Чырвоны дзень піянерскага календара

- 11:58Выхаванне

Чырвоныя кветкі, чырвоныя гальштукі, чырвоныя шары… У чацвер Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя адсвяткавала свой 28-мы дзень нараджэння. Ахапіла свята і Мінск.

Чырвоныя кветкі, чырвоныя гальштукі, чырвоныя шары… У чацвер Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя адсвяткавала свой 28-мы дзень нараджэння. Ахапіла свята і Мінск.

Да святкавання быў прымеркаваны і ўрачысты прыём у піянеры: у Піянерскім парку больш за 100 акцябрат з усіх куткоў Беларусі — пераможцы і прызёры інтэлектуальна-творчай гульні “Пароль — акцябронак”: тэрыторыя асаблівага прызначэння”, вымавілі словы ўрачыстага абяцання. Піянерскія гальштукі ім завязалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, піянерскага руху, партнёры і сябры арганізацыі.

Традыцыйна ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка Героя Савецкага Саюза піянера-героя Марата Казея. Падтрымала святочны настрой выступленне ўзорнага вакальнага ансамбля “Песенька”. Урачысты прыём у піянеры завяршыўся імправізаваным салютам — запускам у неба соцень паветраных шароў.

Піянерскае свята прадоўжыла акцыя “АРТчас”. Наваспечаных піянераў чакаў творчы працоўны пачын, падчас якога хлопчыкі і дзяўчынкі стваралі свае дызайнерскія лаўкі, якія будуць перададзены ў якасці падарунка абласным піянерскім арганізацыям.

Запальны танцавальны батл даў старт займальным спартыўным спаборніцтвам “Піянерскія гонкі”, якія ладзіліся на Дзіцячай чыгунцы імя К.Заслонава. Фізічную падрыхтоўку і камандны дух удзельнікаў вызначалі 8 камандных этапаў: “Гігабуцы”, “Гігамяч”, “Перашкода”, “Тунэлі”, “Кубік Рубіка”, “Вусень”, “Кактус-кальцакід” і “Гарачая бульба”.

Дарэчы, новы навучальны год абяцае для піянераў шмат інавацый. Хоць за апошні час яны і так рэалізавалі шмат сваіх праектаў: “Сустрэчы на ўсе 100!”, “Вотчына.by”, “Піянерскі КВІЗ”, вэб-квест “Пароль — “Акцябронак”, конкурс на распрацоўку піянерскага талісмана і слогана піянерскай арганізацыі “рroБРПА — гуляючы разам”, усё ж новых ідэй у іх яшчэ больш.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.