Чым жывуць каледжы Віцебшчыны, даведаліся на абласной выставе-продажы прадукцыі ўстаноў адукацыі

- 16:25Новости

Паўстагоддзя назад суседскі хлопчык спытаў у вядомага савецкага паэта-­песенніка, чаму вучаць у школе, і ў выніку з’явілася цудоўная песня пра школьную навуку — неафіцыйны гімн першакласнікаў. А чаму сёння вучаць у каледжах Віцебшчыны, даведалася  карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Найбольш поўны і пераканаўчы адказ двойчы ў год можна атрымаць у абласным цэнтры на пляцоўцы каля Палаца спорту, дзе традыцыйна прахо­дзяць сезонныя выставы-продажы прадукцыі ўстаноў адукацыі.

Эксклюзіўныя прапановы

Акрамя яскравага прафарыентацыйнага складніка, папулярныя ў паўночным рэгіёне кірмашы маюць выразную эканамічную і гаспадарчую скіраванасць. Такія мерапрыемствы — крыніца папаўнення пазабюджэту для каледжаў, школ, цэнтраў дзяцей і моладзі. Багаты асартымент — ад дызайнерскага эксклюзіву да тавараў масавага попыту, майстар-класы і кансультацыі ад вытворцаў, ветлівыя і спрытныя прадаўцы (для некаторых маладых людзей гэта дадатковая прафесійная практыка), высокая яка­сць вырабаў і дэмакратычныя цэны, прывабнае афармленне, смачныя пачастункі, цікавыя конкурсы, інтэрактыўныя віктарыны, выступленні таленавітых юных артыстаў і сама­дзейных калектываў, дырэктарскія нарады ў нестандартным фармаце, экскурсіі для школьнікаў, імправізаваныя творчыя педагагічныя планёркі і сустрэчы ветэранаў галіны з іх пераемнікамі — гэта далёка не поўны пералік пераваг незвычайных кірмашоў. Яны здзіўляюць, захапля­юць і радуюць, звіняць песнямі, вясёлым смехам і тысячамі галасоў, якія разам гучаць як гімн майстэрству і мірнай, стваральнай працы.

— Вырабы, створаныя ў вучэбных майстэрнях навучэнцамі пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання, — найлепшая рэклама нашага патэнцыялу для будучых абітурыентаў і іх бацькоў, — упэўнена намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа Марына Савіна. — Пакупнікі ахвотна набываюць адзенне і хатні тэкстыль, сувенірную прадукцыю. На майстар-класы мы запрасілі жадаючых паспрабаваць уласнаручна зрабіць сувенір або навучыцца наносіць часовыя бляск-тату. Народны тэатр моды “Стыль” выступіў на святочным канцэрце: мы паказалі новыя калекцыі “Будучыня праз вякi”, “Беларусь — крыніца ўзораў”, “Вясёлы экіпаж”.

Кансультацыя ад дырэктара

Калектыў Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага кале­джа на кірмашы прадставіў звыш паўсотні найменняў прадукцыі, пераважна сельскагаспадарчай і сувенірнай. Шмат увагі ў афармленні выставачных экспазіцый удзелена тэме Вялікай Айчыннай вайны і 80-годдзя Вялікай Перамогі. З навацый — прафарыентацыйны інфакіёск у фотазоне “Мая прафесія — мая будучыня”. Усё прывабна і проста: выбіраеш, націскаеш на кнопку і слухаеш падрабязны аповед пра канкрэтную спецыяльнасць або кампетэнцыю. Пры неабходнасці да інфармавання нават дырэктар Уладзімір Быкаў падключаецца. Гэта сапраўды ўнікальная магчымасць!

— Наша пазнавальная праф­арыентацыйная візітоўка — гарачы майстар-клас на кавальскім горне, — адзначае намеснік дырэктара Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа Таццяна Салтанава. — І, безумоўна, моладзь прывабліваюць сучасныя тэхналогіі, тэхнічная творчасць у дынаміцы. Адсканіраваць дэталь і надрукаваць яе на 3D-прынтары — як вам такі майстар-клас? Акрамя канцэртнай праграмы, святочны блок на цэнтральнай сцэне кірмашу ўключаў узнагароджанне педагагічных работнікаў і калектываў за працоўныя поспехі. У прыватнасці, па выніках рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці мы адзначаны 4 дыпломамі: па адным І і ІІІ ступені і двума ІІ ступені. Пакупнікі ідуць да нас па прадукцыю з металу, выпечку і хатні тэкстыль.

Мы гэтай памяці верныя

Практычна на ўсёй прасторы кірмашу выразна адчувалася набліжэнне велічнага свята Перамогі, на якое з болем, хваляваннем і ўдзячнасцю адгукаецца сэрца кожнага беларуса.

На многіх лакацыях можна было ўбачыць не толькі педагогаў і моладзь у ваеннай форме 40-х гадоў мінулага стагоддзя, але і ўнікальныя музейныя экспанаты, даведацца пра даследчую і валанцёрскую дзейнасць устаноў адукацыі.

— Заўсёды прымаем актыўны ўдзел у грамадзянска-патрыятычных, пошукавых, валанцёрскіх абласных і рэспубліканскіх праектах, рэалізуем шэраг сваіх, — адзначыў дырэктар Відзаўскага дзяржаўнага каледжа Міхаіл Смірноў. — Каардынуе гэтую работу, якая ажыццяўляецца на базе гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”, наш выкладчык Віктар Бунто. Пад яго кіраўніцтвам удзельнікі гуртка “Спадчына” і ваенна-патрыятычнага атрада “Сокал” стварылі віртуальную галерэю славы воінаў — ураджэнцаў раёна, узнагароджаных ордэнамі СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлены імёны чырвонаармейцаў, якіх прызвалі з тэрыторыі Браслаўшчыны, знойдзена звыш 120 запісаў аб узнагароджанні землякоў за баявыя подзвігі.

Многія наведвальнікі кірмашу з задавальненнем частаваліся фірменнымі відзаўскімі страва­мі: рыбацкай юшкай, каўбаскамі, дранікамі, выпечкай з уласнага вытворчага ўчастка кандытарскіх вырабаў каледжа. Разбіралі ўсё вельмі хутка і ахвотна вярталіся па дабаўку!

Прафарыентацыйная смаката

— Мы прывезлі каля 600 адзі­нак дробнаштучнай прадукцыі, вырабленай у нашых лабараторыях сіламі майстроў вытворчага навучання і навучэнцаў, — расказала загадчыца сталовай Віцебскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Святлана Мяснікава. — За тры гадзіны ўсё раскуплена амаль начыста!.. Для патрэб кале­джа мы самі выпякаем хлеб — чорны і белы, гатуем кандытарскія і кулінарныя вырабы. Усё гэта для нашых навучэнцаў і работнікаў з’яўляецца будзённым, а людзям бачыцца жаданай, смачнай пакуп­кай. Безумоўна, гэта прыемна. Трэба да­даць, што асноўны наш асартымент на кірмашы сельскагаспадарчы, з палеткаў каледжа: зерне і бульба, расада кветак і агародных культур. Зноў жа попыт на гэтую прадукцыю высокі, асабліва на бульбу, яе даўно раскупілі.

— Мы расцім кадры для сучаснай вёскі, рыхтуем кухараў, зваршчыкаў, трактарыстаў, механікаў, — паведаміла майстар вытворчага навучання Дубровенскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Лізавета Галенка. — Вырошчваем лён, бульбу і збожжа, у нас мёд з уласнага пчальніка — прывезлі ўсё гэта на кірмаш. Тут, на месцы, гатуем дранікі і шашлыкі. Прапанавалі наведвальнікам і кашу ў палявой кухні. На свежым паветры яна літаральна за паўтары гадзіны разышлася, хоць наварылі яе аж 50-літровую ёмістасць!

Пра падрыхтоўку кадраў і смачныя кулінарныя сакрэты пагаварылі са шматразовай пераможцай рэйтынгавых міжнародных прафесійных чэмпіянатаў і конкурсаў, майстрам вытворчага навучання (і, дарэчы, выпускніцай) Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Аленай Полесавай. Па яе словах, маладая змена радуе. Напрыклад, на рэгіянальным этапе VI Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства прадстаўнікі каледжа занялі 5 першых месцаў і 2 другіх.

Віцебскае падвор’е

Тон на выставе-продажы зада­юць каледжы, аднак і школы, установы дадатковай адукацыі паказваюць клас. Асобна хочацца адзначыць падвор’е аддзела па адукацыі Віцебскага райвыканкама і прадукцыю школьных бізнес-кампаній. Напрыклад, дырэктар Старасельскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза У.П.Краева расказаў пра тое, як настаўнікі з вучнямі наладзілі выпуск чыпсаў, — з дэманстрацыяй гатовага прадукту. У цэлым панарама рэалізацыі бізнес-ідэй атрымалася ўражальнай: варэнне з шышак, кулінарыя і выпечка, мыла ручной работы, аромасвечкі і аромасоль, хатні тэкстыль і керамічныя вырабы, сувеніры, упрыгажэнні для валасоў і адзен­ня, расада кветак і агародніны… І па шматгадовай добрай традыцыі педкалектыў раёна пад­рых­таваў выдатныя лакацыі для памятных фота з душэўнымі песня­мі пра вайну і мір. “Прыходзьце да нас увосень, калі вырасцім ураджай!” — стратэгічна зрабілі задзел на перспектыву гаспадары. Абавязкова скарыстаемся запрашэннем!

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара