Чым слаўны Слаўгарадскі раён, даведаемся падчас падарожжа па маляўнічым куточку Пасожжа

- 12:06Родная земля

Ці можна палюбіць гэты край з першага погляду, першых хвілін знаёмства? Так, сцвярджае карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”. І пацвердзяць такую думку маладыя спецыялісты Лізавета Міхайлава і Марыя Яраховіч, якія сёлета пасля заканчэння сацыяльна-гуманітарнага каледжа МДУ імя А.А.Куляшова былі размеркаваны ў Слаўгарадскі раён­ны цэнтр дзіцячай творчасці.

З першага погляду

Праз некалькі дзён яны пач­нуць праводзіць для навучэнцаў заняткі па экскурсійнай справе і праграмаванні. А пакуль што пад куратарствам старэйшых калег знаёмяцца з тонкасцямі работы педагогаў дадатковай адукацыі. У вольны ж час з цікавасцю вывучаюць новае месца жыхарства. За некалькі тыдняў знахо­джання ў Слаўгара­дзе ў Лізаветы (яе родным горадам з’яўляецца Дзяржынск) і Марыі (яна родам з Горак) ужо з’явіліся любімыя мясціны.

— Нам асабліва падабаецца парк на Замкавай гары, тым больш што ён недалёка ад Цэнтра творчасці. У спёку тут добра прагульвацца ў цені разгалістых дрэў. Яшчэ ўражваюць краявіды поймы Сожа. Дырэктар цэнтра Марына Генадзьеўна Жураўлёва расказала, што на Замкавай гары калісьці стаяў палац Галіцына і ў 1787 го­дзе тут гасцявала Кацярына ІІ. Па адной з легенд, у памяць пра тую падзею вясной князь пасадзіў ліпу. Цяпер пад дрэвам імправізаваны трон, на які можна прысесці і зрабіць цудоўнае сэлфі, — паведаміла Лізавета.

Дзяўчына невыпадкова дзя­лілася ўражаннямі ад Слаўгарада ў гістарычным кантэксце. У каледжы яна атрымала спецыяльнасць “Арганізацыя турыстычных паслуг”, таму будзе весці заняткі аб’яднання па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага профілю, рыхтаваць юных экскурсаводаў. Ёсць у Лізы і першыя прафесійныя дасягненні. З дапамогай свайго куратара намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Любові Валянцінаўны Забенінай яна распрацавала праграму для малодшых навучэнцаў “Край, дзе мы жывём”.

А вось Марыя будзе ву­чыць хлопчыкаў і дзяўчынак мовам праграмавання. У дыпломе адпаведная спецыяльнасць — “Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм”. Нягледзячы на гэта, дзяўчына таксама цікавіцца гісторыяй і ўжо наведала з калегамі некаторыя адметныя мясціны раёна і вобласці.

— 14 жніўня, на Макавея, пабывалі на Блакітнай крыніцы. Вельмі была ўражана. Яшчэ ніколі не ўдзельнічала ў такім маштабным свяце. Напярэдадні навучальнага года з’ездзілі з экскурсіяй у музей славы Магілёўшчыны. Лічу, што гэтае месца варта наведаць кожнаму настаўніку і вучню, прычым не толькі з Магілёўскай вобласці, — падзялілася Марыя.

Цудадзейная крыніца

Блакітная крыніца сапраўды ўражвае. Па-першае, незабыўныя эмоцыі пакідае сама дарога да помніка прыроды. Новая бетонка, што віецца ад райцэнтра праз узгоркі, зачароўвае маляўнічасцю. Нядзіўна, што па ёй у выхадны дзень любяць няспешна праехацца на веласіпедзе жыхары Слаўгарада. Дарэчы, сярод аматараў актыўнага адпачынку шмат педагогаў. Абавязковы прыпынак — на новым мосце праз Сож. Непаўторныя краявіды, велічныя металічныя канструкцыі… Калі ўсё гэта дапаўняецца блакітным небам з белымі аблокамі — від проста фантастычны.

— А які від адкрываецца з моста на зваротным шляху, калі сонца хаваецца за гарызонтам! Мы ганарымся, што гэтую дарогу і мост у 2020 годзе адкрываў сам Прэзідэнт. Да таго моманту дарога на крыніцу была гравійная, ішла праз поле, лес, а мост быў пантонным з рухам у адзін бок. Заторы ўтвараліся заўсёды, асаб­ліва на свята. Людзей збіралася столькі, што чарга з машын расцягвалася на некалькі кіламетраў аж да самага Слаўгарада, — паведаміла Марына Генадзьеўна Жураўлёва па дарозе да крыніцы.

Будаўніцтва новай дарогі і моста было важнай неабходнасцю, паколькі з кожным годам колькасць жадаючых набраць цудадзейнай вады павялічвалася. Калісьці яшчэ ў даінтэрнэтаўскую эпоху пра крыніцу ведалі толькі жыхары Падняпроўя і Пасожжа. Потым пра гэтае ўнікальнае месца пачалі пісаць у газетах, зды­маць сюжэты на тэлебачанне. Асабліва масавым стала паломніц­тва да крыніцы пасля з’яўлення са­цыяльных сетак. Сёння нават у будны дзень тут шмат народу. А што робіцца 14 жніўня!

— Нават у савецкія часы лю­дзі заўсёды прыходзілі да крыніцы. Пыталі: “Ці пойдзеш на Макавея?” Адказвалі так: “А як жа, намакацца ж трэба”. Лічыцца, каб вада надала сілы, крыніцу трэба перайсці тры разы. Але будзем аб’ектыўнымі: не сама крыніца лечыць, а наша вера. Хаця што да хімічнага складу вады, то яна тут з’яўляецца эталонам чысціні, з высокім утрыманнем серабра. Як жывая вада з казак, — адзначыла Марына Генадзьеўна.

Даўняя традыцыя паломніцтва да Блакітнай крыніцы на Мядовы Спас унесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Сваю ж незвычайную назву крыніца атрымала ад блакітнай гліны, якой выслана дно. Адпаведная і назва рэчкі, што выцякае з крыніцы, — Галуба, або Галубка. Цікавае месца і сваімі легендамі. Адна з іх звязана з прыгажуняй Кацярынай. Каб не выходзіць замуж за нялюбага, дзяўчына быццам бы ператварылася ў крыніцу. Сёння прачытаць цікавую легенду можна на вялізнай імправізаванай кнізе, устаноўленай каля валуна з выявай гераіні легенды. А каб сфатаграфавацца на фоне валуна, варта адстаяць у чарзе — жадаючых заўсёды шмат.

Лічыцца, што менавіта на Блакітнай крыніцы адбылося хрышчэнне радзімічаў. З тых далёкіх часоў людзі і здзяйсня­юць сюды паломніцтвы. Адны ідуць з малітвай, іншыя, каб набраць смачнай і карыснай вады, а хтосьці проста палюбавацца прыгажосцю прыроднай сла­вутас­ці. Адно вядома, ніхто не пакідае гэтае месца абыякавым, кожнаму хочацца вярнуцца.

Карысныя ініцыятывы

Гэтак жа хочацца вярнуцца і на Замкавую гару, асабліва ў спёку, каб яшчэ раз прагуляцца цяністымі сцяжынкамі ўтульнага парку. Дарэчы, гэтая ўтуль­насць была створана па ініцыятыве настаўніка гісторыі кіраўніка па ваен­на-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 1 Слаўгарада Ільі Аляксандравіча Сцяпанава. Разам з іншымі ўдзельнікамі маладзёжнага парламента пры Слаўгарадскім раённым Савеце дэпутатаў ён рэалізоўваў праект грамадзянскай ініцыятывы “Тут вытокі Прапойска — Слаўга­рада”.

— На пасяджэннях мала­дзёжнага парламента мы неаднаразова абмяркоўвалі пы­танне добраўпарадкавання гарадскога парку. Гэта знакавае месца для Слаўгарада, тут размешчана некалькі гісторыка-культурных аб’ектаў. У першую чаргу гара­дзішча эпохі жалезнага веку, вядомае як Замкавая гара. На ім калісьці знаходзіўся драўляны замак, а ў канцы XVIII стагоддзя князем Галіцыным быў узведзены палац. Сёння на тым месцы імправізаваны трон і макет карэты, пастаўленыя ў гонар наведвання Прапойска ў 1787 годзе Кацярынай II, а таксама скульптура Дзмітрыя Янчына — уладальніка нашага краю ў XIX стагоддзі. Ва ўсходняй частцы парку знаходзіцца брацкая магіла, у якой пахавана больш за тысячу савецкіх воінаў, — паведаміў Ілья Аляксандравіч.

Пасля аварыі на ЧАЭС парк знаходзіўся ў запусценні, аднак за апошняе дзесяцігоддзе праведзены значныя работы па яго добраўпарадкаванні. Адрамантаваны помнік і пліты з імёнамі загінуўшых на брацкай магіле, устаноўлены зорка і Вечны агонь. Дзякуючы дапамозе землякоў і сродкам, атрыманым у рамках раённых суботнікаў, абноўлены малыя архітэктурныя формы. У 2023 годзе падчас рэалізацыі экалагічнай ініцыятывы “Захаванне садова-паркавага комплексу на Замкавай гары” адрамантаваны дарожкі. Тады ж і ўзнікла задума правесці больш маштабную работу, устанавіць сучасныя інфармацыйныя стэнды, асвятленне, арт-аб’екты, лаўкі, сметніцы.

— Але ж дзе ўзяць фінансавыя сродкі? Тады мы вырашылі прадставіць праект у Магілёўскую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў. Ён быў паспяхова абаронены, і выдзелены неабходныя грошы. Наогул у мінулым годзе ў Магілёўскай вобласці па хадайніцтве абласнога, раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў асацыяцыя прафінансавала 31 праект на суму 125 тысяч руб­лёў, накіраваную на вырашэнне пытанняў мясцовага значэння, — прадзяліўся настаўнік.

Падобныя праекты па лініі абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў можна рэалізаваць у кожным раёне краіны. Галоўнае — праявіць ініцыя­тыву, абгрунтаваць мэтазгод­насць праекта і паспяхова яго абараніць.

Актыўныя ўдзельнікі клуба “Нашчадкі” Віталіна Рыжанкова і Яўген Старавойтаў

Цяпер Ілья Аляксандравіч разам з калегамі плануе доб­раўпарадкаваць месца былога рачнога порта: абнавіць помнік з якарам, спуск да ракі. Таксама ў планах настаўніка як члена Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу — рэалізацыя сумеснага праекта з Сінадальным аддзелам па справах моладзі Бела­рускай Праваслаўнай Царквы “Сіла слова”. У рамках праекта праводзяцца сустрэчы, круглыя сталы, дыскусійныя пляцоўкі з удзелам навучэнцаў і святароў, на якіх абмяркоўваюцца пытанні духоўна-маральнага выхавання, захавання традыцыйных каштоўнасцей. У пачатку новага навучальнага года плануецца правесці такую сустрэчу і ў сярэдняй школе № 1 Слаўгарада. Па словах Ільі Аляксандравіча, на яе абавязкова будуць запрошаны ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Нашчадкі” — актыўныя памочнікі педагога ў рэалізацыі карысных ініцыятыў.

Ганарыцца сваім

Як настаўнік гісторыі Ілья Сцяпанаў падчас урокаў робіць акцэнт на рэгіянальным кампа­ненце.

— Калі, напрыклад, праходзім тэму падзелу Рэчы Паспалітай, то гаворым пра дзейнасць князя Галіцына, чый палац знаходзіўся на Замкавай гары, наведванне нашых мясцін Кацярынай ІІ. Дзецям цікава даведацца, што ў нашым горадзе знаходзіцца своеасаблівы сведка таго часу — храм Нараджэння Багародзіцы. Падчас вывучэння Паўночнай вайны, канечне, падрабязна спыняемся на бітве пры Лясной. Яе месца — папулярны аб’ект школьных экскурсій. Некалькі разоў на год наведваем Слаўгарадскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, дзе праводзім разам з яго супрацоўнікамі музейныя ўрокі.

Ансамбль царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы пабудаваны ў 1791—1793 гадах князем Аляксандрам Міхайлавічам Галіцыным у стылі класіцызму. Праектаваў храм знакаміты архітэктар Мікалай Львоў, аўтар Неўскіх варот Петрапаўлаўскай крэпасці, Гатчынскага палаца. Кіраваў роспісам мастак Уладзімір Баравікоўскі — аўтар партрэтаў вядомых гістарычных асоб.

За 5 гадоў работы настаўнікам заўважыў, што самы эфектыўны сродак сфарміраваць у вучня цікавасць да гісторыі — гэта далучыць яго да праектнай дзейнасці, прапанаваць самастойна знайсці інфармацыю ў кнігах, інтэрнэце, скласці прэзентацыю, — падзяліўся педагог.

Такой жа думкі прытрымліваюцца і старэйшыя калегі Ільі Аляксандравіча. Напрыклад, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 1 Слаўгарада Святлана Аляксанд­раўна Ляўкова разам з вучнямі вывучала папулярныя турыстычныя аб’екты краю, у выніку быў складзены экскурсійны маршрут “З Прупоя ў Слаўгарад”. Дзякуючы гэтаму маршруту, можна здзейсніць захапляльнае падарожжа ў часе. Вось, напрыклад, як прыгожа педагог расказвае пра парк:

— У тыя далёкія часы вотчына князя Галіцына квітнела. Парк быў адным з найпрыгажэйшых мясцін у акрузе. Для паляпшэння якасці глебы выкарыстоўваўся прывазны грунт. Па водным шляху з Украіны на баржах быў дастаўлены чарназём, дзякуючы чаму стала магчымым вырошчванне экзатычных раслін. Асноўныя паркавыя экспазіцыі размяшчаліся па абодва бакі вялікага яра. На дне яра з дапамогай плацін была створана сістэма вадаёмаў са штучнымі каскадамі, усталяваны хаткі для вадаплаўных птушак. На берагах і плацінах былі сцежкі, раслі рэдкія пароды дрэў і кустоў. Кампазіцыю парку складалі газон, кветнікі, грот, скульптуры, тэхнічныя збудаванні. Самым знакамітым дрэвам слаўгарадскага парку па праве лічыцца векавая ліпа, якую гараджане называюць Дубам кахання. Гэтая ліпа мае непасрэднае дачыненне да гісторыі парку і горада. Імператрыца Кацярына II пры ад’ездзе мела ласку сказаць: “Калі б зараз была вясна, я пасадзіла б тут маладое дрэва на памяць гаспадару, але пры васьміградусным марозе я выражу на гэтай ліпе толькі дзень майго знаходжання”.

Пра знаходжанне ў гасцях у князя такой высокай госці сведчыла медная таблічка з надпісам, прымацаваная да маладой ліпы. Таблічка знікла ў 20-я гады мінулага стагоддзя разам з памешчыцай Мурамцавай. А троннае крэсла Кацярыны можна было бачыць у царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы яшчэ ў 30-я гады XX стагоддзя, але і яно адышло ў нябыт: прадмет перадалі ў магілёўскі края­знаўчы музей, а яго калекцыя знікла ў гады вайны. У наш час гэтая ліпа, знакаміты слаўгарадскі Дуб кахання, з’яўляецца самым папулярным аб’ектам у парку.

Мясцовыя славутасці вывучаюць і педагогі Слаўгарадскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці, у першую чаргу ў рамках абласнога праекта “Мая зямля Прыдняпроўе”.

Свята-Петра-Паўлаўскі храм-помнік, узведзены ў 1912 годзе на месцы бітвы пры Лясной

— Напрыклад, на занятках гуртка па выяўленчым мастацтве мае калегі разам з вучнямі малююць Блакітную крыніцу, царкву Нараджэння Багародзіцы, храм-помнік у Лясной. У гэтым го­дзе з дапамогай нашых маладых спецыялістаў вырашылі адкрыць яшчэ адзін напрамак — экскурса­знаўства, будзем вучыць дзяцей майстэрству правядзення экскурсій. Жыву ў цэнтры Слаўгарада і пастаянна назіраю, як у наш горад прыязджаюць турыстычныя аўтобусы з іншых рэгіёнаў. Вось і падумала, а чаму б нам не рыхтаваць сваіх, мясцовых экскурсаводаў? — падзялілася дырэктар цэнтра Марына Генадзьеўна Жураўлёва.

Маршрут выхаднога дня

Сярод папулярных турыстычных аб’ектаў раёна — месца бітвы пры Лясной. Штогод 28 верасня (менавіта ў гэты дзень 1708 года тут адбылася знакамітая баталія часоў Паўночнай вайны) право­дзяцца гістарычныя рэканструкцыі. Не стане выключэннем і гэты год, а ўлічваючы тое, што 28 верасня выпадае на нядзелю, лю­дзей будзе шмат. Не прапусціце цікавую падзею. А калі ўжо наведаецеся на Слаўгарадчыну, то абавязкова пакаштуйце смачнай вады з Блакітнай крыніцы, прагуляйцеся па ўтульным гарадскім парку, палюбуйцеся сожскімі краявідамі і велічнай царквой Нараджэння Багародзіцы. Такі маршрут выхаднога дня абавязкова вам спадабаецца.

Наталля Міхайлаўна Голік, начальнік аддзела па адукацыі Слаўгарадскага райвыканкама:

— Наш раён славіцца многімі прыроднымі і гістарычнымі аб’ектамі. У першую чаргу гэта Блакітная крыніца — гідралагічны помнік рэспубліканскага значэння. Па-другое, месца бітвы пры Лясной. Таксама нашы настаўнікі і вучні рэгулярна наведваюць Замкавую гару, адкуль адкрываюцца маляўнічыя краявіды поймы Сожа. На замчышчы ўзвышаецца старая разгалістая ліпа — яшчэ адна славу­тасць. Недалёка знаходзіцца царква Нараджэння Багародзіцы, узведзеная ў канцы XVIII стагоддзя.

Гэтыя аб’екты не толькі актыўна вывучаюць школьнікі і педагогі. Так, па ініцыятыве кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 1 Слаўгарада Ільі Сцяпанава ў гарадскім парку рэалізаваны праект “Тут вытокі Прапойска — Слаўгарада”. А дырэктар Слаўгарадскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Марына Жураўлёва падчас раённых свят і гістарычных рэканструкцый выконвае ролю Кацярыны ІІ. Марына Генадзьеўна, дарэчы, правядзе і выдатную экскурсію па парку. А з гэтага навучальнага года дзякуючы маладым спецыялістам яна плануе вывесці турыстычна-экскурсійную справу ў раёне на новы ўзровень.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара