Восеньскі кірмаш прайшоў у дзіцячым садзе № 17 “Залаты ключык” Жодзіна. Яго асноўная мэта — далучэнне бацькоў выхаванцаў да сумеснай дзейнасці.
Ужо чацвёрты год ва ўстанове адукацыі праводзіцца восеньскі кірмаш, а значыць, мерапрыемства набыло статус традыцыйнага. Прыемна, што з кожным разам межы ўзаемадзеяння з бацькамі выхаванцаў пашыраюцца. У гэтым навучальным годзе педагогі далучыліся да рэалізацыі сацыяльна-педагагічнага праекта “Узаемадзеянне ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і ў пытаннях выяўлення ранняга сямейнага недабрабыту сродкамі арганізацыі асветніцкай работы па авалоданні бацькамі ведаў у галіне сямейнага выхавання і актыўнага адпачынку”. Менавіта таму восеньскі кірмаш прысвяцілі тэме работы дзіцячага сада з сям’ёй. Відавочна, што толькі дзякуючы сумеснай дзейнасці з’яўляецца магчымасць назіраць за тым, як наладжваюцца зносіны ў той ці іншай сям’і.
Кірмаш праводзіўся ў межах святкавання Тыдня бацькоўскай любові. Як і звычайна, яго арганізавалі на вуліцы, каб максімальна ахапіць удзельнікаў. Тэрыторыя дзіцячага сада дазваляе стварыць умовы для сумеснай дзейнасці бацькоў, педагогаў і дзяцей.
Чым жа быў адметны сёлетні кірмаш? Выхаванцы старшых груп з музычнымі кіраўнікамі падрыхтавалі адпаведныя пастаноўкі, у якіх актыўны ўдзел прымалі мамы і таты. А нашы педагогі арганізавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, на якіх дзеці з дарослымі маглі цікава правесці час за гульнямі, спартыўнымі спаборніцтвамі, шматлікімі конкурсамі. Таксама на пляцоўках дашкольнай установы працавалі творчыя майстэрні.
На іх юныя мастакі малявалі васковай крэйдай, фарбамі. Вынікам іх работы сталі прыгожыя калектыўныя восеньскія замалёўкі.
Вялікую ўвагу падчас восеньскага кірмашу ўдзялілі пляцоўкам, на якіх дзеткі з дарослымі гулялі ў настольныя гульні: спаборнічалі, хто лепшы ў шашках, “Крыжыках-нуліках”, складвалі пазлы. Усё гэта актыўна развівае уважлівасць, кемлівасць, дробную маторыку.
Час, праведзены разам з бацькамі і іх малышамі, прайшоў весела, цікава і з карысцю. Нашы выхаванцы вярталіся дадому не толькі з добрым настроем, але і з пакупкамі. Дарэчы, дзякуючы намаганням мам, на нашым кірмашы было многа цікавага і смачнага.
Таццяна ХАДАРОНАК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 17 “Залаты ключык” Жодзіна
Фота аўтара