"Чорнае" і "белае", або Што звязвае Беларусь і Аргенціну

- 16:16Людзі адукацыі
Гісторыя — навука даволі таямнічая. І паглыбляцца ва ўсе яе тонкасці цікава тым, хто проста шчыра любіць сваю справу. Яскравым прыкладам гэтага служыць Таццяна Мікалаеўна Козел, настаўніца Калаўравіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Таццяна Мікалаеўна вярнулася на сваю радзіму і ўжо 13 гадоў выкладае ў школе гістарычныя дысцыпліны.
Мінулае — яе любоў

Таццяна Мікалаеўна — чалавек адкрыты і вельмі прыемны. І не любіць такога настаўніка, які дасканала валодае сваім прадметам і ў даступнай форме імкнецца данесці веды вучням, проста немагчыма. Вялікую ролю ў выкладанні гісторыі Беларусі Таццяна Мікалаеўна адводзіць вывучэнню падзей роднага краю.
“Я лічу, што ведаць гісторыю сваёй радзімы, таго месца, дзе жывеш, павінен кожны, дзеліцца думкамі Таццяна Мікалаеўна. ― Таму імкнуся знаходзіць як мага больш цікавых падзей, непасрэдна звязаных з нашай Піншчынай. Тыя, каго цікавіць гісторыя, — прыходзяць займацца ў гурток. І, здаецца, менавіта фактар ненавязвання, а таксама пэўная доля зацікаўленасці падштурхнула вучняў “капаць” гісторыю свайго краю ўсё глыбей і глыбей. І тады, два гады назад, ніхто з цяперашніх юных барычавіцкіх гісторыкаў і падумаць не мог, наколькі глыбокімі акажуцца гістарычныя карані іх маленькай радзімы”.

Як Орды сталі “белымі” і “чорнымі”

…Пачалося падарожжа ў мінулае са звычайнага паходу да разбуранага панскага маёнтка, што знаходзіцца ў Біжаравічах, непадалёк роднай вёскі нашай гераіні Барычавічаў. Непрыкметныя, на першы погляд, руіны, якімі ніхто даўно не цікавіўся і заўсёды праходзіў міма, як аказалася, хавалі ў сабе даволі багатую гісторыю. Але для таго каб яе вывучыць, аднаго жадання было мала. І Таццяна Мікалаеўна прапанавала сваім юным даследчыкам “рэканструяваць” мінулае…
“Вучні пасля таго, як мы схадзілі на экскурсію, выказалі жаданне дапамагчы мне ў даследаванні новых гістарычных фактаў, — расказвае педагог. — Іх зацікавіла, хто раней жыў на гэтым месцы і што цяпер стала з гаспадарамі ўшчэнт разбуранага маёнтка. ― Было прыемна бачыць на тварах дзяцей сапраўднае натхненне і жаданне працаваць. Менавіта дзеля агульнай справы мы і арганізавалі ў Барычавіцкай школе своеасаблівы гурток аднадумцаў. Пасля, калі нашу базавую школу закрылі і мы перайшлі вучыцца ў Калаўравіцкую сярэднюю школу, свой гурток і створаны гістарычны куток мы перанеслі ў краязнаўчы музей, які ўжо дзейнічаў у школе Калаўравічаў”.
Каб як мага хутчэй настроіць энтузіястаў на патрэбную навукова-даследчую хвалю, Таццяна Мікалаеўна на ўроку гісторыі “расклала” па палічках свой багаж ведаў. “Адкапаныя” за два гады самастойнай работы факты задалі рабоце патрэбны тэмп.
Як аказалася, разбураны маёнтак, які так захапіў вучняў падчас прагулкі, — гэта родавая рэзідэнцыя Ордаў, якая кардынальна адрознівалася ад іншых гістарычна-знакавых сядзіб таго часу не толькі сваім архітэктурным рашэннем, але і наяўнасцю шматлікіх фамільных каштоўнасцей, прымаёнткавых пабудоў. Орды ў сваю чаргу падзяляліся на “белых” і “чорных”, зусім як у шахматах. Але тут не было ні пешак, ні каралёў. Былі два родныя браты — баярын Васка Орда і яго брат Юхна, якія падзялілі і зрабілі зямлю і свой род “чорна-белым”. Чаму менавіта чорным і белым? Усё да банальнасці проста: Васка Ордзіч меў светлыя, белыя валасы, а яго брат — Юхна ― быў цёмнавалосым. Адсюль і пайшлі назвы двух магнацкіх родаў. Маёнтак “белых” Ордаў знаходзіўся недзе на тэрыторыі сучаснага Іванаўскага раёна, непадалёк вёскі Ляхавічы. “Чорныя” ж Орды жылі на Піншчыне, паміж Барычавічамі і Біжаравічамі. Род “чорных” Ордаў па праву лічыўся адным з найбольш заможных родаў Брэсцка-Літоўскага ваяводства. І менавіта “чорны” маёнтак перадаваўся па мужчынскай лініі ў спадчыну на працягу некалькіх стагоддзяў.
“Маючы ў запасе пэўныя веды, мы стараліся папоўніць свой гістарычны партфель новымі дакументамі, — працягвае Таццяна Мікалаеўна. — Дзеля гэтага шмат часу праводзілі ў Пінскім архіве, а таксама апытвалі мясцовых жыхароў. Прыгадваюць, што Орды хоць і былі багатымі, але паважалі людзей, якія належалі да ніжэйшага сацыяльнага саслоўя. Дарэчы, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя Ордам належала ажно 15 маёнткаў!”
“Мясцовыя жыхары прыгадалі, ды і дакументы, якія датуюцца XVI стагоддзем, пацвердзілі той факт, што апошнім, адзінаццатым па ліку гаспадаром рэзідэнцыі быў Януш Станіслававіч Орда, які пакінуў Беларусь у 30-я гады мінулага стагоддзя.
Пасля яго ад’езду ў Польшчу на тэрыторыі маёнтка спачатку была бальніца, затым сельсавет. А падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны поўнасцю спалілі рэзідэнцыю, лічачы яе перажыткам панскага часу, і знішчылі фамільныя могілкі Ордаў.
“У сувязі з усім гэтым мы вельмі хочам, каб на тым месцы, дзе знаходзяцца разбураныя могілкі, паставілі памятны знак, — дзеліцца планамі Таццяна Мікалаеўна. — Дзеля гэтага зробім усё, што ад нас залежыць”.

Навука, якая прывяла да ісціны

Сумнявацца, што апантаныя сваёй навукова-даследчай дзейнасцю пінчане не здолеюць дасягнуць пастаўленай мэты, будзе лішнім. Першым даволі значным крокам на шляху да здзяйснення сваёй гістарычнай мары стала навуковая работа “Гісторыя магнацкага роду Ордаў з 1525 года па 1938 год”, якую два гады назад на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку” прадставіў выхаванец і сын Таццяны Мікалаеўны Данііл Козел. Тады раённае журы адзінагалосна прызнала даследаванне вучняў Барычавіцкай школы найлепшым. А ўжо на абласным этапе работу абараняла 10-класніца Калаўравіцкай сярэдняй школы Марыя Рабкавец, якая прывезла з Брэста ў школьны краязнаўчы музей падзячны ліст.
“Спыняцца на дасягнутым нам не хацелася, — працягвае Таццяна Мікалаеўна. — Навуковыя перамогі — гэта, канечне, цудоўна, але нам дзеля поўнага ўпарадкавання гістарычных фактаў, дзеля папаўнення ведаў пра Ордаў патрэбна было знайсці нашчадкаў Януша Станіслававіча. Мы ведалі, што ў 30-я гады, калі пачаліся рэпрэсіі ў адносінах да паноў, Януш, яго брат Станіслаў і сёстры Ядвіга (Іза) і Іаланта з’ехалі ў Польшчу. Крыху пазней Станіслаў, які быў ваенным лётчыкам, ажаніўся і паехаў жыць у Аргенціну. І паколькі ў самога Януша нашчадкаў не засталося, мы спадзяваліся знайсці дзяцей Станіслава. Тым больш Януш, калі прыязджаў у Беларусь у 1986 годзе, расказваў мясцовым жыхарам, што ў Станіслава і Ядвігі ёсць дзеці. Менавіта з гэтай прычыны мы і звярнуліся па дапамогу ў вядомую тэлеперадачу “Чакай мяне”.

Новыя грані ўзаемаадносін

З таго моманту, як была пададзена заяўка на пошук нашчадкаў шляхецкага роду, прайшло крыху больш як год. Магчыма, ніхто ўжо і не разлічваў на канкрэтны вынік. Але лёс заўсёды падкідвае сюрпрызы тады, калі гэтага менш за ўсё чакаеш. 7 верасня на Піншчыну з далёкага Буэнас-Айрэса прыляцеў 58-гадовы пляменнік Януша Орды Караль Орда. Паверыць у тое, што звычайныя беларускія школьнікі прарабілі такую каласальную работу толькі дзеля таго, каб знайсці тых, каму калісьці належаў кавалачак беларускай зямлі, было нерэальна.
“Проста не перадаць словамі, наколькі мы былі ўражаны, як былі рады таму, што Караль прыляцеў у Беларусь! — радасна расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Мы правялі для нашага госця экскурсію па яго гістарычнай радзіме, паказалі ўсё, што змаглі зрабіць падчас вывучэння гісторыі старажытнага роду”.
Дарэчы, пахваліцца Таццяне Мікалаеўне ёсць чым, і нават ідэю пачынаць экскурсію не дзе-небудзь на вуліцы, перад самой былой рэзідэнцыяй, а каля школьнага стэнда, можна лічыць геніяльнай. На стэндзе сабрана ўсё, што было знойдзена ў архівах: фотаздымкі, радавод, цікавыя факты пра маёнтак. Тут жа, у школе, знаходзіцца і макет рэзідэнцыі, дакладней, паменшаная копія аднаго з самых прыгожых пакояў ордаўскага маёнтка — залы, дзе праходзілі балі і банкеты. Макет шляхецкай пабудовы школьнікі рабілі па эскізах фотаздымкаў 1938-1939 гадоў сваімі рукамі падчас заняткаў у гуртку “Умелыя рукі”, якім кіравала настаўніца Ірына Праснякова.
“Пасля азнаямлення са стэндам мы правялі Караля па прысадзе, дзе растуць таполі, — працягвае Таццяна Мікалаеўна. — Караль быў настолькі, відаць, уражаны ўсім, што адбываецца, што нават прыхінуўся да адной з таполяў. Ён сказаў, што так даўно марыў даведацца хоць што-небудь пра сваю гістарычную радзіму, звяртаўся ва ўсялякія службы ў Аргенціне, але там нават за грошы ніхто нічога не мог знайсці. І ён пастаянна паўтараў, што не верыць, што мы ўсё гэта робім не за грошы, а проста так, таму, што нам падабаецца гэта рабіць”.
Падчас размовы з вучнямі спадар Караль дзяліўся ўспамінамі, расказваў, што яму вядома пра сваю радзіму, пра Беларусь увогуле. Ад маёнтка ў сям’і Караля засталіся ўсяго 6 сярэбраных маленькіх лыжак, і ёсць нават чатыры арыгіналы малюнкаў іванаўскага мастака Напалеона Орды, які прыходзіўся “чорным” і “белым” Ордам далёкім сваяком.

Сяброўства, якое абяцае быць доўгім

Пасля прагулкі па таполевай прысадзе, наведвання родавых могілак, панскага саду, дзе дагэтуль растуць смачныя яблыкі, Караль паабяцаў, што абавязкова ў наступным годзе яшчэ раз прыедзе ў Беларусь. У госці, але не проста так. Спадар Караль Орда ўвасобіць у жыццё самую галоўную і важную мару Таццяны Мікалаеўны і яе вучняў — паставіць на месцы маёнтка памятны знак у выглядзе шыкоўнай брамы, якая будзе нагадваць пра тую эпоху. Магчыма, многія гісторыю Беларусі лічаць даследаванай. Але тым, каму неабыякавы лёс сваёй малой радзімы, будуць знаходзіць новыя грані, зазірнуўшы за якія можна будзе знайсці новыя недаследаваныя факты і аб’екты, а гэта значыць, што новыя главы беларускай гісторыі яшчэ будуць напісаны.

Наталля ДУБІК.