Чым здзівіць Мінская кніжная выстава-кірмаш?

Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш — традыцыйная, значная, вельмі прыметная і разнастайная падзея ў культурна-асветніцкім жыцці краіны, якая штогод прыцягвае мноства выдаўцоў, пісьменнікаў і чытачоў. Сёлета яна пройдзе з 5 па 9 лютага пад слоганам “Беларусь — адкрытая кніга”. Удзел у ХХVІІ выставе ўжо пацвердзілі больш за 300 экспанентаў з 30 краін блізкага і далёкага замежжа. Ганаровым госцем стане Расія, а цэнтральным экспанентам — ЗША. За пяць дзён у рэжыме нон-стоп пройдзе больш за 300 мерапрыемстваў: круглыя сталы пісьменнікаў і выдаўцоў, літаратурны сімпозіум, прэзентацыі кніг і сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы і воркшопы ад мастакоў і ілюстратараў, кіна- і тэатралізаваныя паказы, на якіх чакаецца каля 60 тысяч гасцей.

— Умінулым годзе мы апрабавалі новыя падыходы ў рабоце выставы, якія будуць мець працяг і гэтым разам. Так, выстава зноў выйдзе за межы павільёна. Мы пастараемся зрабіць яе маштабнай не толькі для сталіцы, але і для ўсёй краіны, тым больш што кірмаш наведваюць не толькі жыхары Беларусі, але і замежныя госці, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.

Па яго словах, слоган кніжнага форуму “Беларусь — адкрытая кніга” сімвалізуе, што сёння мы пішам гісторыю сучаснасці новымі дасягненнямі, новымі перамогамі і творчымі поспехамі. “Мы імкнёмся паказаць, што свет кнігі — незвычайны, асаблівы і нават фантазійны, які мы і паспрабавалі адлюстраваць у афармленні нацыянальнага стэнда. Я спадзяюся, што гэта будзе цікава, — выказаў думку Ігар Іванавіч. — Сам стэнд і работа нашых выдавецтваў і Міністэрства інфармацыі будуць акцэнтаваны на тэмах Года малой радзімы, 75-годдзя Вялікай Перамогі і 90-гадовага юбілею класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Будзе мноства цікавых навінак і падзей кожны дзень”.

На імправізаваных старонках стэнда арганізуюць свае экспазіцыі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Прэзідэнцкая бібліятэка, Нацыянальная кніжная палата Беларусі. Маштабную пляцоўку для сустрэч з пісьменнікамі прадставіць Саюз пісьменнікаў Беларусі.

На вітрынах, якія пастаянна экспануюцца, будуць прадстаўлены праекты, створаныя пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, кнігі намінантаў на Дзяржаўную прэмію ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры Мікалая Чаргінца, Уладзіміра Ліхадзедава, Алены Харашэвіч і Анатоля Шаркова, а таксама кнігі — пераможцы Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі”.

Галоўная сцэна будзе задзейнічана ў адпаведнасці з тэматычнымі днямі. Так, у дзень адкрыцця, 5 лютага, плануецца даць старт праекту “Сваё асяроддзе”, у якім збяруцца папулярныя барды, каб прадставіць свае песні і паэзію. Таксама бу­дзе праве­дзены аўтарскі дзень “Думкі ўголас”, на працягу якога са сваімі новымі кнігамі пазнаё­мяць знакамітыя асобы і пісьменнікі. Сярод іх — Іван Антановіч, Ігар Марзалюк, Андрэй Кароль, Вячаслаў Бандарэнка, Аляксандр Данілаў, Аляксандр Радзькоў, Фёдар Поўны.

У беларускі дзень “Беларусь — адкрытая кніга” запланавана прэзентацыя творчых праектаў, прымеркаваных да Года малой радзімы і 75-годдзя Вялікай Перамогі. У прыватнасці, “Традыцыі сучаснай Беларусі”, а таксама кулінарнага праекта Алены Мікульчык, які раскрывае традыцыі беларускай нацыянальнай кухні. Дарэчы, прэзентацыя апошняга адбу­дзецца ў інтэрактыўнай форме і з майстар-класам. Бу­дзе пачаты і праект “Беларусь — вайна і мір”, які плануецца зрабіць перасовачным  і ажыццяўляць на працягу года. Ён дасць магчымасць праз унікальныя выданні, створаныя на калекцыйных архіўных гістарычных фотаматэрыялах, даведацца пра найбольш важныя падзеі ў перыяд 1812—2020 гадоў з акцэнтам на Вялікую Перамогу.

Акрамя таго, адбудзецца і дзіцячы дзень “Тып-топ” з вялізнай колькасцю мерапрыемстваў: прэзентацыямі кніг для юных чытачоў і іх бацькоў, канцэртамі, інтэрактыўнымі спектаклямі. А каб звярнуць увагу моладзі на падзеі кірмашу, будуць рыхтавацца матэрыялы для ТikТок. “Мы пастраемся зрабіць так, каб карыстальнікі гэтай маладзёжнай сацыяльнай сеткі ўбачылі наш кніжны форум крыху ў іншым фармаце. Спадзяюся, што гэта таксама стане падзеяй і арыгінальнай падачай выставы для прываблівання самай рознай аўдыторыі”, — сказаў Ігар Бузоўскі.

Яркія творчыя прэзентацыі рыхтуюць Саюз пісьменнікаў Беларусі, розныя выдавецтвы краіны і кнігарні. У дні выставы ў сталічных кінатэатрах плануецца паказ фільмаў па творах беларускіх аўтараў, у тэатрах пройдуць спектаклі па кніжнай тэматыцы. Як і летась, будзе працаваць “Паэтычны аўтобус”, і даехаць да выставы можна будзе пад дэкламацыю добрых вершаў. Такі аўтобус будзе курсіраваць на працягу пяці дзён з 9 да 19 гадзін ад станцыі метро “Няміга” да выставачнага комплексу на праспекце Пераможцаў.

Мерапрыемствы кніжнага форуму адбудуцца не толькі ў выставачным цэнтры, але і па ўсім горадзе. Напрыклад, на філалагічным факультэце БДУ правядуць літаратурнае ток-шоу, на факультэце журналістыкі — семінар “Прастора паміж словамі”. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўсе жадаючыя змогуць наведаць сустрэчу, прысвечаную Уладзіміру Караткевічу, з удзелам пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, сваякоў і знаёмых класіка. У Прэзідэнцкай бібліятэцы падрыхтуюць унікальную экспазіцыю “Пра вайну сказана не ўсё”.

Падчас кніжнага форуму раскрыецца інтрыга Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і IV Міжнароднага конкурсу маладых літаратараў “Першацвет”, лаўрэатам уручаць узнагароды. “У гэтым годзе на конкурс “Мастацтва кнігі” прадстаўлена каля 200 выданняў. Апошнія дні ў нас вялася актыўная работа. Вельмі сур’ёзныя творчыя дыскусіі ішлі вакол кожнай кнігі. Лепшых вызначылі ў 16 намінацыях — галоўнай, тэматычных, спецыяльных і персанальных. Узначальвае журы конкурсу рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна”, — расказаў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір Андрыевіч. А першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Алена Стэльмах падкрэсліла, што за кожнай кнігай стаіць грунтоўная праца пісьменнікаў, мастакоў і дызайнераў, якія разам ствараюць нацыянальную кнігу. “Мы вельмі рады, што ў гэтым годзе на выставе выдзелена вялікая пляцоўка для стэнда Саюза пісьменнікаў. Прыемна будзе сустрэцца са знакамітымі пісьменнікамі, а таксама маладымі аўтарамі. Менавіта праз кнігі мы лепш пазнаём іншыя народы і з задавальненнем чытаем пра тое, чым жыве наша сённяшняя Беларусь”, — дадала яна.

На VI Міжнародным сімпозіуме “Пісьменнік і час” літаратары з 25 краін свету абмяркуюць вострыя пытанні, звязаныя з кнігавыданнем, літаратурнай дзейнасцю, перакладамі твораў. За гады правядзення сімпозіум па праве стаў інтэлектуальнай пляцоўкай для абмеркавання надзённых пытанняў гуманітарнага і культурнага супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі розных краін. “Для нас вельмі важныя такія творчыя сустрэчы, бо яны садзейнічаюць развіццю сяброўскіх кантактаў паміж літаратарамі і абмену вопытам, стварэнню сумесных творчых праектаў”, — адзначыў дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак.

— Мы выходзім на наша свята кнігі з пэўнымі паказчыкамі. За 2019 год выпушчана 9619 найменняў кніг і брашур агульным тыражом 26 млн экзэмпляраў — гэта вельмі станоўчы паказчык у параўнанні з суседнімі краінамі. І хоць зараз складаныя ўмовы, мы працуем дастаткова эфектыўна і сваімі вынікамі можам ганарыцца. Сёння ў Беларусі выпускаецца 2,7 кнігі на аднаго жыхара. Сёлета плануем павялічыць колькасць беларускамоўнай літаратуры, — рэзюмаваў Ігар Бузоўскі.

Мінскі кніжны форум ладзіцца ўжо 27-ы раз, таму даўно пара завесці добрую звычку — пачынаць чарговы год новай кнігай. Мастацкая і дакументальная, навуковая і папулярная, вучэбная і даведачная, тэхнічная і па самаразвіцці, дзіцячая і для дарослых, навінкі і бестселеры — уся літаратура бу­дзе прадстаўлена на адной пляцоўцы, дзе кожны абавязкова знойдзе сабе кнігу па душы. А з трохсот запланаваных мерапрыемстваў любы зможа выбраць тое, што яму даспадобы: сустрэцца і пагаварыць з любімым аўтарам, паўдзельнічаць у літаратурных квестах або віктарынах, завітаць на прэзентацыі кніжных навінак і адкрыць для сябе імёны новых цікавых літаратараў або проста праехацца ад Палаца спорту да выставачнага павільёна на “Паэтычным аўтобусе”. Карацей, калі вы любіце чытаць — не праходзьце міма кніжнай выставы-кірмашу, сумна там не будзе нікому!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Прэс-цэнтра Дома прэсы.