“Чорныя квадраты памяці”

- 11:07Культура

У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў сталічным Доме прэсы прэзентавалі новае выданне серыі навукова-папулярных кніг “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці”, якую падрыхтавалі прафесійныя беларускія гісторыкі, архівісты, музейныя супрацоўнікі. Шосты том — “Асіповічы: трагічныя старонкі” — расказвае пра знішчэнне нямецка-фашысцкімі захопнікамі мірнага яўрэйскага насельніцтва Асіповіцкага раёна.

Аўтар кнігі “Асіповічы: трагічныя старонкі” Неаніла Львоўна Цыганок — гісторык, педагог, апантаны краязнавец Магілёўскай вобласці. З 2006 года займаецца праблемамі Халакосту ў Асіповіцкім раёне, па крупінках збіраючы гістарычны матэ­рыял. Дзякуючы яе дзейнасці, стала вядома мноства новых імён. “Унікальнасць гэтай кнігі заключаецца ў тым, што ў ёй упершыню апублікаваны 176 новых імёнаў тых, хто загінуў у гады ваеннага ліхалецця”, — падкрэсліла дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна.

Серыя “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці” прысвечана найбольш трагічным старонкам гісторыі Беларусі ў часы Вялікай Айчыннай вайны. “Кнігі гэтай серыі ў выдавецтве мы называем “чорнымі квадратамі памяці”, таму што яны расказваюць пра месцы масавага знішчэння нацыстамі ваеннапалонных, мірных грамадзян, партызан і падпольшчыкаў на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны — месцы трагедыі, смутку і памяці, якія ёсць у кожным раёне і ў кожнай вобласці краіны”, — нагадала Вольга Уладзіміраўна.

Яна адзначыла, што стварэнне гэтай кніжнай серыі — вынік плённай сумеснай працы супрацоўнікаў выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, абласных і раённых гісторыка-краязнаўчых музеяў, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. “Кожная кніга — гэта велізарная даследчая праца, — патлумачыла В.Ваніна. — Ёсць на месцах энтузіясты, краязнаўцы, неабыякавыя людзі, якія ідуць у архівы, апытваюць яшчэ жывых відавочцаў, шукаюць сляды і знаходзяць новыя імёны загінуўшых. Гэтым і займаецца Неаніла Цыганок. Бо кожнае жыццё каштоўнае і пра кожнага чалавека трэба памятаць, і варта гэтую інфармацыю даносіць да ўсяго свету, таму што перыядычна ўзнікаюць спробы рэвізіі ваеннай гісторыі, чаго ні ў якім разе нельга дапусціць. Лю­дзі павінны ведаць праў­дзівую гі­сторыю хоць бы дзеля таго, каб разумець, хто мы ёсць, як наш народ перажыў трагедыю. Пераканана, што такія веды могуць даць нам новыя магчымасці развівацца далей”.

Рэдактар кніжнай серыі Міхаіл Нікіцін дадаў, што яе ўнікальнасць — у спалучэнні навуковасці і нагляднасці: “Вывераныя тэксты напісаны дасведчанымі людзьмі — навуковымі работнікамі з вялікім стажам, якім эмацыянальна было вельмі цяжка працаваць, бо яны ўсё прапускалі праз сябе. У той жа час у нас шмат фатаграфій, якіх мы пастараліся размясціць як мага больш, — сказаў ён. — Такім чынам мы імкнёмся захаваць памяць пра трагедыі тысяч, соцень тысяч, мільёнаў людзей у часы Вялікай Айчыннай вайны”.

Серыя “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці” разлічана на падрастаючае пакаленне і моладзь — невялічкая па фармаце, з кароткімі змястоўнымі тэкстамі, багата аздобленая ілюстрацыямі. Ва ўсіх кнігах прыводзяцца факты, што прымушаюць задумацца над жахамі, якія нясе вайна. Зразумела, яшчэ шмат пра што варта раска­заць, а таму серыя будзе працягнута, і зараз збіраецца матэрыял па Магілёўскай і Віцебскай абласцях, Брэсцкім гета. “79 гадоў прайшло ад пачатку вайны, а нам так і не вядомы імёны ўсіх загінуўшых. Мы павінны ведаць жывыя факты і разумець, што гэта адбывалася на нашай зямлі. Нашы кнігі дастаткова пагартаць адзін раз, і ўжо застыне кроў у жылах. Вялікая Айчынная вайна сапраўды страшная трагедыя”, — сказала дырэктар выдавецтва і праанансавала выхад кнігі з рабочай назвай “Мінск: адроджаны з пекла, накіраваны ў будучыню”. “У гэтым выданні параўноўваюцца фатаграфіі пасляваенных і сучасных выглядаў Мінска для таго, каб паказаць, як наша сталіца адраджалася пасля вайны, — дадала В.Ваніна. — Накіраванасць у будучыню, мне здаецца, вельмі сімвалічная і правільная, бо гэта вектар, якога варта прытрымлівацца. І няхай Беларусь квітнее і ў яе ўсё будзе добра!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.