Чырвоная дарожка для медалістаў

- 9:20Адукацыйная прастора

Выпускнікі школ, гімназій і ліцэя Гродна ва ўрачыстай атмасферы атрымалі залатыя і сярэбраныя медалі.

Традыцыйна штогод у Гродне ўшаноўваюць лепшых выпускнікоў. Сёлета сярод іх 257 медалістаў, якія атрымалі залатыя і сярэбраныя медалі і атэстаты асобага ўзору, пераможцы і прызёры алімпіяд, шматлікіх конкурсаў не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага ўзроўню. Па чырвонай дарожцы пад шчаслівымі поглядамі бацькоў і настаўнікаў яны прайшлі ў залу абласной філармоніі, дзе і атрымалі свае заслужаныя атэстаты.

У 144 установах адукацыі абласнога цэнтра больш як 44 тысячы вучняў, 2100 з якіх сёлета сталі выпускнікамі. Высокія вынікі паказалі юныя гро­дзенцы не толькі ў вучобе, але і на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах: на абласным і заключным яе этапах заваявана 239 дыпломаў. На міжнародных алімпіядах у 2021 го­дзе гродзенцы атрымалі два медалі. Перад таленавітай, адоранай моладдзю адкрыты ўсе дарогі. Многія маладыя людзі ўжо зрабілі свой выбар і рыхтуюцца стаць студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. На ўрачыстым мера­прыемстве ўсе госці жадалі, каб іх мары здзейсніліся.

Уручаючы медалі выпускнікам, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук адзначыў:

— На працягу ўсіх гадоў вучобы вы паказвалі свае веды і магчымасці. І вашу шматгадовую працу ацанілі. Безумоўна, вялікая заслуга належыць педагогам, якія раскрылі вашы таленты, заўсёды ва ўсім дапамагалі. Вялікі дзякуй бацькам, што на працягу гэтых адзінаццаці гадоў заўсёды былі побач і перажывалі за вашы поспехі. Жадаю, каб заслужаны медаль стаў для кожнага паспяховым стартам у дарослае жыццё.

Павіншаваў выпускнікоў і ўручыў медалі старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Мечыслаў Гой.

— Вы самыя лепшыя, і вы заслужылі гэта сваёй вучобай, — падкрэсліў Мечыслаў Гой, звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат са сцэны абласной філармоніі. — Ваша настойлівасць і праца стануць надзейным падмуркам у далейшым жыцці. Самыя шчырыя словы ў­дзячнасці хачу сказаць вашым б­ацькам, бо менавіта яны прывілі вам любоў да працы, да вучобы. Словы ў­дзячнасці, безумоўна, педагогам, бо вашы дасягненні — і іх заслуга.

Дырэктар сярэдняй школы № 22 Гродна Жанна Шумская прый­шла на ўрачыстае мерапрыемства як мама і педагог, і прызналася, што для яе ў­двайне прыемна знаходзіцца на такім свяце. Яе дачка Кацярына Шумская — выпуск­ніца ліцэя № 1, прызёр Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове — ужо вызначылася з будучай прафесіяй і будзе паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, да таго ж яна мае права не здаваць ЦТ. А выпускніца школы № 22 Карына Шматава ў гэты дзень атрымала залаты медаль, што таксама адкрывае перад дзяўчынай шырокія магчымасці, а марыць яна стаць урачом.

Начальнік аддзела адукацыі Гро­дзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык прызнаўся, што эмоцыі перапаўняюць: сёлета выпускнікі атрымалі найбольшую колькасць залатых і сярэбраных медалёў у гісторыі горада. Для юнакоў і дзяўчат гэта дадатковы бонус пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

Як паведамілі ў галоўным упраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, сёлета ў вобласці больш як 5,7 тысячы выпускнікоў 11 класаў. Атэстаты асобага ўзору атрымалі 677 юнакоў і дзяўчат, з іх 647 узнагароджаны залатым медалём, 30 — сярэбраным.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.