Чырвоны, жоўты, зялёны

Дзейнасць педагагічнага калектыву Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы па фарміраванні ў дзяцей навыкаў бяспечных паводзін на дарогах з’яўляецца комплекснай і прадугледжвае актыўнае ўключэнне ў гэты працэс усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

У летні аздараўленчы перыяд для дзяцей праводзяцца розныя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне ў дашкольнікаў навыкаў бяспечных паводзін на дарогах.

Выхаванцамі інтэграванай групы № 4 рэалізаваны кароткатэрміновы даследчы праект “Што такое святлафор?”. У ходзе праектнай дзейнасці дзеці пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення святлафора і даведаліся, што першы ў свеце святлафор з’явіўся 104 гады назад. Дашкольнікі былі здзіўлены звесткамі пра тое, што першы святлафор меў чырвоны і зялёны ліхтары, а пры пераключэнні святла выдаваў гукавы сігнал. Кіраваў гэтай сістэмай паліцэйскі, які сядзеў у шкляной будцы на скрыжаванні.

У ходзе праектнай дзейнасці дзеці адгадвалі загадкі, чыталі вершы, разглядалі ілюстрацыі, майстравалі святлафор у розных тэхніках, малявалі на тэму правіл дарожнага руху. Дашкаляты з цікавасцю ўдзельнічалі ў рухавых, дыдактычных і сюжэтна-ролевых гульнях “Каляровыя аўтамабілі”, “Скрыжаванне”, “Чырвоны, жоўты, зялёны”, “Верабейкі і аўтамабіль”, “Слухай — запамінай”, “Спрытны пешаход”, “Дарожныя знакі”, “Вуліца”, “Мы пасажыры”.

На мэтавых прагулках назіралі за работай святлафора, рухам транспарту, паводзінамі пешаходаў на дарозе, абмяркоўвалі праблемныя сітуацыі, праводзілі гульнявыя трэнінгі на розныя тэмы (“Калі ты згубіўся на вуліцы”, “Ты з мамай увайшоў у аўтобус. Вольнае месца было толькі адно. Як ты паступіш?”). Для замацавання вывучаных правіл дарожнага руху дзецям была паказана прэзентацыя на тэму правільных і няправільных паводзін на дарогах. У групавым пакоі абсталявалі куточак бяспекі: тут дзеці з цацачнымі машынкамі асвойваюць вадзіцельскае майстэрства, рамантуюць транспарт, будуюць дарогі, прымяраюць на сябе ролю супрацоўніка дарожнай службы.

Выніковым мерапрыемствам праектнай дзейнасці стала пазнавальна-гульнявая праграма “Наш сябар — святлафор”, прымеркаваная да Міжнароднага дня святлафора, які адзначаецца 5 жніўня ва ўсім свеце.

У дзіцячы сад прыйшоў сапраўдны Святлафор, каб падзяліцца сваім святам з нашымі дзецьмі. Дашкаляты не толькі весяліліся, танцавалі і гулялі з ім, але і адгадвалі загадкі, рашалі галаваломкі, паказвалі свае веды пра правілы дарожнага руху. Разам са Святлафорам, Пятрушкай і лялькай Кацяй дзеці ўдзельнічалі ў гульнях-эстафетах “Пешаходны пераход”, “Гонкі з перашкодамі”, “Пешаходы і вадзіцелі”, “Вадзіцель, будзь уважлівы!”, “Пасажырскі аўтобус”. Тэатралізаваная пастаноўка “Школа Айбаліта” вельмі спадабалася самым маленькім выхаванцам: дзеці суперажывалі зайцу, ваўку і лісяняці, якія трапілі ў бяду на дарозе. Усе ўдзельнікі свята абяцалі Святлафору ніколі не парушаць правілы дарожнага руху.

У гульнявой форме дашкольнікі цвёрда засвоілі асновы бяспечных паводзін на вуліцах і дарогах, што святлафор — дарогі гаспадар, а няведанне правіл дарожнага руху — прычына дарожных аварый.

Данута ЛОБАЧ,
выхавальніца інтэграванай групы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.