Чвэрць стагоддзя пад “Каляднай зоркай”

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзi адкрылася традыцыйная рэспубліканская выстава-­конкурс дэкаратыўна-­прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”. Сёлета яна праводзiцца 25-­ы раз.

Традыцыйна ў своеасаблівай бiтве талентаў прымаюць удзел навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў адукацыi ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў. Удзельнiкi дэманструюць уменне працаваць з любым вiдам матэрыялу, у розных тэхнiках дэкаратыўна-прыкладной творчасці, такіх як выцінанка, мастацкая саломка, мастацкi роспіс, кераміка, бяроста, вышыўка, ткацтва, габелен і інш.

Адкрыццё выставы-конкурсу традыцыйна карыстаецца папулярнасцю i збiрае шмат сяброў. I гэтым разам у выставачнай зале цэнтра было вельмі мнагалюдна. Госцi мерапрыемства не выпускалі з рук мабiльныя тэлефоны, але не для таго, каб пагартаць стужку Instagram цi пачытаць навiны ў Telegram, а каб сфатаграфаваць работы ўдзельнiкаў i захапiць кавалачак пазiтыву з сабой на памяць: ад яркiх колераў i арыгiнальных увасабленняў святочных iдэй лiтаральна разбягалiся вочы.

Сёлета на рэспублiканскую выставу-конкурс прадстаўлена больш за 500 індывідуальных і калектыўных творчых работ з усіх куткоў краіны. Тэматыка твораў: “Зімовыя святы”, “Зімовыя забавы” i “Зімовыя казкі”.

На выставе можна пабачыць складаныя арт-аб’екты, ёлачныя цацкі, навагоднія касцюмы, аўтарскую ляльку, сувеніры і падарункі да свята. Папулярнасцю ў канкурсантаў карыстаюцца сiмвалы надыходзячага года — тыгры, а таксама традыцыйныя навагоднiя i калядныя вобразы i сюжэты: Дзед Мароз, Снягурка, бiблейскiя матывы, звязаныя з Нараджэннем Хрыстовым.

Самыя цікавыя, яркія і змястоўныя дзіцячыя работы будуць прадстаўлены ў Палацы Рэспублікі ў рамках дабрачыннага навагодняга свята для дзяцей 26 снежня, а выставу можна будзе наведаць да 30 студзеня 2022 года.

Вiталiна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота аўтара.