Чорная кукуруза пераможа рак

- 17:00Выхаваўчая прастора, Рознае

Доказ гэтай тэорыі прынёс Таццяне Пасько, навучэнцы сталічнай гімназіі і выхаванцы Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, залаты медаль на XXII Міжнароднай экалагічнай алімпіядзе экалагічных праектаў INEPO, якая праходзіла ў турэцкім Стамбуле. Гэта другая перамога нашых суайчыннікаў на гэтай алімпіядзе: “золата” дасталася і Ілью Саўчанку з віцебскай гімназіі № 1.

Аб’ектам свайго чарговага даследавання Таццяна выбрала ажно 232 гатункі кукурузы, многія з якіх высадзіла на тэрыторыі цэнтра, дзе яна займаецца ў секцыі “Генетыка і селекцыя” пад кіраўніцтвам Івана Анатольевіча Рускіх. Некалькі з іх — гатункі мясцовай селекцыі, астатнія былі прывезены з розных краін свету — ЗША, Кітая, Індыі, Італіі і іншых. Прычым усе гатункі і формы толькі традыцыйнай селекцыі, якія не падвяргаліся генетычнай мадыфікацыі.
“Вядома, што кукуруза ўтрымлівае антыаксіданты — біялагічна-актыўныя рэчывы, якія замаруджваюць старэнне арганізма, выводзяць радыяцыю, папярэджваюць анкалагічныя захворванні і нават спыняюць развіццё пухлін, — тлумачыць Таццяна. — У Беларусі людзі саджаюць пераважна толькі белую і жоўтую кукурузу, а пра чырвоную, карычневую, зялёную ці сінюю нават не чулі. У ходзе работы мы зацікавіліся, ці залежыць ад колеру насення ўтрыманне каштоўных біялагічных рэчываў. Вядома, што жоўты колер абумоўлены наяўнасцю каратыноідаў, ці правітаміна А. Чым абумоўлена іншая афарбоўка і ці звязана яна з утрыманнем антыаксідантаў — было невядома”.

Кукуруза шырока распаўсюджана па ўсім свеце, яе лёгка вырасціць, насенне недарагое. І яна можа быць крыніцай не толькі харчовых, але і каштоўных нехарчовых рэчываў. Адным з самым багатых на ўтрыманне антыаксідантаў і біялагічна-актыўных рэчываў прынята лічыць зялёны чай. Але ўтрыманне антыаксідантаў у пачатку чорнай кукурузы, як паказала даследаванне, у сто разоў пераўзыходзіць яго колькасць у кубку такога чаю.
“Мы высветлілі, што чорная кукуруза багатая на цыанідзіны, і іх утрыманне значна вышэйшае, чым у традыцыйных крыніцах антыаксідантаў, — гаворыць кіраўнік секцыі Іван Анатольевіч Рускіх. — Карычневая і чырвоная кукуруза багатая катэхінамі, сіні, зялёны колеры абумоўлены ўтрыманнем іншых антыаксідантаў. Кожнае з гэтых рэчываў важнае для арганізма. Аказалася, што перавага аднаго віду антыаксіданта зніжае ўтрыманне другога. Таму мы прапануем культываваць у прыватных гаспадарках і ўжываць у ежу пачаткі, на якіх развіваюцца зярняты розных колераў, бо гэта крыніца цэлага комплексу карысных рэчываў. Менавіта такія пачаткі нам удалося вырасціць, пасадзіўшы побач некалькі гатункаў расліны, якія пераапыліліся.

Атрымаўся асобы від папуляцыі, які генетычна нестабільны. Значыць, пасадзіўшы рознакаляровае насенне, прадбачыць, якой будзе суаднесенасць колераў, немагчыма. Але з дапамогай спецыяльных генетычных метадаў мы можам падтрымліваць на пэўным узроўні суаднесенасць зярнят той ці іншай афарбоўкі”.
У ходзе работы былі выдзелены тры селекцыйныя лініі чорнанасеннай кукурузы: зерневая, якая варыцца цэлымі пачаткамі, цукровая і папкорн. Па некалькі тысяч зернятак кожнага гатунку зараз праходзяць дзяржаўныя выпрабоўванні. Улічваючы фенаменальныя лекавыя ўласцівасці гэтай кукурузы, раліна хутчэй за ўсё будзе ўключана ў дзяржаўны рэестр, пасля чаго можна будзе пачынаць насеннегадоўлю і прапаноўваць гэтыя гатункі насельніцтву. Праўда, каб назапасіць дастатковы аб’ём насення, пройдзе мінімум 2-3 гады. Але і Іван Анатольевіч, і Таццяна дакладна ведаюць, што чакаць яны не будуць і ўжо ў гэтым годзе на іх участках пад гэтую культуру выдзелены самыя лепшыя месцы.

 

Святлана НІКІФАРАВА.