Чуць, бачыць і эксперыментаваць

- 20:22Адукацыйная прастора

Настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 1 Астраўца Гродзенскай вобласці Ягор Генадзьевіч Філіпаў даўно не ўяўляе сваіх урокаў без эксперыментаў. Стараецца выкарыстоўваць любую магчымасць, каб дзеці змаглі не толькі пачуць новую інфармацыю, убачыць наглядныя матэрыялы, але і прыняць удзел у разнастайных доследах і эксперыментах.

Для Ягора Генадзьевіча біялогія заўсёды была прадметам захаплення. Такія ж адносіны да свайго прадмета з самага пачатку педагагічнай дзейнасці хацелася перадаваць школьнікам. Аднак, як аказалася, зрабіць гэта не так проста. Вельмі хутка ўзніклі пытанні: як дабіцца таго, каб урок і новая тэма запомніліся? Як паставіць праблему так, каб яна была важнай і цікавай для вучня і час для ўсіх праляцеў хутка і цікава?

За трынаццаць гадоў працы Ягор Генадзьевіч пераканаўся: вучням будзе цікавы толькі той урок, на якім цікава і самому настаўніку. Для гэтага педагогу неабходна не стаяць на месцы, а пастаянна быць у пошуку і прапаноўваць нешта новае, выклікаючы ў дзяцей яркія эмоцыі і жаданне быць актыўнымі ўдзельнікамі вучэбнага працэсу.

— Задача не з простых, — адзна­чае Ягор Генадзьевіч. — Каб зацікавіць дзіця, утрымаць яго ўвагу, неабходна пачынаць з сябе — быць яркім, цікавым самому сабе і іншым. Менавіта ад нас, настаўнікаў, павінна зыходзіць непадробная цікавасць да тэмы і дзейнасці на ўроку. Імкнуся будаваць работу так, каб урокі біялогіі не здаваліся дзецям сумнымі, аднастайнымі і адарванымі ад жыцця. І асабліва часта ў гэтым мне дапамагаюць доследы і эксперыменты.

Упершыню вучні сутыкаюцца з магчымасцямі правядзення біялагічнага эксперымента на ўроках біялогіі ў 6 класе. Настаўнік пачынае з таго, што знаёміць з відамі эксперымента, правіламі яго правядзення, абсталяваннем. Паступова, крок за крокам, дзеці вучацца назіраць за жывымі аб’ектамі, параўноўваць, рабіць вывады.

Ягор Генадзьевіч стараецца, каб ужо ў выніку першых доследаў у вучняў узніклі яркія эмоцыі, цікавасць і жаданне паказаць свой вынік іншым. Напрыклад, у апошнія гады шасцікласнікі не толькі з ахвотай пра­цуюць з мікраскопам падчас лабараторных работ, але яшчэ і напрыканцы размяшчаюць у сацыяльных сетках фотаздымкі аб’ектаў, якія назіраюць пры рабоце з мікраскопам. Гэта той выпадак, калі выкарыстанне мабільнага тэлефона на ўроку прыносіць карысць. Дзецям цікава паглядзець, што атрымалася ў іншых, паказаць сваю работу бацькам, убачыць лайкі ад сваіх падпісчыкаў. Такім чынам, з’яўляецца яшчэ і здаровы дух саперніцтва. Галоўнае ж — шасцікласнікам хочацца працягваць падобную дзейнасць. І задача настаўніка — захаваць дух эксперымента ў далейшым вучэбным працэсе і накіра­ваць яго ў патрэбны бок. Тады любы па складанасці матэрыял будзе ўспрымацца як лагічны працяг таго цікавага эксперыментальнага працэсу, у якім неабходна разабрацца. Біялагічны эксперымент становіцца яшчэ і крокам для далейшага пераходу да даследчай дзейнасці.

На сваіх уроках Ягор Генадзьевіч выкарыстоўвае розныя віды эксперыментаў: дэманстрацыйны, лабараторныя і практычныя работы, эксперыментальныя задачы, праблемны практыкум, навуковы і дамашні эксперымент. Стараецца арганізоўваць работу на ўроку так, каб вучні ненавязліва засвойвалі працэдуру маленькага даследавання, якім з’яўляецца біялагічны эксперымент. Прапануе арыгінальнае ці нечакана сфарміраванае вучэбнае заданне. Робіць акцэнт на значнасці чаканых вынікаў.

Пра самыя яркія і запамінальныя моманты на ўроках у розных класах настаўнік расказвае з захапленнем. Запомнілася, як напрыканцы чацвёртай чвэрці праводзіў урок-экскурсію для шасцікласнікаў. У дзяцей была магчымасць апрануць белы халат (для таго каб лепш адчуць сур’ёзнасць моманту) і пры дапамозе фанендаскопа паслу­хаць, як рухаецца сок пад карой маладога дрэўца. Ва ўсіх, як правіла, застаецца шмат уражанняў. Самае ж каштоўнае — дзеці гавораць: адчулі, што расліна — жывы арганізм, да якога трэба адносіцца беражліва, не ламаць галінак і не пакідаць надпісаў.

Як паказаў вопыт, найбольш простымі і зручнымі з’яўляюцца эксперыменты па вывучэнні ўплыву абіятычных фактараў (тэмпературы, вільготнасці, асветленасці, мінеральнага харчавання) на рост і развіццё раслін. Яны праводзяцца з вучнямі 7 класаў і ў 10 класе пры вывучэнні блока тэм “Арганізм і асяроддзе”.

Пры вывучэнні механізма фун­кцыянавання і рэгулявання сістэм органаў і арганізма ў цэлым (раздзел “Чалавек і яго здароўе”) настаўнік шырока выкарыстоўвае біялагічныя эксперыменты ў выглядзе як лабараторных работ, так і саманазіранняў. Школьнікі з цікавасцю праводзяць даследаванні па вывучэнні асноўных антрапаметрычных даных, робяць высновы аб уплыве экалагічных фактараў на здароўе і фізічнае развіццё чалавека.

Доследы і назіранне за жывёламі, як правіла, звязаны з вывучэннем іх паводзін. Дзеці з ахвотай уключаюцца ў дзейнасць па выпрацоўцы пэўных умоўных рэфлексаў у пазваночных. Такія заданні займаюць шмат часу, таму іх выконваюць дома, а вынікі пасля абмяркоўваюць і выкарыстоўваюць на ўроку.

Выкарыстанне дамашняга экспе­рымета спрыяе фарміраванню развіцця творчага біялагічнага мыслення ў вучняў. Яго асноўная перавага ў тым, што вучні не абмежаваны жорсткімі часавымі рамкамі і могуць працаваць у камфортным тэмпе. Часта вынікам становяцца яркія прэзентацыі, якія адлюстроўваюць розныя моманты эксперымента. Да іх падрыхтоўкі юныя даследчыкі падыходзяць вельмі адказна, ім падабаецца дзяліцца сваімі дасягненнямі, адчуваць сябе навукоўцамі і эксперыментатарамі. Гэта ўжо не сухая навука, а яе канкрэтнае праяўленне ў жыцці.

— Заўважыў: варта толькі адысці ад правіла частага правядзення эксперыментаў і пачаць вывучаць словы, не падмацаваныя дзеяннямі, як якасць ведаў адразу зніжаецца, — адзначае настаўнік. — І гэта зразумела: эксперымент выступае і як аб’ект вывучэння, і як сродак навучання. Дакладна вызначаная паслядоўнасць дзеянняў пры яго правядзенні выдатна спрыяе фарміраванню даследчых уменняў на ўроках біялогіі. Такім чынам ідзе падрыхтоўка да пошукава-даследчай дзейнасці. Сваіх вучняў я заўсёды матывую яшчэ і тым, што будучыня сёння за тымі, хто ўмее вучыцца, здольны самастойна здабываць новыя веды.

Для Ягора Генадзьевіча лепшае пацвярджэнне правільнасці выбранай педагагічнай стратэгіі — зацікаўленыя вочы вучняў, іх актыўнасць на ўроках. Сярод тых, у каго ён выкладаў, — працуючыя і будучыя настаўнікі біялогіі і медыкі. І гэтая добрая традыцыя мае працяг. Зараз ёсць старшакласнікі, якія вывучаюць біялогію ў профільным класе і збіраюцца звязаць з ёй сваё жыццё.

Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.