Адкрыццём музея летась ва ўстанове адукацыі адзначылі старт навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Шыкоўны падарунак для сваіх выхаванцаў педагогі стварылі ўласнымі рукамі з дапамогай саміх дзяцей і іх бацькоў. Як паведаміла загадчык дзіцячага сада Наталля Міхайленка, музейная прастора — вынік рэалізацыі адразу некалькіх адметных адукацыйных праектаў. Складаецца яна з пяці асноўных лакацый, якія аб’ядноўвае шчырая любоў да малой радзімы і роднай краіны. Кожны прадмет тут невыпадковы і мае сваю адметную гісторыю, якая адлюстроўвае часцінку гісторыі Бацькаўшчыны, таму і назвалі плён калектыўнай працы “Пра Беларусь”. Выхаванцы з радасцю прыходзяць сюды на заняткі, бо ведаюць: іх чакаюць незвычайныя адкрыцці. Падрабязней з музеем нас азнаёміла выхавальніца Любоў Шаўцова. Кароткую экскурсію педагог пачала з экспазіцыі, прысвечанай глінянаму посуду:
— Паглядзіце на гэты гарлач. Здаецца, звычайны, а насамрэч з’яўляецца сямейным рарытэтам, які падарыла музею адна з маіх калег. У 50-я гады мінулага стагоддзя яе бабуля па мацярынскай лініі набыла карысную ў гаспадарцы рэч на адным з магілёўскіх кірмашоў. Гарлач гаспадыня прызначыла выключна для захавання малака. Пасля выкарыстання апрацоўвала яго кіпенем, затым прасушвала ў печы. На прыкладзе гэтага экспаната мы можам расказаць нашым выхаванцам пра гісторыю ганчарнага рамяства, уласцівасці і перавагі гліны як матэрыялу для посуду, працэс стварэння гліняных вырабаў і яго асаблівасці, характэрныя для розных рэгіёнаў, пра сучасную прамысловую вытворчасць і работу народных майстроў. Акрамя таго, мы можам пашырыць веды дзяцей пра вясковы побыт, растлумачыць ім паняцці “сямейная каштоўнасць” і “сямейная традыцыя”, зацікавіць музейнай справай, даследчай дзейнасцю. Нарэшце, проста навучыць адносіцца больш уважліва і паважліва да прадметаў хатняга ўжытку: магчыма, самы сціплы і непрыметны з іх захоўвае цеплыню рук не толькі любімых бабулі ці дзядулі, але і іх бацькоў, дзядоў і нават прадзедаў.
У невялічкай і разам з тым змястоўнай калекцыі посуду — збаны, талеркі, кубачкі. Шэраг экспанатаў выраблены ў ганчарным цэху, што раней працаваў у Гарадку. Дарэчы, у мясцовым Доме рамёстваў цяпер дзейнічае ганчарная міні-вытворчасць: педагогі водзяць туды сваіх выхаванцаў на экскурсіі.
Асабліва падабаюцца маленькім гарадачанам майстар-класы. Некалькі створаных у ходзе іх правядзення вырабаў дзеці прынеслі ў музей — гэта таксама каштоўнае папаўненне музейных фондаў. Побач размясцілася цацачнае царства, дзе нас сустракаюць разнастайныя гліняныя, драўляныя, саламяныя цацкі. Далей прадстаўлены беларускі нацыянальны касцюм, прадметы традыцыйнага жаночага і мужчынскага адзення. У цэнтры экспазіцыі, прысвечанай народным святам і абрадам, знаходзяцца лялькі: абрадавыя, абярэгавыя, гульнявыя. Пано “Крок за крокам кожны год лялькі водзяць карагод” — гадавы каляндар. Моцна ўражвае афармленне наступнай лакацыі. На ёй можна ўбачыць, якім быў Гарадок у ХІХ стагоддзі. Фрагменты аблічча роднага горада, выявы архітэктурных помнікаў, памятных мясцін педагогі Наталля Шкуратава і Вольга Пятровіч знайшлі ў архіўных фотаздымках і перанеслі на сцены, выкарыстоўваючы тэхніку малявання грыфельнай крэйдай. Работа была карпатлівая, рэалізацыя праекта заняла некалькі месяцаў.
На гістарычным фоне асабліва выразна выглядаюць экспанаты, створаныя ў выніку рэалізацыі праекта да ХХХ Дня беларускага пісьменства, які сёлета прымаў Гарадок. Няцяжка здагадацца, што гэта кнігі. Але ў музеі яны ўнікальныя — з драўляным пераплётам, вырабленыя з саломкі, фетру, тканіны, пластыку.
З іх хлопчыкі і дзяўчынкі, напрыклад, даведваюцца пра гісторыю Беларусі і кнігадрукавання, творчасць нашых дзіцячых пісьменнікаў. Каштоўны экспанат — вучэбны дапаможнік і адначасова лэпбук “Беларускія пісьменнікі — дзецям”. Ён мабільны і насычаны карыснай інфармацыяй, выкладзенай у даступнай для выхаванцаў форме. У прыватнасці, яны могуць паспрабаваць сябе ў ролі ілюстратараў або рашыць займальную крыжаванку.
— Наш музей зусім яшчэ малады, аднак мы дружна нацэлены на развіццё, — адзначыла кіраўнік педагагічнага калектыву. — Важна, што ўсе экспазіцыі дапоўнены метадычнымі матэрыяламі, адпаведнымі тэхналагічнымі картамі. Гэта дазваляе шырэй задзейнічаць рэсурсы музея ў адукацыйным працэсе. Прычым мы арыентуемся як на навучанне і выхаванне дзяцей, так і на адукацыйна-асветніцкую дзейнасць, у першую чаргу на работу з сем’ямі. Увялі ў музейную практыку сумесныя майстар-класы для выхаванцаў і бацькоў: трэба бачыць, з якім захапленнем яны вучацца майстраваць традыцыйных лялек або плесці з саломкі! Кожную пятніцу ў дзіцячым садзе — беларускамоўны дзень. Музей і ў гэтым плане значна пашырыў нашы магчымасці. Дзеці прыходзяць на заняткі, услед за выхавальнікамі паглыбляюцца ў загадкавы свет, які часам нагадвае казку, вучацца, а потым дзеляцца з роднымі і сябрамі сваімі здабыткамі і адкрыццямі. Прычым расказваюць пра іх на роднай мове.
Таццяна Бондарава
Фота аўтара