Чым больш аддаеш, тым больш застаецца

Шмат гадоў у Паляцкішскай сярэдняй школе дзейнічае дзіцячая ініцыятыва “Не побач, а разам”. Наш дэвіз — “Не рабіць зла — мала, трэба рабіць дабро”. На працягу навучальнага года мы праводзім шмат акцый: “Дзеці — дзецям”, “Апошні ліст”, “Міласэрнасць”, “Памяць”. Для нас важна, што ў ініцыятыве ўдзельнічаюць вучні рознага ўзросту: ад першакласнікаў да выпускнікоў.

1 кастрычніка — Дзень пажылых людзей, добрая нагода ўдзяліць асаблівую ўвагу не толькі родным бабулі і дзядулі, але і адзінокім састарэлым людзям. Удзельнікі ініцыятывы сваімі рукамі змайстравалі рамонкі і святочныя паштоўкі з віншаваннямі для пенсіянераў, выйшлі на вуліцу і з цёплымі словамі ўручылі іх мінакам сталага ўзросту. Не абышлі ўвагай і тых, хто па стане здароўя рэдка выходзіць з дому.

Кожнаму прыемна было атрымаць падарункі як сімвал таго, што ён не адзін у гэтым вялізным свеце. А вучні чарговы раз упэўніліся: чым больш аддаеш, тым больш застаецца.

С.В.ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
педагог-арганізатар Паляцкішскай сярэдняй школы.