Чым добрыя сумныя беларускія выбары

Цяперашняя парламенцкая выбарчая кампанія даволі актыўна асвятляецца ў СМІ — як дзяржаўных, так і недзяржаўных. На гэтым участку медыяполя, як паказваюць вынікі маніторынгу Беларускага саюза журналістаў, пануе плюралізм меркаванняў: ад аднолькавай і роўнай увагі да ўсіх кандыдатаў да лаяльнага стаўлення толькі да пэўнай іх часткі і ўпартага мусіравання чутак аб фальсіфікацыях, якія нібыта маюць месца. Тым не менш выбары ў Палату прадстаўнікоў шостага склікання не прамінулі таго, што іх назвалі сумнымі. Чаму гэта не так ужо і дрэнна, растлумачыў палітычны аналітык, дырэктар інфармацыйна-асветнай установы “Актуальная канцэпцыя” Аляксандр Шпакоўскі.

Парламенцкая кампанія ў Беларусі традыцыйна праходзіць не так прыкметна для грамадзян, як выбары кіраўніка дзяржавы. І гэта цалкам лагічна для прэзідэнцкай рэспублікі. Да таго ж, як адзначыў Аляксандр Шпакоўскі, беларуская палітычная культура менш экстравагантная, чым у некаторых краінах-суседзях. “Нашы кандыдаты ў дэпутаты не ствараюць столькі інфармацыйных падстаў, каб пра іх узмоцнена пісаць”, — сказаў аналітык. Ён дадаў, што беларускія палітычныя баталіі не суправаджаюцца рознымі бруднымі паліттэхналогіямі — чорным піярам, дыскрэдытацыяй канкурэнтаў, укідваннем кампрамату — і гэта добра.

Немалы ўплыў на палітычныя культуру і свядомасць аказваюць СМІ. Грамадская думка ў Беларусі, як і ў любой іншай краіне, няўстойлівая і можа мяняцца ў тым ліку пад уздзеяннем розных медыятэхналогій. Аляксандр Шпакоўскі ў сувязі з гэтым асабліва адзначыў адказнасць вядучых СМІ і журналістаў, што там працуюць, якія не займаюцца падрыхтоўкай і запускам розных правакацыйных матэрыялаў. Гэтым забяспечаны не толькі спакойны ход выбарчых кампаній, але і ў многім унутрыпалітычная стабільнасць, міжнацыянальны, міжэтнічны, міжрэлігійны кансэнсус у беларускім грамадстве.

“Многія кажуць, што ў нас нецікавыя, сумныя выбары, але мяне гэта вельмі радуе. Па той прычыне, што, дзе шмат работы для нашага брата, палітолага, там вельмі слабая дзяржава. Чым больш розных палітычных інтрыг, чым яны больш цікавыя, тым горшае жыццё звычайных грамадзян”, — падкрэсліў Аляксандр Шпакоўскі.

Выбары па-беларуску, магчыма, праходзяць без шумных скандалаў у прэсе, затое пры дакладным захаванні ўсяго спектра дэмакратычных электаральных працэдур. Кандыдатам у дэпутаты, і гэта адзначаюць міжнародныя наглядальнікі, створаны аднолькавыя ўмовы для вядзення перадвыбарнай агітацыі, канкурэнтнай барацьбы за месца ў парламенце. Аляксандр Шпакоўскі звярнуў увагу, што цяпер на некаторых выбарчых участках настолькі цікавая сітуацыя, што спрагназаваць вынікі галасавання складана нават вопытным палітычным аналітыкам.

Ён адзначыў, што беларускія выбаршчыкі робяць свой выбар, арыентуючыся галоўным чынам на біяграфію кандыдатаў у дэпутаты, іх дасягненні, аддаючы перавагу эканамістам, кіраўнікам. Таму ў парламенце асноўную масу дэпутатаў складаюць палітыкі, якіх можна назваць моцнымі гаспадарнікамі. Гэта ў большай ступені тэхнакраты, а не дыскутанты. Адсюль і дзелавы, спакойны стыль работы беларускага парламента.