Чым жыве дзяцінства?

Пагадзіцеся, для вас, педагогаў, пра тое, наколькі цікава вы праводзіце свае заняткі сведчаць не столькі словы калег, адміністрацыі, спецыялістаў аддзелаў адукацыі, колькі самі дзеці. Іх настрой і нецярплівасць хутчэй пачаць, калі яны бягуць да вас, агеньчык у іх вачах і зацікаўленасць на занятках, і гарачыя абмеркаванні на працягу ўсяго іх шляху дадому. Каб даведацца, чым напоўнена работа такіх апантаных педагогаў, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі правёў І Рэспубліканскі конкурс метадычных распрацовак мастацкага профілю “Мае лепшыя заняткі”.

Крытэрый вызначалі педагогі

У конкурсе прынялі ўдзел больш за 400 педагогаў дадатковай адукацыі краіны. Амаль палова ўсіх работ — работы дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці. Другую частку склалі распрацоўкі музычна-харэаграфічнага, тэатральнага, фальклорнага, інтэлектуальнага, сацыяльна-педагагічнага кірункаў. Былі прадстаўлены цікавыя распрацоўкі заняткаў валанцёрскіх клубаў, аб’яднанняў па інтарэсах па правах дзіцяці, школ ранняга развіцця, клубаў інтэлектуальных гульняў. Экспертная камісія асабліва адзначыла прафесійнае майстэрства, творчы падыход да распрацоўкі сучасных заняткаў педагогамі дадатковай адукацыі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, Рэспубліканскага дома навучэнцаў і работнікаў прафесійнай адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска, Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай абласцей.
“Нашай асноўнай мэтай было вызначыць узровень падрыхтоўкі педагогаў у новых умовах — умовах дадатковай адукацыі, убачыць, чым жыве сёння дзяцінства, якая адукацыйная паслуга ў нашых установах карыстаецца найбольшым попытам і поспехам, — гаворыць загадчык метадычнага кабінета НЦМТДіМ член журы Вольга Аляксееўна Кляцова. — Першапачаткова мы планавалі правесці адкрыты конкурс, які дазваляў дасылаць педагогам свае лепшыя заняткі адразу да нас. У такім выпадку асноўная крытэрыяльная ацэнка ішла б ад саміх педагогаў, а крытэрый для адбору быў бы заключаны ў словазлучэнні “маё лепшае”. Але тым не менш чатыры рэгіёны — Віцебск, Гродна, Гомель і Магілёў — правялі рэгіянальныя этапы, і таму, на жаль, частка работ да нас не трапіла”.

“Чароўныя” фарбы па ўласным рэцэпце

Эксперты на працягу месяца, як яны адзначаюць, сумяшчалі прыемнае з карысным: вызначалі пераможцаў і атрымлівалі асалоду, зачытваючыся іх распрацоўкамі. Хоць журы не давялося пабываць на саміх занятках, адчуванне прысутнасці на іх яны знаходзілі ў канвертах, у радках ад педагогаў і, канечне, на фотаздымках, зробленых падчас самых цікавых імгненняў.
Так, адкрытыя заняткі аб’яднання па інтарэсах “Палітра” ЦТДіМ “Спектр” Гродна складалі педагог дадатковай адукацыі Н.У.Краўчук і педагог-псіхолаг А.А.Конанава. Тэмай заняткаў сталі сучасныя тэхнікі ў выяўленчым мастацтве, а праводзілі іх педагогі для навучэнцаў першага года навучання сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. На занятках навучэнцы пазнаёміліся з творамі крэатыўных мастакоў сучаснасці: Ларэнца Дзюран, якая збірае карціны са спрасаванага лісця; брытанкі Клэр Морган, якая стварае незвычайныя інсталяцыі з высушаных раслін, насякомых, пудзіл жывёл і свежай садавіны, якія застываюць прама ў паветры, мацуючыся на нябачных лёсках; Майка Сцілкея, які выбудоўвае з кніг цэлую сцяну і на ёй малюе свае карціны. Карціны на пяску, на вадзе, карціны святлом, чарнільнымі кропкамі, вугальным пылам… Нават пералічыць усе магчымыя тэхнікі складана. Але выхаванцы “Палітры” пры жаданні могуць паспрабаваць асвоіць іх і, магчыма, адкрыць уласныя. Напрыклад, з мукі, солі, масла і іншых інгрэдыентаў яны прыгатавалі “чароўныя” фарбы і навучыліся ствараць з іх аб’ёмныя малюнкі.
Так, калі прачытаеш канспект такіх заняткаў, узнікае адчуванне прысутнасці ва ўтульных сценах студыі, і становіцца нават неяк сумна, калі педагогі развітваюцца з дзецьмі і абяцаюць расказаць пра іншыя тэхнікі толькі на наступных занятках.

Гульня — галоўная для дашкольнікаў

На занятках з дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі найчасцей выкарыстоўваюцца гульні. Напрыклад, В.А.Курыла, педагог дадатковай адукацыі аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва, на занятках “Агародніна для Зайкі” знаёміла 2-3-гадовых малышоў і іх бацькоў з такім відам пластынаграфіі, як “выцягванне” пластыліну. Урэшце капустай, бульбай, буракамі і морквай, “намаляванымі” пластылінам, малышы пачаставалі Зайку. Свае заняткі педагог часта праводзіць разам з бацькамі, якія не толькі дапамагаюць педагогу, але і самі вучацца.
Калейдаскопам гульняў становяцца кожныя заняткі і для выхаванцаў Алены Васільеўны Складневай, кіраўніка ансамбля народный музыкі “Руская песня” (Магілёўскі абласны цэнтр творчасці). Аб тым, што яны не проста гуляюць, а займаюцца вельмі сур’ёзнай справай, 5—7-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі даведваюцца толькі калі яны ці іх старэйшыя калегі (сярэдняя група ансамбля — ад 8 да 12, старэйшая — ад 13 да 18 гадоў) становяцца лаўрэатамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. А гэта адбываецца рэгулярна.
Алена Васільеўна пераканана, што ў гульні дзеці куды лепш засвойваюць доўгія і кароткія гукі, дынамічныя адценні, музычныя фразы. На прадстаўленых занятках педагог абагульняе тое, што дзеці ўжо вывучылі. Цікавыя самі прыёмы і форма, якія бярэ на ўзбраенне педагог: яна паказвае дзецям, як “разбудзіць роцікі”, а потым дапамагае кожнаму ўвасобіцца ў героя казкі “Містар Язычок”. На працягу заняткаў дзеці катаюцца на паравозіку па станцыях, спяваюць то “жалезным голасам”, як робаты, то мякка і пушыста, як коцікі, то светла і з запалам, быццам у іх самае ўрачыстае свята. Каб атрымаўся сапраўдны канцэртны нумар, малышы словы “звязваюць”, “нанізваюць, бы каралі на нітку”, нават “мяняюць ім колер”. І за ўсім, што адбываецца на занятках, уважліва сочыць пальчыкавая лялька — варона Карлуша.
Замест правядзення звычайных выніковых заняткаў І.І.Кажавец, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь хору “Крынічка” (Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі), прапанавала сваім маленькім выхаванцам (5-6 гадоў) здзейсніць “Падарожжа ў музычны лес”. Падчас падарожжа хлопчыкі і дзяўчынкі сустракаюцца і сябруюць з жывёламі, вучаць іх спяваць, расказваюць, як трэба захоўваць свой голас, — дэманструюць ім усё, чаму навучыліся.
“Заняткі ў такой форме дазваляюць стварыць унікальную творчую прастору для канструктыўных зносін педагога і дзяцей як добрых сяброў, як адной каманды. Эмацыянальная атмасфера заняткаў падабаецца дзецям, зараджае іх энергіяй”, — лічыць Ірына Іванаўна.
Выніковыя заняткі — гэта падзея, свята не толькі для дашкольнікаў, але і для іх бацькоў. Дашкольнікі могуць усвядоміць свае першыя вялікія поспехі, паказаць, што яны ўжо многае ўмеюць і могуць. Бацькі з задавальненнем прымаюць запрашэнне папрысутнічаць на занятках, бо яны, як і педагог, зацікаўлены ў выніках навучання сваіх дзяцей, ганарацца іх поспехамі і дасягненнямі.
Такі творчы калектыў “бацькі — дзеці — педагог” часта задзейнічаны ў распрацоўках заняткаў. Так, Наталля Мікалаеўна Власюк, кіраўнік майстэрні мяккай цацкі “Бусляня” Жабінкаўскага РЦТДіМ Брэсцкай вобласці, прадставіла распрацоўку адкрытых заняткаў “Мая сям’я. Выраб фотарамкі для любімага фотаздымка”. Сямейныя фота — бадай, самая дарагая рэліквія ў кожнай сям’і. Хоць сёння часцей мы захоўваем іх на электронных носьбітах, але ў вясковых дамах на сценах вісяць фатаграфіі членаў сям’і розных пакаленняў — сваякі і родзічы, а ў цэнтры — партрэты бацькі і маці. Педагог паказала, як можна звычайныя заняткі з канкрэтнай задачай ператварыць у незабыўную цёплую сустрэчу, напоўненую эмоцыямі творчага ўзаемадзеяння паміж бацькамі і іх дзецьмі. Акрамя таго, што дзеці зрабілі аўтарскія рамкі, яны даведаліся, як можна стварыць генеалагічнае дрэва, пачулі прыказкі пра сям’ю і прытчы, якія вучаць сямейнаму шчасцю, паглядзелі мультфільм на гэтую тэму, даведаліся пра паходжанне сваіх прозвішчаў. А яшчэ стварылі дамашнія гульнятэкі, якія дапамогуць вечарамі пасля работы і школы дарыць адно аднаму гадзінку-другую добрага настрою.

Шляхам найменшага супраціўлення

Нягледзячы на тое, што арганізатары вельмі задаволены прадстаўленымі на конкурс работамі, некаторыя маюць значныя недахопы, якія не дазволілі высока ацаніць іх аўтараў. Так, эксперты адзначаюць, што часам пастаўленыя мэты і задачы не суадносяцца са зместам і вынікамі заняткаў, практычная частка праводзіцца па схеме, трафарэце, шаблоне, што не адпавядае мэтам мастацкага профілю — абудзіць творчую фантазію, уяўленні навучэнцаў, натхніць іх на самастойную творчасць. Некаторыя распрацоўкі ўтрымліваюць шмат тэкставага матэрыялу, які агучвае педагог, часам не па тэме, у выніку на практычную частку застаецца вельмі мала часу. Ёсць і тэндэнцыя да капіравання чужога вопыту, нават даслоўнае. Часам сустракаюцца поўныя запазычанні з інтэрнэт-рэсурсаў, сродкаў масавай інфармацыі (часцей расійскіх), а заняткі падаюцца як аўтарская распрацоўка.
“Так, часам педагогі ідуць па шляху найменшага супраціўлення: убачыў — паўтарыў, — гаворыць Вольга Аляксееўна. — Канечне, ніхто не забараняе карыстацца інтэрнэтам, хутчэй наадварот. Але выкарыстоўваць ідэю, тэхналогію, гульні, прыёмы — гэта не значыць капіраваць іх”.
Прыкладам таго, як можна выкарыстоўваць вопыт іншых, могуць служыць распрацоўкі Таццяны Пятроўны Ваніслаўчык, педагога дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзятлава Гродзенскай вобласці, кіраўніка дзіцячага фальклорнага гуртка “Заранак”. Высока ацанілі члены журы распрацоўкі адразу трох яе заняткаў.
Напрыклад, вывучаючы са сваімі выхаванцамі тэму “Песні-балады, іх матывы, кампазіцыя, меладраматычнае гучанне”, яна выкарыстоўвае тэхналогіі французскіх педагагічных майстэрань. Згодна з імі, педагог (майстар) роўны навучэнцам у пошуках ведаў і выконвае заданні разам з усімі. Галоўнае правіла майстэрні — працуй, зыходзячы са сваіх здольнасцей, інтарэсаў, асабістага вопыту, і карэкціруй сябе сам. У рабоце майстэрні важны сам працэс творчага пошуку, у якім шырока прымяняецца метад спроб і памылак. Майстар не хваліць, не ганіць, не каменціруе, не ставіць адзнак, а знешнія стымулы замяняюцца самаацэнкай вучня.
Цікавыя і тэхнікі. Напрыклад, Таццяна Пятроўна скіроўвае навучэнцаў на індывідуальную работу па стварэнні гіпотэзы сэнсу жанру балады на прыкладах вершаў Янкі Купалы “Явар і Каліна”, В.Шымука “Балада пра маці”, літоўскай балады А.Міцкевіча “Тры Будрысы”. Для гэтага прапаноўвае навучэнцам на аркушы паперы абвесці ручкай сваю далонь і на кожным графічным пальцы ў адзін радок запісаць пачуцці (магчымы розныя часціны мовы), якія ўзніклі падчас прачытання твораў. У асацыятыўны рад трапляюць словы “драма”, “трагедыя”, “страх”, “боль”, “нянавісць”, “трывога”, “шкадаванне”, “радасць”, “цеплыня”, “замілаванне” і інш. Кожны навучэнец зачытвае запісаныя ім словы і дапаўняе гэты рад іншымі, названымі астатнімі. Такое заданне ўключае падлеткаў у творчы працэс, які прымушае сфармуляваць адказ на пытанне “Што такое балада?”. Затым педагог просіць запісаць фармулёўку ў цэнтры далоні.
Высока ацэнена распрацоўка заняткаў Таццяны Пятроўны і па правядзенні фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, пошукава-краязнаўчай работы на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Вынікам работы выхаванцаў фальклорнага гурта, якая доўжылася 20 вучэбных гадзін, стаў макет вэб-сайта “Дзятлаўшчына на скрыжаванні вякоў”. Ён змясціў летапісы, гістарычныя відэаэкскурсы, матэрыялы пра помнікі гісторыі і культуры на Дзятлаўшчыне, пра мясцовыя фальклорна-этнаграфічныя адметнасці, матэрыялы аб народных майстрах і ўмельцах і іншую цікавую інфармацыю.

Арыенціры вызначаны

Конкурс выявіў рэзервы ўдасканальвання работы педагогаў дадатковай адукацыі. Яны тычацца аказання дапамогі ў самаадукацыі, знаёмстве з інавацыямі ў педагагічнай практыцы, павышэнні ўзроўню псіхолага-педагагічных ведаў, але ў першую чаргу — пытанняў метадычнай вучобы (суправаджэння, падтрымкі) педагогаў.
“Не заўсёды ў гэтым вінаваты педагогі, — гаворыць Вольга Аляксееўна. — У галіне ёсць шмат маладых спецыялістаў, якія вельмі добра ведаюць адказ на пытанне “Што рабіць?”, а вось пытанне “Якім чынам?” часта выклікае цяжкасці. Трэба метадычным службам звярнуць увагу на свайго педагога, дапамагчы яму, падказаць, даць прафесійную параду.
Акрамя таго, нам было складана вызначыць інавацыі ў поўным разуменні гэтага слова. Сам пераход ад пазашкольнай адукацыі ў дадатковую для нас пакуль інавацыйны, ідзе працэс станаўлення. Але перспектывы на найбліжэйшыя гады ёсць: праграмы становяцца больш свабоднымі, варыятыўнымі, і мы атрымалі права пісаць і зацвярджаць кожны сваю праграму ва ўстановах, арыентуючыся на свой маленькі дзіцячы ці падлеткавы калектыў, яго склад, узрост, магчымасці”.
Аўтары лепшых метадычных распрацовак узнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (з вынікамі можна пазнаёміцца на сайце НЦМТДіМ (www.nchtdm.com), а распрацоўкі будуць выдадзены ў дапаможніку “Мае лепшыя заняткі” ў серыі “У дапамогу педагогу дадатковай адукацыі”, апублікаваны ў часопісе “Выхаванне і дадатковая адукацыя”.

 

Святлана НІКІФАРАВА.