Усе, хто прыходзіць у Куранецкі дзіцячы сад Вілейскага раёна, адзначаюць, што яго тэрыторыя вельмі прыгожая, дагледжаная, карысная для развіцця выхаванцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Заўважаюць і тое, што ўстанове пашанцавала апынуцца ў самым сэрцы аграгарадка — паміж царквой Нараджэння Багародзіцы і сельскай бібліятэкай, што можна выкарыстоўваць у выхаваўчай рабоце.
Людміла Сыракваш працуе загадчыцай з 2014 года, а з 2018-га ўстанова штогод атрымлівае высокія ўзнагароды на ўзроўні раёна па розных кірунках дзейнасці. Па выніках 2023 года Куранецкі дзіцячы сад стаў лепшым у Мінскай вобласці ў намінацыі “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. Ацэньвалася якасць адукацыйнага працэсу, кадравы склад, кваліфікацыйны ўзровень педагогаў, наяўнасць неабходных сродкаў навучання і выхавання, паказчыкі захваральнасці дзяцей, вынікі ўдзелу ў конкурсах і г.д. Заслужаную ўзнагароду дапоўніў сертыфікат на 5 тысяч рублёў, які Людміла Сыракваш плануе накіраваць на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы садка: будзе абноўлена надворнае абсталяванне, усталяваны спартыўны комплекс, пясочніцы і г.д.
— У нашай установе працуе 14 спецыялістаў, з іх 4 выхавальнікі, а выхаванцаў на сёння 36. Палова — жыхары Вілейкі. Для іх, а таксама для малых з 7 найбліжэйшых вёсак, арганізаваны падвоз да дзіцячага сада, — расказала Людміла Пятроўна. — Адукацыйны працэс ва ўстанове вядзецца на беларускай мове. Працуюць рознаўзроставая, сярэдняя і старшая групы, дзве з іх інтэграванага навучання і выхавання, дзе займаюцца дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення. Функцыянуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Настаўнікі-дэфектолагі ажыццяўляюць карэкцыю парушэнняў ва ўзаемадзеянні з выхавальнікамі. Малышы наведваюць дадатковыя заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах мастацкай накіраванасці, па падрыхтоўцы да школы, канструяванні. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца чырлідынг.
Папаўненню прадметна-развіццёвага асяроддзя садаўскіх груп дыдактычнымі дапаможнікамі і метадычнымі распрацоўкамі спрыяе ўдзел педагогаў у прафесійных конкурсах. Так, да раённага агляду-конкурсу дыдактычных дапаможнікаў “Матэматычная вясёлка” выхавальнікі з Куранца зрабілі наглядны дапаможнік “Матэматычны калейдаскоп”, за што атрымалі дыплом І ступені. Дапаможнік уяўляе сабой куб з шасцю гранямі, да якіх прымацоўваюцца карцінкі, геаметрычныя фігуры, лічбы і даецца апісанне гульняў “Склад ліку”, “Больш, менш, роўна”, “Поры года”, “Дні тыдня”, “Геаметрычныя фігуры”, “Падбяры да геаметрычнай фігуры”, “Арыентацыя ў прасторы”, “Вясёлае лічэнне”. Куб выкарыстоўваецца ў рабоце з дзецьмі сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту для развіцця пазнавальнай актыўнасці праз асваенне элементарных матэматычных уяўленняў і звязаных з імі лагічных аперацый.
У Куранецкі дзіцячы сад часта прыязджаюць госці з іншых устаноў адукацыі па вопыт арганізацыі прадметна-прасторавага асяроддзя. З Людмілай Сыракваш і выхавальніцай Веранікай Томкавіч мы прагуляліся па тэрыторыі ўстановы.
На экалагічнай сцежцы ўвагу прыцягнулі аб’екты, якія размешчаны на прыпынках “Луг”, “Сад”, “Агарод”, “Лясны”, “Лекавы”, “Казачны”, “Метэастанцыя”, “Кветкавы”, “Беларускі”. Тут дзеці вывучаюць расліны і насякомых, адпачываюць на турыстычнай пляцоўцы, знаёмяцца з казачнымі персанажамі, слухаюць экалагічныя казкі, даглядаюць агарод, сочаць за надвор’ем, робяць дыхальную гімнастыку і г.д. Беларускае падвор’е знаёміць малышоў з побытам нашага народа.
Сёлета тут з’явіліся незвычайныя клумбы “Намалюем карту Беларусі” з рознакаляровымі кветкамі ў выглядзе палітры, “Салют Перамогі” з цыніямі, аксаміткамі і сальвіяй, якія нагадваюць святочны салют, і кветнік з аксамітак у выглядзе сонейка з васьмю праменьчыкамі-літарамі, якія ўтвараюць слова “Беларусь”.
— З народнай творчасцю, культурай і традыцыямі беларусаў нашы выхаванцы знаёмяцца яшчэ і падчас музычна-тэатралізаваных паказаў і свят. Да таго ж мы праводзім мэтавыя прагулкі і экскурсіі да сацыяльных і прыродных аб’ектаў, у бібліятэку, да помніка воінам Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыла Вераніка Вячаславаўна. — Распрацавалі маршруты “Цудоўнае побач”, “Самыя прыгожыя мясціны аграгарадка”, дзе расказваем пра рэдкую ніцую елку, якая расце на ўскрайку аграгарадка, пра самы вялікі камень на Вілейшчыне даўжынёй шэсць метраў і вышынёй два метры і іншыя адметнасці нашага населенага пункта.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара