Чым дапамагае навучэнцам з РАС выкарыстанне балансборда на занятках

- 8:54Образование, Портфолио, Приложение

Апошнім часам стала модным выкарыстанне нестандартнага абсталявання для карэкцыі розных парушэнняў маўленчага і інтэлектуальнага развіцця. Фітбол, балансіровачная падушка, нейракрэсла, батут, светлавы планшэт для малявання пяском.

Мяне зацікавіла прымяненне балансборда на вучэбных і карэкцыйных занятках з мэтай мазжачковай стымуляцыі. Усім вядома, што мазжачок удзельнічае ў інтэлектуальным, моўным і эмацыянальным развіцці дзіцяці. Мазжачковае стымуляванне станоўча ўплывае і павялічвае эфект карэкцыйных заняткаў.

Балансборд акажа дапамогу навучэнцам з РАС у развіцці навыкаў прасторавай арыентацыі, кагнітыўных і псіхічных функцый, маўлення. Я заўважыла, што пасля яго выкарыстання 3 разы на тыдзень па 10—15 мінут у дзень у першакласнікаў з РАС павысілася матывацыя да заданняў, палепшылася ўспрыманне вуснай мовы, знізіліся ўспышкі непажаданых паводзін, сталі менш інтэнсіўнымі паўтаральныя рухі. Дзецям з РАС неабходна больш часу, каб прывыкнуць да ўмоў навучання. Балансір дапамагае адаптаваць іх да ўсведамлення свайго цела ў прасторы. Паставіла перад сабой наступныя задачы: развіваць агульную і дробную маторыку; пашыраць уяўленні аб навакольным свеце праз балансаванне; карэкціраваць псіхічныя працэсы; вучыць бацькоў узаемадзейнічаць з дзіцем нетрадыцыйнымі тэхнікамі.

Пачынала сваю работу паступова з развіцця ў дзіцяці ўмення залазіць і злазіць з балансіра на працягу 1 мінуты. Наступны этап — калыханне пад музыку. Настаўнік знаходзіцца побач з дзіцем, у той час як навучэнец атрымлівае сенсорную разгрузку. Затым ускладняла заданні і дабаўляла практыкаванні на развіццё дыхання, вярчальныя рухі рукамі.

Падчас вучэбных заняткаў навучэнцы працуюць ля дошкі, стоячы спачатку на балансіровачнай падушцы. Затым мяняю балансіровачную падушку на балансір. Дзеці пры гэтым размалёўваюць контурныя карцінкі, працуюць з літарамі і лічбамі. Практыкаванні на балансіры можна выконваць, адпрацоўваючы моўны матэрыял. На занятках па навучанні пісьму мы прапяваем галосныя гукі з рознай сілай і вышынёй, балансуючы на дошцы, з працяглым утрыманнем кінестэтычнай позы рук. Дзеці адгадваюць і прагаворваюць галосныя гукі па адпаведных рухах.

Практыкаванні падбіраю пад кожнае дзіця, зыходзячы з яго асаблівасцей і магчымасцей. Да кожных заняткаў ёсць дадатковы матэрыял. Прайшло псіхолага-педагагічнае абследаванне навучэнцаў з АПФР, якія займаліся на балансіры. На працягу першага паўгоддзя былі вызначаны дзве групы навучэнцаў: дзе вучэбныя і карэкцыйныя заняткі праходзілі ў звычайным рэжыме і дзе з выкарыстаннем балансіра. Вынікі прамежкавага абследавання паказалі вышэйшую дынаміку ў дзяцей, якія зай­маюцца на балансіры. Праводзілася і ацэнка дасягненняў і цяжкасцей, якія ўзнікаюць у навучэнцаў, наведвальнасць заняткаў, узаемадзеянне з сям’ёй. Бацькі таксама зацікавіліся вынікамі сваіх дзяцей. Сем’і пачалі выкарыстоў­ваць падручныя сродкі — балансіровачныя падушкі, нахіленыя самаробныя дошкі — і выконваць заданні дома, што паляпшала пазнавальныя працэсы і мову дзяцей.

Юлія ЛЕБЕДЗЕВА,
настаўнік-дэфектолаг
сярэдняй школы № 18 Барысава