Чым прывабна дыстанцыйная адукацыя

- 16:14Вышэйшая школа

Летась Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны ўпершыню аб’явіў набор на завочнае дыстанцыйнае навучанне на І ступені вышэйшай адукацыі. Апрабацыю пачалі з папулярнай спецыяльнасці — “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”.

Паспрабаваць такую форму навучання вырашылі сямёра юнакоў. Сёння яны ўжо адпрацавалі першы семестр і здалі сесію, а значыць, можна гаварыць пра пэўныя вынікі.

У летку, перад пачаткам уступнай кампаніі, мы гутарылі наконт дыстанцыйнай адукацыі з намеснікам дэкана завочнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Цімурам Бародзічам. Цімур Віктаравіч цалкам выступае за дыстанцыйнае навучанне, але, разважаючы пра неабходнасць развіцця такой формы і яе станоўчыя бакі, ён акрэсліў і некаторыя праблемы: ад стэрэатыпных уяўленняў і пакуль яшчэ недастатковай папулярнасці такога кірунку ў нашай краіне да падрыхтаванасці выкладчыкаў. Зразумела, мае значэнне і гатоўнасць саміх студэнтаў не проста вучыцца самастойна планаваць вучэбны працэс, але і быць дысцыплінаванымі, арганізаванымі людзьмі, матываванымі на самаадукацыю.

Хутчэй за ўсё атрыманне адукацыі ў дыстанцыйнай форме больш паспяховым атрымаецца ў тых, хто ўжо мае дыплом спецыяліста ў той ці іншай галіне, — яны больш падрыхтаваныя для гэтага, чым учарашнія школьнікі. Якраз такія маладыя людзі і склалі першы набор на завочнае дыстанцыйнае навучанне па спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”. За плячыма ў хлопцаў навучанне ў прафесійна-тэхнічных установах. Зараз яны працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях, але маюць жаданне павышаць сваю адукацыю, расці прафесійна.

Мікіта Вегера скончыў Гомельскі прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі і працуе ў аддзеле ўнутраных спраў. Юнак даўно цікавіцца праграмаваннем і ўпэўнены, што ІТ-адукацыя дапаможа яму ў будучыні. Мікіта прызнаецца: спыніўся на дыстанцыйнай форме перш за ўсё таму, што гэта новаўвядзенне, а яму ўласціва цікавіцца ўсім новым.

— У завочнай дыстанцыйнай форме мне падабаецца, што паміж сесіямі пастаянна праводзяцца вэбінары, — дзеліцца ўражаннямі студэнт. — Арганізоўваюцца яны ў вячэрні час або ў выхадныя дні, што дазваляе з лёгкасцю сумяшчаць работу і навучанне. Дзякуючы такому падыходу, мы вывучаем матэрыял на працягу ўсяго семестра, з пастаянным кантролем, а гэта, безумоўна, спрыяе лепшаму засваенню пройдзенага матэрыялу.

Для Аляксандра Антошкава магчымасць атрымаць ІТ-адукацыю дыстанцыйна стала сапраўднай знаходкай. Хлопец выступае за юніёрскую зборную Беларусі па хакеі і амаль увесь час знаходзіцца ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”.

— У мяне вельмі складаны графік трэніровак і гульняў, — аргументуе выбар завочнай дыстанцыйнай формы адукацыі Аляксандр. — Калі графік гульняў вядомы, то з трэніровачным працэсам усё не так проста, ён пастаянна карэкціруецца. Кожны мой дзень распісаны па хвілінах, і такая форма навучання для мяне вельмі зручная. Пры гэтым ёсць магчымасць пастаянна, а не толькі падчас вэбінараў, падтрымліваць сувязь з выкладчыкамі, ёсць доступ да ўсёй неабходнай інфармацыі, якая размяшчаецца на сайце.

Як для маладога спартсмена, так і для іншых студэнтаў важна, што сесія, у адрозненне ад класічнага завочнага навучання, доўжыцца ўсяго тыдзень. Многія тэмы ўжо разабраны на вэбінарах, кантрольныя і лабараторныя работы таксама выкананы на працягу семестра, і ў шэсць дзён лёгка ўмяшчаюцца лекцыйныя заняткі, здача экзаменаў і залікаў.

Як тлумачыць Цімур Бародзіч, гэта так званая гібрыдная дыстанцыйная адукацыя, калі частка матэрыялу падаецца анлайн, а частка — у перыяд сесіі. Такое ўмоўнае дзяленне існуе за мяжой, дзе дыстанцыйная форма даўно і трывала ўвайшла ў адукацыйную сістэму. Што да нашай краіны, то, згодна з заканадаўствам, пакуль што правядзенне экзаменаў і залікаў павінна праходзіць выключна ў сценах навучальнай установы.

— Ці можна чакаць, што ў будучыні ў Беларусі будзе ўкараняцца паўнавартасная дыстанцыйная адукацыя, і наколькі верагодна праводзіць экзамены анлайн? — цікаўлюся ў свайго суразмоўніка.

— Вядома, неабходна прадумаць арганізацыйныя моманты, каб захоўвалася празрыстасць працэсу. Але мне падаецца, гэта можна ажыццявіць, — гаворыць намеснік дэкана.

Пакуль жа будучыя айцішнікі тыдзень правялі на завочным факультэце, пазнаёміліся ўжывую з выкладчыкамі і адзін з адным, паспяхова пацвердзілі свае веды падчас экзаменаў і залікаў.

— Шчыра кажучы, у нас было хваляванне наконт таго, як студэнты завочнай дыстанцыйнай формы вытрымаюць сесію, — расказвае дэкан завочнага факультэта Мікалай Галіноўскі. — Але ў выніку яны паказалі значна вышэйшы ўзровень ведаў у параўнанні са студэнтамі-завочнікамі.

Перад Мікалаем Генадзьевічам ляжыць журнал з экзаменацыйнымі адзнакамі студэнтаў-дыстанцыйнікаў: 7, 8, 9, 10 балаў, і гэта, насамрэч, поспех.

Кіраўніцтва факультэта лічыць, што такі ўзровень абумоўлены самой арганізацыяй вучэбнага працэсу. Калі класічная завочная форма ўяўляе сабой амаль цалкам самастойнае вывучэнне вучэбнага матэрыялу, то дыстанцыйная адукацыя мае на ўвазе бесперапынны вучэбны працэс на працягу ўсяго семестра — вэбінары, семінары, лабараторныя, кантрольныя работы і пастаянная сувязь з выкладчыкамі. Больш за тое, увесь матэрыял выкладаецца на сайце ў відэа- і PDF-фармаце. Гэта вельмі зручна для падрыхтоўкі да экзаменаў і выручае ў выпадку, калі студэнт па нейкіх прычынах не змог прысутнічаць на вэбінары.

Дыстанцыйнае навучанне — гэта для Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта эксперымент, удзельнікамі якога сталі як студэнты, так і выкладчыкі. Выкладанне дысцыпліны ў аўдыторыі і выкладанне дысцыпліны анлайн — рэчы прынцыпова розныя. Недастаткова проста зрабіць і змясціць на сайце відэазапіс лекцыі, неабходна блізка пасябраваць з найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, навучыцца выкарыстоўваць платформу Moodle, на якой пабудавана дыстанцыйная адукацыя ва ўніверсітэце. Аднак ніхто не застаўся сам-насам з праблемай. Для выкладчыкаў арганізаваны спецыяльныя трэнінгі. На працягу двух месяцаў яны засвойваюць неабходныя навыкі, вучацца праводзіць вэбінары, ствараць камп’ютарныя кантрольныя работы, напаўняць сваю старонку на сайце неабходнымі матэрыяламі. Акрамя таго, удзельнікаў трэнінгаў знаёмяць з нарматыўнымі дакументамі і заканадаўчай базай, якія тычацца дыстанцыйнай адукацыі.

Адным словам, новаўвядзенне дало новыя магчымасці развіцця для тых, хто вучыцца, і для тых, хто вучыць. Відавочна, што спробу можна назваць паспяховай, і ў ГДУ імя Францыска Скарыны маюць намер рухацца далей. Сёлета завочны факультэт універсітэта прапануе абітурыентам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй атрымаць кваліфікацыю інжынера па інфармацыйных тэхналогіях на завочнай скарочанай дыстанцыйнай форме навучання. Гэта, безумоўна, вельмі прывабная магчымасць. Па-першае, прэстыжную вышэйшую адукацыю можна атрымаць усяго за чатыры гады. Па-другое, адпадае неабходнасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання, абітурыенты здаюць толькі два ўнутраныя экзамены.

Наталля ЛУТЧАНКА.