Казахстан: чвэрць “балашакаўцаў” працуе топ-менеджарамі

- 13:02Паралелі

Міністр адукацыі і навукі Казахстана Ерлан Сагадзіеў расказаў, дзе працуюць выпускнікі міжнароднай стыпендыі “Балашак”, перадае карэспандэнт МІА “Казінфарм”.

“Дзякуючы стыпендыі “Балашак”, у краіне сфарміравалася кагорта высакакласных спецыялістаў, крэатыўнае ядро навукоўцаў, інжынераў, урачоў і кіраўнікоў. Абапіраючыся на базу ведаў, атрыманую ў перадавых навукова-адукацыйных цэнтрах, стыпендыяты дапамаглі забяспечыць трансфер сусветных тэхналогій у краіну, выбудаваць міжнародныя ўзаемаадносіны і інтэгравацца ў міжнародную супольнасць”, — сказаў міністр на форуме, прысвечаным 25-годдзю праграмы.

З іншага боку, адзначыў Ерлан Сагадзіеў, выпускнікі сталі пасламі і тварам Казахстана за мяжой. “Менавіта ад “балашакаўцаў” свет даведаўся пра нашу краіну, нашы магчымасці і перспектывы, — лічыць міністр. — Цяпер выпускнікі праграмы — таленавітыя кіраўнікі і перадавыя спецыялісты ў сваіх галінах. Больш за 40% з іх працуе ў рэальным сектары эканомікі, 20% — у сферы адукацыі і навукі, больш за 7% — у сферы медыцыны і аховы здароўя. Каля чвэрці з’яўляецца топ-менеджарамі буйных кампаній і дзяржарганізацый. На рахунку ў “балашакаўцаў” сотні навуковых распрацовак, якія носяць прыкладны характар, больш за 100 буйных сацыяльных праектаў у сферы аховы здароўя, адукацыі, культуры і інжынірынгу. Варта адзначыць, што са сваёй гістарычнай місіяй праграма справілася. Мы спадзяёмся, “балашакаўцы” працягнуць уносіць сваю лепту ў будучыню нашай краіны”.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.