Чым на ўроку дапаможа мем?

ІІ навукова-практычная канферэнцыя “Грамадазнаўства: маральна-прававы патэнцыял вучэбнага прадмета. Актуальнасць і перспектывы” прайшла нядаўна ў завочнай форме на платформе дыстанцыйнага навучання Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Яе арганізатарамі з’яўляюцца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, МГІРА, сярэдняя школа № 182 сталіцы імя У.М.Карвата, гістарычны факультэт БДПУ імя Максіма Танка. Педагогі абмеркавалі актуальныя праблемы выкладання грамадазнаўства, традыцыйныя і новыя падыходы да арганізацыі вучэбных заняткаў па прадмеце, творчае супрацоўніцтва настаўніка і навучэнцаў на ўроках і ў пазакласнай рабоце.

У аснове — кампетэнтнасны падыход

На думку настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 32 Магілёва Аксаны Леанідаўны Бурачэўскай, паспяховае засваенне зместу вучэбнага прадмета “Грамадазнаўства” магчыма пры выкарыстанні метадаў, якія дазваляюць раскрыць і канкрэтызаваць паняцці, што вывучаюцца, сінтэзаваць вучэбны матэрыял і выкарыстоўваць асабісты вопыт. Актывізацыі вучэбнай дзейнасці ў працэсе навучання садзейнічае выкарыстанне такіх метадаў, як дыскусія, метад праектаў, кейс-метад і інш.

Для распрацоўкі і рэалізацыі праекта навучэнцам прапаноўваецца пэўная праблема, узятая з жыцця. Каб яе вырашыць, яны павінны выкарыстоўваць назапашаныя веды, сфарміраваныя ўменні і навыкі, а таксама авалодаць новымі ведамі. Асноўныя этапы работы над праектам: інфармацыйны, арганізацыйна-пошукавы, абагульняючы (вылучэнне ключавой праблемы ў выглядзе тэзіса, вызначэнне яе актуальнасці, мэт і задач даследавання, а таксама спосабаў вырашэння), прэзентацыя праекта (справаздача па праекце) і яго ацэнка. Сярод прыкладных тэм праектаў — “Дэмаграфічная бяспека Беларусі”, “Праф­арыентацыйная работа для моладзі ў школе”, “Узровень жыцця ў Рэспубліцы Беларусь”, “Маладзёжная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь”, “Праблема сацыялізацыі падрастаючага пакалення”, “Якасці сучаснага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”.

Актывізаваць вучэбна-пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, матываваць іх да больш глыбокага і сістэмнага вывучэння грамадазнаў­ства, а галоўнае — зразумець, што любая праблема мае некалькі альтэрнатыўных рашэнняў, настаўніцы дазваляе выкарыстанне кейс-метаду (ад англ. case — выпадак, сітуацыя). Гэта інтэрактыўны метад навучання, заснаваны на вырашэнні канкрэтных задач-сітуацый (кейсаў). Выкарыстанне кейс-метаду дазваляе навучэнцам набываць навыкі аналізу і сістэматызацыі вялікага аб’ёму інфармацыі, вучыць аргументаваць свой пункт гледжання, аблягчае пошук альтэрнатыўных шляхоў вырашэння праблемы. Галоўная мэта кейсаў — гэта практычны бок навучання, падчас якога вучні павінны навучыцца прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы. Крыніцы для фарміравання кейсаў больш чым разнастайныя: гэта матэрыялы СМІ, статыстычныя даныя, табліцы, дыяграмы, сімвалы, фотаздымкі, карыкатуры.

Прымяненне кейсаў на ўроках складаецца з двух этапаў. На першым настаўніца стварае кейс (сітуацыю) і прапаноўвае пытанні для яго аналізу. Кейс уключае ў сябе выбар тэмы, мэтавызначэнне і пастаноўку задач для рэалізацыі намечанай мэты, вызначэнне кантэксту, вызначэнне і фармулёўку праблемы, збор неабходнай інфармацыі. Другі этап уключае работу з кейсам непасрэдна на ўроку: індывідуальная работа навучэнцаў з матэрыяламі кейса, работа ў малых групах па ўзгадненні бачання ключавой праблемы і яе вырашэння, прэзентацыя і экспертыза вынікаў работы малых груп падчас дыскусіі, падвядзенне вынікаў, выпрацоўка аптымальнага рашэння.

“Роля настаўніка на гэтым этапе заключаецца ў тым, што ён вылучае і абгрунтоўвае сваю версію вырашэння праблемы або тую, якая рэальна адбылася ў жыцці, вызначае лепшыя рашэнні. Галоўнае тут — уменне ма­дэляваць рэальныя жыццёвыя сітуацыі і прымяняць на практыцы факталагічны матэрыял, — расказвае А.Л.Бурачэўская. — Прымяняючы кейс-метад на ўроках, звычайна выкарыстоўваю групавую форму работы: спачатку навучэнцы індывідуальна абдумваюць змест кейса, далей калектыўна абмяркоў­ваем сітуацыю і прымаем рашэнне. Падчас вывучэння тэмы “Асновы сямейнага права” навучэнцам у форме дзелавой гульні прапануецца замацаваць веды аб заканадаўстве Рэспублікі Беларусь у сферы шлюбных адносін. У якасці праблемы прапаноўваецца абмеркаваць пытанне папулярнасці сярод сучаснай моладзі грамадзянскіх шлюбаў, з аднаго боку, і негатыўнае стаўленне да гэтай формы саюза паміж мужчынам і жанчынай у людзей старэйшага ўзросту — з другога. Клас дзеліцца на дзве групы, якія атрымліваюць аднолькавыя кейсы. Адна група навучэнцаў вывучае і аналізуе сітуацыю з пазіцыі маладых людзей. Другая — вывучае і аналізуе сітуацыю з пазіцыі бацькоў. Навучэнцы канкурыруюць паміж сабой у пошуку лепшага рашэння”.

Навучыць крытычна мысліць

“Працэс навучання будзе больш паспяховым, калі выкарыстоўваць разнастайныя стратэгіі развіцця мысліцельнай дзейнасці, — лічыц­ь настаўніца гісторыі і грамадазнаў­ства ліцэя № 1 Мінска Ала Мікалаеўна Дронава. — Зададзімся пытаннем: як мы можам дапамагчы сваім вучням? Ключом да поспеху з’яўляецца дапамога ў наладжванні неабходных сувязей паміж матэрыялам, які вывучаецца, і асабістым вопытам і ведамі дзяцей. Акрамя гэтага, вучні павінны мець магчымасць вызначыць уласныя мэты і патрэбы, а таксама ўмець выказаць і абгрунтаваць свой пункт гледжання. Вельмі важным з’яўляецца заахвочванне свабоднай дыскусіі. Калі вучні маюць магчымасць разва­жаць, выяўляецца разнастайнасць іх меркаванняў і ацэнак. Поспех, у першую чаргу, залежыць ад зацікаўленасці і жадання вучыцца”.

Базавая мадэль тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення дае добрую падставу для выбару педагогам тых ці іншых метадычных прыёмаў работы. На ўроках А.М.Дронавай гэта можа быць прагназаванне з рознага тыпу пытаннямі, стымуляванне мысліцельнай дзейнасці з дапамогай накіраванага чытання. Абапіраючыся на наяўныя веды навучэнцаў, педагог акрэслівае мэты навучання, заахвочвае старшакласнікаў да разважання. Настаўніца накіроўвае намаганні вучняў у патрэбнае рэчышча, сутыкае розныя меркаванні, стварае ўмовы, якія падахвочваюць да прыняцця самастойнага рашэння.

Мэтазгодным педагог лічыць і выкарыстанне прыёму “Чытанне з прыпынкамі”, каб прыцягнуць вучняў да асэнсаванага чытання. Абавязковая ўмова для выкарыстання прыёму: знайсці аптымальны момант у тэксце для прыпынку. Гэтыя прыпынкі — своеасаблівыя шторы: па адзін бок знаходзіцца вядомая інфармацыя, а па іншы — зусім невядомая, здольная сур’ёзна паўплываць на ацэнку падзей. Гэты прыём змяшчае ўсе стадыі тэхналогіі: канструяванне тэксту па апорных словах, абмеркаванне і прагноз зместу і праблематыкі тэксту, чытанне тэксту невялікімі ўрыўкамі з абмеркаваннем зместу кожнага і прагнозам развіцця падзей. Прычым пытанні, якія задае настаўнік, ахопліваць усе ўзроўні табліцы пытанняў Блюма. Абавязковае пытанне: што будзе далей і чаму? Пазнаёміўшыся з часткай тэксту, навучэнцы ўдакладняюць сваё ўяўленне аб матэрыяле. Асаблівасць прыёму ў тым, што момант удакладнення свайго ўяўлення (стадыя асэнсавання) адначасова з’яўляецца і стадыяй выкліку для знаёмства з наступным фрагментам. На стадыі заключнай гутаркі тэкст зноў уяўляе сабой адзінае цэлае. Работа з тэкстам развівае ўменне аналізаваць, выяўляць сувязь асобных элементаў, развівае ўменне выказваць свае думкі, вучыць разуменню і асэнсаванню.

Рэфлексія дапамагае вучням не толькі ўсвядоміць спосабы вырашэння задачы, зафіксаваць дасягнуты імі адукацыйны вынік, але і часта перавызначыць мэты далейшай работы, самому скарэкціраваць свой адукацыйны шлях, ствараючы пры гэтым рэальныя ўмовы для ўсведамлення сваёй індывідуальнасці і ўнікальнасці. У працэсе такой работы ў навучэнцаў ствараюцца разумовыя зачэпкі, якія адыгрываюць важную ролю ў развіцці дапытлівасці. Па меркаванні А.М.Дронавай, метады тэхналогіі крытычнага мыслення ствараюць умовы для самастойнага спасціжэння ведаў. Толькі тады гэтыя веды будуць спрыяць развіццю асобы. Выкладанне канцэнтруецца на распрацоўцы канцэпцый, узбагачэнні слоўніка, пашырэнні агульных ведаў. Яно вучыць разуменню з дапамогай назірання, прагназавання і рэзюмавання.

Нагляднасць, запамінальнасць, творчы падыход

Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 25 Брэста Данііл Анатольевіч Скабук падзяліўся вопытам выкарыстання на сваіх уроках інтэлект-карт. Да іх прымянення педагога падштурхнуў шэраг праблем, з якімі сутыкаюцца вучні падчас успрымання і засваення матэрыялу: адсутнічае або недастаткова сфарміраваны навык работы з тэкстам і яго аналізу, цяжкасці пры вылучэнні галоўнага і ўстанаўленні прычынна-выніковых сувязей, складанасць пабудовы разгорнутага аргументаванага адказу, кліпавасць мыслення (калі навучэнец не здольны доўга канцэнтравацца на інфармацыі з-за яе насычанасці).

Асноўныя рысы метаду стварэння інтэ­лект-карт:

· аб’ект вывучэння адлюстраваны ў цэнтральным вобразе, куды змяшчаецца паняцце, што вывучаецца;

· звязаныя з цэнтральным вобразам тэмы разыходзяцца ад яго ў выглядзе галін;

· галіны абазначаюцца і тлумачацца ключавымі словамі або вобразамі;

· ад галін першага парадку адыходзяць галіны другога парадку і г.д.;

· галіны фарміруюць звязаную па сэнсе вузлавую сістэму;

· выкарыстанне розных колераў для асацыіравання інфармацыі.

На ўроках Данііл Анатольевіч прапаноўвае навучэнцам наступныя віды работы з картамі: аналіз ужо распрацаваных карт у якасці гатовага матэрыялу пры вывучэнні тэмы, распрацоўка карты сумесна з навучэнцамі шляхам стварэння яе структуры (выяўленне цэнтральнага вобразу, галін першага парадку), работа ў групах або парах, індывідуальная работа на ўроку ці дома, якая прадугледжвае самастойнае вывучэнне матэрыялу і складанне інтэ­лект-карты. Напрыклад, у 9 класе пры вывучэнні тэмы “Зносіны і іх роля ў жыцці чалавека” выяўляецца цэнтральны вобраз, заключаны ў слове “зносіны”, затым з дапамогай інфаграфікі і схем да параграфа фармулююцца галіны першага парадку (“Віды зносін”, “Сродкі зносін” і “Спосабы ўздзеяння”). Пасля гэтага навучэнцы дзеляцца на пары ці групы, ім даюцца адпаведныя заданні, адказы на якія стануць ключавымі паняццямі для галін другога парадку на карце.

Інтэлект-карты валодаюць такімі асаблівасцямі, як нагляднасць, запамінальнасць, творчы падыход (пошук нестандартных рашэнняў пры распрацоўцы карты), магчымасць перагляду і пошук новых ідэй. “Перавагамі інтэлект-карт з’яўляюцца іх свабодная форма і неабмежаваная структура. У навучэнцаў няма абмежаванняў на ідэі або адсылкі да іх, няма неабходнасці захоўваць ідэальную структуру або фармат карты. Распрацоўка інтэлект-карты садзейнічае развіццю творчага мыслення, “мазгавому штурму”, генерацыі ідэй і іх аналізу, — заўважае Д.А.Скабук. — Інтэлект-карты робяць навучанне асэнсаваным праз інтэграцыю папярэдняга матэрыялу з новым, калі навучэнцы могуць знайсці сувязь паміж новымі і наяўнымі ведамі праз размеркаванне іх фрагментаў у межах цэнтральнай тэмы”.

Сур’ёзныя праблемы ў лёгкай форме

Для фарміравання пазнавальнай актыўнасці вучняў настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 124 Мінска Кацярына Юр’еўна Жогаль прымяняе мемы.
“У сучасным грамадстве велізарная колькасц­ь інфармацыі паступае з зусім розных крыніц. Яе складана ўспрымаць і запамінаць. Такім чынам, у адукацыйным працэсе трэба звяртацца не да простага зазубрывання матэрыялу, а да выкліку эмоцый у навучэнцаў, да стварэння асацыя­тыўнага рада. Трэба падабраць такія сродкі падачы матэрыялу, каб навучэнцы не проста разумелі, але і запаміналі, маглі ўзнавіць атрыманыя веды. Такім сродкам можа паслужыць мем, — тлумачыць Кацярына Юр’еўна. — Калі задаць пытанне любому вучню, што ён разумее пад словам “мем”, яны ўсе адкажуць, што мем — гэта смешная карцінка. На самай справе ў паняцці “мем” закладзены куды большы сэнс. Мемам можа лічыцца любая ідэя, сімвал, манера ці спосаб дзеяння, якія свядома ці неўсвядомлена перадаюцца ад чалавека да чалавека з дапамогай маўлення, пісьмаў, відэа, рытуалаў, жэстаў”.

Як мем можа спатрэбіцца на ўроку? Па-першае, закладзеная ў яго інтэрактыўнасц­ь (здольнасць узаемадзейнічаць або знахо­дзіцца ў рэжыме гутаркі, дыялогу з кім-небудзь (чалавекам) або чым-небудзь (напрыклад, камп’ютарам) спрыяе паспяховаму запамінанню і распаўсюджванню інфармацыі. Мем чапляецца ў памяці, завастрае на сабе ўвагу незвычайнасцю, арыгінальнасцю, досціпам, асаблівым стылем і манерай. Навучэнцам куды цікавей паспрабаваць зразумець смешную карцінку, чым проста завучыць матэрыя­л. Па-другое, мемы вучаць дзяцей крытычна мысліць. Мем нічога не гаворыць, а іншасказальна намякае на важныя праблемы, маючы пры гэтым несур’ёзную, паўжартаўлівую, лёгкую для запамінання форму. Інфармацыя ў меме зашыфравана, зразумець і прачытаць яе магчыма толькі пры наяўнасці пэўных ведаў і вопыту.

Алгарытм работы з мемам, які выкарыстоўвае Кацярына Юр’еўна, выглядае наступным чынам.

1 этап. Апісанне мема і распазнаванне персанажаў:

· Апішыце, што намалявана.

· Каго сімвалізуюць персанажы (краіны, людзі, партыі і інш.)?

· На падставе чаго вы вызначылі персанажаў? Пацвердзіце свае высновы спасылкамі на дэталі малюнка (асаблівасці знешнасці, адзен­не, жэсты, прадметы, сімволіка і інш.).

2 этап. Вызначэнне тэматыкі мема:

· Якія факты (падзеі, з’явы, працэсы) адлюстраваны ў меме?

· Якія рысы (характарыстыкі) з’явы адлюстраваны ў меме?

· Дайце абгрунтаванне сваіх высноў.

3 этап. Вызначэнне аўтарскай думкі, ідэй:

· З якой мэтай створаны мем?

· Сфармулюйце галоўную думку аўтара мема.

· Якія ідэі ён выказвае мемам?

Настаўніца выкарыстоўвае мемы на розных этапах урока. Больш за тое, старшакласнікі вучацца іх ствараць самі.

“Перавагі выкарыстання мемаў на ўроку грамадазнаўства і ў пазаўрочнай дзейнасці відавочныя. Па-першае, мемы засяроджва­юць увагу навучэнцаў на тэме вучэбных заняткаў, замацоўваюцца ў свядомасці і, магчыма, перайначваюцца пад іх аўтарствам. Па-другое, прымяненне мемаў павялічвае кагнітыўныя магчымасці дзяцей. Па-трэцяе, адбываюцца змены ў эмоцыях і пачуццях — дзеці атрымліваюць шэраг новых станоўчых уражанняў. Па-чацвёртае, разуменне і цікавасць навучэнцаў павышаюцца, а складаныя фармулёўкі працэсаў, падзей, рашэнняў вядомых асоб ператвараюцца ва ўсвядомлены тэкст”, — адзначае К.Ю.Жогаль.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.