Чым будзе напоўнена жыццё педагогаў і юных жыхароў Ашмяншчыны ў навучальным годзе, расказала Святлана Баркоўская

- 12:23Планерка

Цікавымі задумамі і планамі на новы навучальны год з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася начальнік упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Святлана Баркоўская.

— Усе мерапрыемствы плана па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года паспяхова выкананы. На гэта затрачана 676,3 тысячы рублёў, у тым ліку бюджэтных сродкаў — 526,9 тысячы рублёў, пазабюджэтных — 46,7 тысячы. І дадаткова 102,6 тысячы рублёў спонсарскай дапамогі, — расказала Святлана Мікалаеўна. — За гэтыя сродкі закуплены камп’ютарныя класы ў гімназію № 1 Ашмян і ў Дакурнішскую сярэднюю школу. У сярэдняй школе № 3 Ашмян аснашчаны сучасным абсталяваннем і ўсім неабходным для навучання кабінеты працоўнага навучання, дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, а на спартыўных пляцоўках з’явілася новае асфальтабетоннае пакрыццё. У Жупранскай сярэдняй школе і Граўжышкаўскай базавай школе адрамантаваны дахі. У ходзе рамонту харчаблокаў школьных і садаўскіх сталовых набыты кандыцыянеры, электрапатэльні, электрапліты, параканвектаматы, бактэрыцыдныя лямпы, вагавое і халадзільнае абсталяванне, а таксама сталовы посуд больш чым на 58 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў.

Праведзена вялікая работа па стварэнні бяспечных умоў ва ўстановах адукацыі. Так, запасныя выхады з трох гарадскіх школ абсталяваны электразамкамі з дыстанцыйным кіраваннем. Таксама разумныя механізмы з’явіліся ва ўсіх дзіцячых садах і школах з дашкольнымі групамі. У трох установах праведзены рамонт пажарнай аўтаматыкі амаль на 32 тысячы рублёў. Школьны аўтобусны парк раёна папоўніўся трыма транспартнымі сродкамі.

Сярод дасягненняў сістэмы адукацыі раёна — 12 стабальных вынікаў на ЦЭ і ЦТ, два прызавыя месцы на рэспубліканскай алімпіядзе, прызнанне лепшай дашкольнай установай адукацыі Гродзеншчыны дзіцячага сада № 6 Ашмян. У міжнародным конкурсе прафмайстэрства спецыялістаў-дашкольнікаў “Майстэрства без меж” дзіцячы сад № 4 Ашмян заняў 2-е месца ў намінацыі “Лепшы настаўнік-дэфектолаг”. Утрыманы лепшыя пазіцыі ў вобласці па навучанні школьнікаў у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку — 43 навучэнцы.

— Святлана Мікалаеўна, а колькі маладых спецыялістаў папоўнілі сёлета шэрагі педагагічных работнікаў?

— У раённы педкалектыў напярэдадні навучальнага года прыбылі 26 маладых спецыялістаў, з іх 14 вучыліся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Большасць маладых педагогаў — ураджэнцы нашага раёна. З іх трое — уладальнікі дыплома з адзнакай. Гэта выпускнік гарадской сярэдняй школы № 1 Яраслаў Мацкевіч, а цяпер настаўнік гісторыі гімназіі № 1 Ашмян. Гэта выпускніца Мураванаашмянкаўскай сярэдняй школы Настасся Васілеўская, якая працуе выхавальніцай дзіцячага сада аграгарадка Гальшаны, і выпускнік гарадской сярэдняй школы № 2 Яўген Ненартовіч, які пачаў вучыць замежнай мове дзяцей Цудзенішскай сярэдняй школы.

Адзначу, па традыцыі працуючы на перспектыву, мы працягваем забяспечваць сістэму адукацыі маладымі кадрамі за кошт такога дзейснага механізму, як навучанне выпускнікоў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Сёлета заключылі 15 дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, у мінулым годзе такіх дагавораў было 13, а пазалетась — 19. На даволі высокім узроўні арганізавана работа па паступленні выпускнікоў-мэтавікаў на педагагічныя спецыяльнасці ў Кальчунскай і Мураванаашмянкаўскай сярэдніх школах.

Сёлета шасці педагогам выдзелена арэнднае жыллё, усе маладыя спецыялісты, якія маюць патрэбу, атрымалі інтэрнат. Непасрэдныя кіраўнікі педагогаў-пачаткоўцаў у курсе іх жыллёвага ўладкавання і арганізацыі побыту. У выпадку неабходнасці яны заўсёды гатовы дапамагчы і аказаць любое пасільнае садзейнічанне.

— Чым будзе напоўнена жыццё педагогаў і юных жыхароў Ашмяншчыны ў 2025/2026 навучальным годзе? Якія навацыі плануецца рэалізаваць?

Сёлета 13 устаноў будуць працаваць у інавацыйным рэжыме. У 2025/2026 навучальным годзе ў раёне плануецца рэалізаваць 3 інавацыйныя і 2 эксперыментальныя праекты. Напрыклад, у Дакурнішскай сярэдняй школе рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры здаровага ладу жыцця, сацыяльна бяспечных і адказных паводзін вучняў у сучаснай адукацыйнай прасторы”. У сярэдняй школе № 3 Ашмян стартуе інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання крэатыўнага мыслення малодшых школьнікаў у кантэксце фарміравання функцыянальнай адукаванасці”. А ў Кракаўскім дзіцячым садзе пачнём эксперыментальны праект па апрабацыі навукова-метадычнага забеспячэння ацэнкі дзейнасці ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

11 устаноў удзельнічаюць у праекце “Укараненне мадэлі фарміравання гатоўнасці педагога да кіраўніцкай дзейнасці ва ўстанове адукацыі”. Мэта інавацыі — фарміраванне гатоўнасці да кіраўніцкай дзейнасці педагога з рэзерву на пасаду кіраўніка ўстановы адукацыі для яго поўнай і ўстойлівай самарэалізацыі ў прафесіі.

У раёне таксама на базе пяці ўстаноў функцыянуюць абласныя цэнтры эфектыўных педагагічных практык па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў і выкарыстанні нетрадыцыйных тэхнік выяўленчай дзейнасці ў рабоце з імі. Педагогі дадатковай адукацыі фарміруюць у дзяцей патрэбу ў творчай самарэалізацыі, далучаючы іх да традыцыйнага народнага мастацтва беларусаў. У Мураванаашмянкаўскай сярэдняй школе педагогі актыўна выкарыстоўва­юць электронныя сродкі навучання на ўроках працоўнага навучання. А ў сярэдняй школе № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага з дапамогай цікавасці да робататэхнікі развіва­юць інжынерна-тэхнічнае мысленне і творчы падыход у вучняў. Гэты вопыт трансліруецца на раённых і абласных сустрэчах, пры рэалізацыі праграм павышэння кваліфікацыі педагогаў у ГрАІРА.

Сёлета больш за 40 навучэнцаў 2 і 4 класаў сярэдняй школы № 3 Ашмян вывучаюць кітайскую мову на факультатыўных занятках. Яшчэ 15 школьнікаў 5—6 класаў працягваюць навучанне кітайскай грамаце, якую пачалі вывучаць летась.

— Святлана Мікалаеўна, як рэалізуецца прафарыентацыйная работа са старшакласнікамі?

— Для павышэння эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы сёлета для вучняў 10 класаў у сярэдняй школе № 2 Ашмян адкрыты профільныя групы сельскагаспадарчай, ваенна-патрыятычнай, інжынернай і педагагічнай накіраванасці. Таксама педагагічныя групы набраны ў ашмянскай сярэдняй школе № 3, Кальчунскай і Навасёлкаўскай сярэдніх школах. Інжынерны профіль рэалізуецца ўсяго ў чатырох установах адукацыі раёна. Летась была пашырана сетка профільных груп ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Сёння яны працягваюць сваю дзейнасць у гімназіі № 1 Ашмян, Жупранскай сярэдняй школе імя Ф.К.Багушэвіча.

Для павышэння якасці прафарыентацыйнай работы ў профільных класах прафесійнай накіраванасці мы супрацоўнічаем з больш чым дзясяткам профільных арганізацый раёна і з шасцю ўстановамі вышэйшай адукацыі.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара