотаздымкаў адлюстроўвае момант, калі вучні з вялікімі ранцамі за плячыма ідуць у школу па драўляных тратуарах.
— Установу скончылі шмат таленавітых людзей, сярод іх знакамітыя навукоўцы, мастакі, спартсмены. Асабліва мы ганарымся архітэктарам Уладзімірам Адамавічам Каралём, які вучыўся тут з 1920 па 1927 год і імя якога наша ўстанова носіць з 1980 года. Жыццё былых вучняў даследуем у рамках праекта “Знакамітыя выпускнікі”. Творчая група педагогаў і навучэнцаў працуе з архіўнымі дакументамі, фотаматэрыяламі, падтрымлівае сувязь з выпускнікамі. Знойдзены матэрыял размяшчаецца на сайце ўстановы адукацыі, на стэндах у будынку ўстановы, — расказвае дырэктар гімназіі Аксана Мікалаеўна Калтовіч.
Сярод іншых гімназічных праектаў — “Дакрананне да роднай зямлі”, які рэалізуецца настаўніцай рускай мовы і літаратуры Наталляй Уладзіміраўнай Камінскай разам з вучнямі 10 класа. У рамках праекта яны ўдзельнічалі ў акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, наведалі адметныя мясціны Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай і Мінскай абласцей, знялі адпаведны відэафільм і на абласным этапе акцыі атрымалі дыплом І ступені.
Даследаванне малой радзімы — асноўны кірунак дзейнасці і краязнаўчага клуба ЮНЕСКА “Факел” сярэдняй школы № 3 Чэрвеня. Асновай клуба стаў аднайменны пошукава-даследчы атрад, якому ў лютым 2012 года быў прысвоены статус краязнаўчага клуба-кандыдата ЮНЕСКА. Стаць паўнапраўным клубам было няпроста. Гэтае званне трэба заслужыць добрымі справамі, у дадзеным выпадку краязнаўчымі. Але іспыт быў паспяхова вытрыманы ў 2013 годзе і цяпер 31 кастрычніка лічыцца днём нараджэння клуба.
— Акрамя напісання даследчых работ па родным краі, мы шэфствуем над ветэранамі, рэгулярна добраўпарадкоўваем воінскія пахаванні на мясцовых могілках, актыўна працуем над рэалізацыяй нашага клубнага праекта “Па Ігуменскай зямлі”. Пасля атрымання статусу клуба, сфера нашай дзейнасці значна пашырылася. Летам у рамках абласнога праекта “Кола гісторыі” адпачывалі ў “Зубраня” ў палатачным летніку, дапамагалі добраўпарадкоўваць магілы салдат Першай сусветнай вайны, арганізоўвалі і праводзілі для нашых сяброў экскурсію па храмах Мядзельшчыны. Падчас восеньскіх канікул прынялі ўдзел у адукацыйнай праграме клубаў ЮНЕСКА Мінскай вобласці, што праводзілася ў Слуцку. У рамках праграмы склалі маршруты новых экскурсій для даследчага праекта “Пілігрым-2015”. У лістападзе ўдзельнічалі ў маскоўскім фестывалі беларуска-расійскага сяброўства, падчас якога нас урачыста прынялі ў клуб юнага міжнародніка. І гэта толькі невялікая частка тых спраў, якія мы зрабілі крыху больш чым за год, — паведаміла куратар клуба Таццяна Альбертаўна Гамеза.

Амаль як у Парыжы

Для Беларусі Францыя з’яўляецца, напэўна, самай блізкай краінай далёкага замежжа. Так склалася гістарычна, што мы, беларусы, вельмі любім параўноўваць свае шляхецкія палацы з Версалем, храмы — з велічнымі саборамі Францыі, ганарымся нашымі землякамі, якія ўзбагацілі французскую культуру і ў той жа час праславілі сваю малую радзіму. Растлумачыць гэта проста: менавіта Францыя многія стагоддзі вызначае для Еўропы і свету моду на адзенне, архітэктуру, літаратуру. Пад французскі ўплыў трапіла і Чэрвеньшчына, асабліва былое мястэчка Смілавічы, жыхары якога з гордасцю называюць яго маленькім Парыжам. І на гэта ў іх ёсць поўнае права. Па-першае, у Смілавічах знаходзіцца велічны палац Манюшкаў-Ваньковічаў, пабудаваны ў лепшых еўрапейскіх архітэктурных традыцыях, своеасаблівы смілавіцкі Версаль. Па-другое, тут нарадзіліся мастакі, якія сваёй творчасцю ўзбагацілі культурнае жыццё Францыі і Еўропы.
Пачнём з палаца. Першы валун у яго падмурак быў закладзены яшчэ пры Агінскіх у канцы XVIII стагоддзя. У 1800 годзе пасля смерці гаспадара арандатар Станіслаў Манюшка стаў паўнапраўным уладальнікам Смілавіч. Менавіта пры ім будаўніцтва палацава-паркавага комплексу набыло новы імпульс. Працягваў справу бацькі адзін з шасці яго сыноў Казімір — вучоны-батанік, мастак, архітэктар. Ён заклаў у Смілавічах гадавальнік, батанічны сад, парк. Сучасны архітэктурны выгляд палац набыў пры новых уладальніках Ваньковічах. Была дабудавана новая частка ў стылі неаготыкі з элементамі мадэрна. У палацы размяшчалася карцінная галерэя, дзе асаблівае месца займала работа Валенція Ваньковіча “Адам Міцкевіч на гары Аю-Даг”, вялікая бібліятэка, архіў дакументаў і рукапісаў Агінскіх, Манюшкаў, Ваньковічаў. Але дзе тыя дакументы? Дзе тыя рукапісы? Дзе бібліятэка? Дзе карцінная галерэя? Дзе шыкоўныя прадметы палацавага інтэр’еру? Адказы на гэтыя пытанні хацеў бы пачуць кожны смілаўчанін. Калі пра вяртанне многіх твораў выяўленчага мастацтва, рукапісаў можна толькі марыць, то з некаторымі прадметамі штодзённага жыцця Ваньковічаў можна азнаёміцца хоць сёння. Для гэтага варта наведацца ў сярэднюю школу № 2 Смілавіч. Менавіта тут у адзіным у нашай краіне музеі “Гісторыя мануфактуры Беларусі” знаходзіцца патэфон з палаца Ваньковічаў.
Музей мануфактур створаны ў Смілавічах невыпадкова. Яшчэ ў даваенны час амаль кожны яго жыхар займаўся тым ці іншым рамяством. Бондары, ганчары, краўцы, кавалі, шаўцы жылі тут у вялікай колькасці. А менавіта рамёствы сталі асновай для стварэння мануфактур. Матэрыялы экспазіцыі расказваюць пра віды мануфактур, іх узнікненне, развіццё, на спецыяльнай карце нават пазначана месца іх размяшчэння. Асобная частка экспазіцыі прысвечана дзейнасці Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі. Цікавыя не толькі стэнды, але і экспанаты, што захоўваюцца ў спецыяльных шкляных вітрынах. Тут і вырабы гут (шкляных мануфактур), перададзеных смілавіцкім калегам калектывам Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця Вілейскага раёна, і фарфоравы посуд са знакамітых радзівілаўскіх заводаў. А вось самым каштоўным экспанатам раздзела “Гісторыя мястэчка Смілавічы” з’яўляецца той самы патэфон, які калісьці напаўняў шыкоўныя пакоі смілавіцкага Версаля чароўнымі гукамі вальсаў і паланэзаў. Магчыма, вальсаў і паланэзаў, напісаных Станіславам Манюшкам. А яшчэ магчыма, што гэтыя мелодыі нараджаліся ў Смілавічах, калі Станіслаў, будучы хлапчуком, наведваўся ў госці да свайго дзядзькі Казіміра. Дарэчы, у Чэрвеньскім раёне ў вёсцы Убель, дзе нарадзіўся кампазітар, дзейнічае адзіны ў свеце музей Манюшкі. Няма музея ні ў Літве, ні нават у Польшчы, а ў Беларусі ёсць, і на Чэрвеньшчыне гэтым фактам асабліва ганарацца.

За музейным столікам

Ганарацца жыхары Чэрвеньскага раёна яшчэ адным сваім земляком, яркім прадстаўніком Парыжскай школы мастацтваў Хаімам Суціным. Педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч прысвяцілі мастаку цэлую оду ў выглядзе музея “Прастора Хаіма Суціна”. Урачыстае адкрыццё арыгінальнай экспазіцыі адбылося ў 2008 годзе. Стваралася экспазіцыя па ініцыятыве ЮНЕСКА пры фінансавай падтрымцы аднаго з камерцыйных банкаў і пры дапамозе Нацыяльнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама і, канечне, супрацоўнікаў Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
— З моманту адкрыцця музея з яго экспазіцыяй азнаёміліся больш за 15 тысяч чалавек. І гэта не толькі беларускія, але і замежныя госці. Сярод іх і ўдзельнікі VIII Міжнароднага дзіцячага пленэру “Адраджэнне яўрэйскага мястэчка”, які праходзіў на базе нашага цэнтра ў пачатку снежня. Госці з Германіі, Расіі, Эстоніі, Малдовы, Украіны азнаёміліся з экспазіцыяй, наведалі майстар-класы нашых педагогаў. Самыя актыўныя ўдзельнікі пленэру былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі, — паведаміла дырэктар цэнтра Ала Леанідаўна Шыдлоўская.
Знаёмства з творчай і жыццёвай “Прасторай Хаіма Суціна” праходзіць у дзвюх залах. Матэрыялы першай залы расказваюць пра гісторыю Смілавіч, жыццё тутэйшых яўрэяў. Галоўны экспанат гэтай часткі экспазіцыі — фрагмент торы, напісанай уручную ў Смілавічах у ХІХ стагоддзі. На арыгінальных шкляных стэндах змешчана таксама інфармацыя пра мінскую малявальную школу Якава Кругера і віленскую малявальную школу Івана Трутнева, дзе вучыўся будучы мастак. Апошні стэнд называецца “Шлях да Парыжа. 1912—1913”. З парыжскім перыядам жыцця Хаіма Суціна наведвальнікам прапаноўваюць азнаёміцца за кубачкам гарбаты або кавы ў другой зале, стылізаванай пад знакамітую парыжскую кавярню “Ратонда”, дзе любілі сустракацца і абмяркоўваць свае творчыя планы прадстаўнікі Парыжскай школы мастацтваў. Дарэчы, наконт планаў. Як паведаміла за кубачкам гарбаты кіраўнік музея Святлана Якаўлеўна Хасяневіч, менавіта прадстаўнікам гэтай сусветна вядомай школы мастацтваў, ураджэнцам Беларусі, будзе прысвечана трэцяя музейная зала, работа над стварэннем якой ужо вядзецца.
Падрабязна азнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам Хаіма Суціна можна на сайце музея, несумненна, аднаго з лепшых віртуальных музеяў сістэмы адукацыі краіны. Для гэтага дастаткова набраць адпаведны запыт на любым пошукавым сайце і зрабіць два клікі камп’ютарнай мышшу.

І ў лютым, і ў ліпені

За тыя некалькі дзён, што мінулі з часу камандзіроўкі ў Чэрвеньскі раён, снег амаль канчаткова сышоў з зямлі, а студзень усё больш нагадвае не сакавік, а пачатак красавіка. Чэрвень у студзені, Чэрвень у красавіку, Чэрвень у кастрычніку… Мілагучная Чэрвеньшчына і гістарычная Ігуменшчына ў любую пару года выглядае прывабна і таямніча. А каб раскрыць гэтыя таямніцы, трэба часцей наведвацца ў гэты край — край, дзе казка пра дванаццаць месяцаў становіцца рэальнасцю.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.