Чым займаецца настаўнік, ці Чаму быў здзіўлены пракурор

- 14:52Навіны рэгіёнаў

Упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама падвяло вынікі дзейнасці за мінулы год і акрэсліла задачы на найбліжэйшую перспектыву на выніковым пасяджэнні калегіі. Да ўдзелу ў мерапрыемстве быў запрошаны пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў.

Дзейнасць у лічбах

З асноўным дакладам на пасяджэнні выступіў начальнік упраўлення адукацыі Сяргей Парошын. Ён падрабязна спыніўся на выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці, адзначыў асноўныя дасягненні і праблемы аддзелаў і некаторых устаноў адукацыі, паставіў перад педагогамі новыя задачы.

На ўтрыманне ўстаноў адукацыі ў 2017 годзе з бюджэту было выдзелена больш за 600 мільёнаў рублёў. Як правіла, гэтыя сродкі накіроўваюцца на самыя важныя і неабходныя мерапрыемствы. Што тычыцца астатніх патрэб, на іх грошы неабходна зарабляць самастойна ці шукаць спонсараў. Варта сказаць, што з гэтым нядрэнна спраўляюцца ўсе раёны. Акрамя таго, у рэгіёне існуе добрая практыка сумеснай работы райвыканкамаў і аддзелаў адукацыі па прыцягненні дадатковых крыніц фінансавання з мясцовых бюджэтаў. Так, напрыклад, у 2017 годзе дадатковая сума склала крыху больш за мільён рублёў. Лепш за ўсіх спрацавалі ў гэтым пытанні аддзелы Светлагорскага, Лельчыцкага, Лоеўскага, Жлобінскага райвыканкамаў, адміністрацый раёнаў Гомеля.

Рацыянальнае расходаванне бюджэтных сродкаў — тэма не новая, але па-ранейшаму важная. Сёння адзін з асноўных шляхоў у гэтым пытанні — аптымізацыя ўстаноў адукацыі.

У мінулым годзе ў вобласці былі закрыты 6 школ і 2 дашкольныя ўстановы, 20 устаноў адукацыі рэарганізаваны. Як вынік — у бюджэце сэканомлена 376,5 тысячы рублёў, якія накіраваны на бягучае ўтрыманне школ, дзіцячых садкоў і г.д. Сёлета плануецца аптымізаваць яшчэ 14 устаноў.

— Закрыццё ўстаноў адукацыі завершана, зараз у асноўным ідзе рэарганізацыя, — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі. — Гэта сур’ёзная справа, і вырашаецца ўсё не так, што захацелі — і зрабілі. Кожны момант аналізуецца, абдумваецца і абавязкова ўзгадняецца са старшынёй аблвыканкама і міністрам адукацыі.

Тым не менш не заўсёды ёсць разуменне з боку як педагогаў, так і бацькоў. Сяргей Парошын завастрыў увагу прысутных на неабходнасці вядзення растлумачальнай работы. “Пачынаць трэба ўжо зараз, каб потым не ўзнікала праблем”, — сказаў кіраўнік. Ён таксама нагадаў, што па выніках мінулага года ў галіне назіраецца рост зваротаў грамадзян, у асноўным якраз з-за недахопу тлумачальнай работы.

Атрымалі прысутныя адказ і яшчэ на адно хвалюючае пытанне, якое тычыцца дзейнасці гімназій. С.І.Парошын паведаміў, што планаў па закрыцці альбо рэарганізацыі гэтых устаноў у вобласці няма.

— Усе гімназіі будуць працаваць, як і раней, — растлумачыў Сяргей Іванавіч. — Пры гэтым хачу звярнуць увагу начальнікаў аддзелаў адукацыі, у падпарадкаванні якіх ёсць раённыя гімназіі. Прыярытэт павінен аддавацца школьнікам з сельскай мясцовасці. Таленавітыя і здольныя юнакі і дзяўчаты з вёсак павінны мець магчымасць падцягнуць і пашырыць свае веды, таму ў першую чаргу месцы ў гімназію запаўняйце імі.

Павысіць заробак рэальна

Заработная плата настаўнікаў — адно з найважнейшых пытанняў, тэма, якую неаднаразова ўзнімаў прэзідэнт краіны, адносна якой даваў даручэнні.

— Мы распрацавалі план-графік па росце намінальнай налічанай заработнай платы, — згадаў Сяргей Іванавіч. — Сёння можам адзначыць, што ён выкананы на 101%.

Сярэдняя зарплата ў галіне адукацыі вобласці склала 497 рублёў, а сярэдняя зарплата настаўніка — 698 рублёў. Гэта другое месца ў рэспубліцы пасля сталіцы. Адзначым, што ніякіх неверагодных мер прымяняць не прыйшлося. Крышачку намаганняў — і намечаныя паказчыкі выкананы. Прычым намаганні гэтыя толькі на карысць. Мяркуйце самі: больш за 3,5 тысячы работнікаў павысілі кваліфікацыйныя катэгорыі, 12 з іх атрымалі катэгорыю “настаўнік-метадыст”, 637 — вышэйшую. Яшчэ два асноўныя пункты, якія паслужылі росту заробку, — гэта накіраваныя на павышэнне зарплаты сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці, і скарачэнне колькасці работнікаў з ліку знешніх сумяшчальнікаў.

Сёння павелічэнню заработнай платы педагогаў спрыяе таксама нарматыўнае фінансаванне ўстаноў, сутнасць якога заключаецца ў тым, што грошы той ці іншай школе вылучаюцца зыходзячы з колькасці дзяцей, якія ў ёй вучацца.

Старт гэтаму эксперыменту ў краіне быў дадзены тры гады назад. З таго ж часу апрабацыя праекта пачалася і на Гомельшчыне. У мінулым годзе пілотны праект рэалізоўваўся ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі Савецкага і Цэнтральнага раёнаў абласнога цэнтра, а ў гэтым годзе ў яго рэалізацыю ўключаны ўстановы дашкольнай адукацыі Гомеля.

Зараз ужо можна гаварыць пра станоўчую выніковасць рэалізацыі праекта. Як было адзначана на пасяджэнні калегіі, за кошт аптымальнага выкарыстання выдзеленых сродкаў, павышэння заработнай платы, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ў школах — удзельніцах праекта назіраецца павышэнне эфектыўнасці працы.

— У 30 установах агульнай сярэдняй адукацыі ўстаноўлены галіновыя павышэнні тарыфных ставак, — паведаміў начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. — 87% педагагічных работнікаў ад агульнай іх колькасці атрымліваюць выплаты. Сярэдні працэнт павышэння тарыфных ставак склаў 9,2%. Згадзіцеся, даволі добрая прыбаўка да зарплаты, якая матывуе настаўніка на дасягненне больш высокіх вынікаў.
Параўнаем. Сярэднямесячная зарплата ўстаноў, у якіх ёсць галіновыя павышэнні, за снежань 2017 года склала 822 рублі, у тым ліку настаўнікаў — 872 рублі. А ва ўстановах, дзе іх няма, — адпаведна 720 рублёў і 741 рубель.

У звычайным рэжыме

Бюджэт галіны адукацыі Гомельскай вобласці на 2018 год складае 641,764 млн рублёў. У поўным аб’ёме прадугледжаны асігнаванні на абароненыя артыкулы расходаў, аплату камунальных паслуг. Што тычыцца набыцця абсталявання, правядзення бягучых і капітальных рамонтаў, тут прыйдзецца выкарыстоўваць іншыя рэзервы. Адзін са шляхоў — правядзенне работ гаспадарчым спосабам.

Акрамя фінансавых пытанняў, у сферы адукацыі існуе шмат іншых, не менш — магчыма, нават больш — важных задач. Гэта і якасная падрыхтоўка навучэнцаў да цэнтралiзаванага тэсцiравання, алімпіяд, канферэнцый, выпускных іспытаў, і падрыхтоўка спецыялістаў рабочых прафесій, і, канечне, кадравае забеспячэнне галіны. Педагагічны патэнцыял Гомельшчыны вялікі. Неабходна толькі рухацца далей, бачыць нявыкарыстаныя рэзервы і шляхі вырашэння ўзнікаючых праблем.

— Сённяшняя калегія — той прамежкавы этап, які з’яўляецца компасам у далейшым развіцці, — такімі словамі завяршыў сваё выступленне Сяргей Парошын. — Цяпер мы павінны выконваць намечанае, а для гэтага ў нас ёсць галоўнае: высокакваліфікаваныя кадры педагогаў і кіраўнікоў.

Свет клінам сышоўся

Напярэдадні пасяджэння калегіі ў кіраўнікоў сістэмы адукацыі рэгіёна адбылася сур’ёзная размова з пракурорам Гомельскай вобласці Віктарам Марозавым. На жаль, сённяшні дзень нясе ў сабе шмат непрадказальных сітуацый, якія пападаюць пад прававыя рамкі. І гэта не толькі розныя здарэнні, звязаныя з дзецьмі. Гэта таксама фінансавыя і гаспадарчыя пытанні. А, як гаворыцца, няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці.

Аднак на пасяджэнні калегіі пракурор не стаў прыводзіць нейкія лічбы і факты з грознага даклада.

— Ведаючы пра нашу сённяшнюю сустрэчу, я вырашыў патэлефанаваць сваёй малодшай сястры, — такімі былі ўводныя словы Віктара Мікалаевіча. — Яна працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў сельскай школе. Хацелася даведацца, у чым заключаецца яе работа. Прызнаюся, я быў уражаны.

За напісаннем справаздач у самыя розныя інстанцыі ў намесніка дырэктара праходзіць увесь час. Папер вельмі шмат: сельсавет, МНС, Дзяржаўтаінспекцыя, санстанцыя… Працоўнага часу на ўсё не хапае, таму прыходзіцца яшчэ і дома сядзець за камп’ютарам, выводячы справаздачныя лічбы для ведамстваў.

— Атрымліваецца, што на школе свет клінам сышоўся, — робіць вынікі Віктар Марозаў. — Усе чамусьці забыліся пра тое, што ёсць іншыя суб’екты прафілактыкі, у кожнага з якіх свае функцыі, сваё поле адказнасці. Установы адукацыі павінны займацца вузкім пытаннем, непасрэдна тым, якое тычыцца педагогаў, а не выконваць работу за ўчастковага інспектара ці каго-небудзь іншага.

Пракурор вобласці запэўніў, што будзе абмяркоўваць гэтае пытанне з начальнікам УУС. Таксама ён заўважыў, што гэтая праблема ў значнай ступені рэгіянальная. Працуючы 6 гадоў на гэтай жа пасадзе ў Гродзенскай вобласці, ён не назіраў там падобнай сістэмы. Зала прыняла словы Віктара Мікалаевіча з удзячнай усмешкай, і цяпер хочацца спадзявацца, што хутка настаўнікі адчуюць нейкую палёгку, а значыць, у іх будзе больш часу займацца непасрэдна сваёй справай: навучаннем і выхаваннем падрастаючага пакалення. Вось тут якраз без педагогаў не абысціся, бо сёння нярэдка прыходзіцца ў прамым сэнсе ратаваць дзяцей ад розных пагроз, якія часцей за ўсё ідуць звонку. Задача школы, бацькоў і ўсіх зацікаўленых — навучыць школьнікаў пераадольваць гэтыя пагрозы, правільна рэагаваць на цяжкасці і не паддавацца ўплыву ўсялякіх незразумелых напрамкаў.

В.М.Марозаў акрэсліў шэраг праблем, уласцівых сучаснаму падлетку. Першае, гэта злачынствы. На жаль, не абыходзіцца толькі дробнымі правапарушэннямі, час ад часу прыходзіцца сустракацца і з забойствамі. На Гомельшчыне ў мінулым годзе зафіксаваны два такія цяжкія злачынствы, у адным з якіх вучань забіў настаўніцу.

Другая сур’ёзная праблема — гэта наркотыкі. Учора мы справіліся са спайсамі, сёння маем новую бяду — насвай. Заканадаўства ў адносінах да злачынстваў, звязаных з наркатычнымі сродкамі, зараз даволі жорсткае ў адносінах не толькі да дарослых, але і да непаўналетніх. Але ж падлеткі — гэта яшчэ не зусім сфарміраваныя асобы, нярэдка яны становяцца інструментам у руках дарослых злачынцаў. Віктар Мікалаевіч прыводзіць прыклад, як іншы раз трапляюць дзеці ў калонію:

— Гляджу на хлопца, маленькі такі, худзенькі. Пытаюся, за што ён тут апынуўся.

— Наркотыкі папрасілі занесці.

— А сам ужываў?

— Не, — з шырока адкрытымі вачыма махае галавой.

Не меншы клопат выклікаюць захапленні дзяцей, якія навязваюцца праз інтэрнэт. Асабліва хвалюе распаўсюджванне ў сетцы суіцыдальных груп. Яшчэ адна праблема сучаснасці — сэлфі. Вядома шмат выпадкаў, калі падлеткі выкарыстоўваюць небяспечныя прыёмы дзеля цікавага, на іх думку, фотаздымка для сацыяльных сетак.

Зразумела, весці барацьбу з усім гэтым павінны не толькі сям’я і школа, тут неабходны ўдзел многіх службаў. Аднак, на думку пракурора, у школы ёсць відавочны прыя-рытэт: штодзень педагогі сустракаюцца са сваімі вучнямі, а таму ім лёгка выявіць нядобрае ў паводзінах, знешнім выглядзе, размове сваіх падапечных.

— Зараз у кожнай школе працуе псіхолаг, — разважае В.М.Марозаў. — Лепшае, што ён можа зрабіць, — гэта сустракаць дзяцей раніцай, калі яны пераступаюць парог установы. Сустрэцца вачыма, адчуць настрой дзіцяці і пры неабходнасці разгаварыць, дакапацца да прычыны — хто можа зрабіць гэта лепш за псіхолага…
Гэтаму спецыялісту вядомы пэўныя метады і тэхнікі ў дачыненні да пазнання ўнутранага свету чалавека. Нядрэнна было б падымаць прэстыж школьнага псіхолага, каб ён мог быць для вучняў сябрам, выклікаў у іх давер.

За добрасумленную працу

Завяршылася пасяджэнне калегіі традыцыйнай цырымоніяй узнагароджання кіраўнікоў і спецыялістаў сістэмы адукацыі вобласці.

За шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узнагароджана намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Ждановіч. Нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” атрымала дырэктар Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа Раіса Каляда.

Падзячныя лісты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ўручылі Гомельскаму дзяржаўнаму абласному палацу творчасці дзяцей і моладзі, Жлобінскаму гарадскому цэнтру творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”. Дырэктар Рэчыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Віктар Юрэвіч за ўклад у падрыхтоўку кадраў для аграпрамысловага комплексу адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Граматы Міністэрства адукацыі, упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, падзячныя лісты атрымалі настаўнікі і кіраўнікі розных арганізацый і ведамстваў, якія плённа супрацоўнічаюць з адукацыйнай сферай Гомельшчыны ў пытаннях выхавання падрастаючага пакалення.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.