Чыстая крыніца энергіі

Вядучая роля ў пытаннях энергазберажэння належыць сістэме адукацыі. Менавіта ва ўстанове адукацыі дзіця павінна знайсці адказ на пытанні: навошта эканоміць, калі агульная колькасць энергіі ў Сусвеце і на Зямлі бязмежна велізарная? чаму дарослыя кажуць, што яе не хапае?

У сярэдняй школе № 7 Навагрудка вядзецца мэтанакіраваная работа па пытаннях энергазберажэння. Асноўныя напрамкі дзейнасці: планаванне работы па забеспячэнні эканомнага і рацыянальнага выкарыстання вады, цеплавой і электрычнай энергіі; выхаванне культуры энергаспажывання; асветніцкая работа з бацькамі і грамадскасцю; арганізацыйна-метадычная работа з педагагічнымі кадрамі; навукова-даследчая і рэдакцыйна-выдавецкая дзейнасць.

Ва ўстанове сабраны лепшыя метадычныя матэрыялы педагогаў школы па пытаннях энергазберажэння. Матэрыялы сістэматызаваны па блоках “КласныЯ і інфармацыйныя часы”, “Распрацоўкі навучальных і факультатыўных заняткаў”, “Навукова-даследчая дзейнасць”, “Работа з бацькамі (інтэрнэт-анкетаванне, распрацоўкі бацькоўскіх сходаў, памяткі для бацькоў, буклеты)”.

Нядаўна ў 6-м кадэцкім класе прайшло адкрытае мерапрыемства “Энергазберажэнне! Навошта?”. Загадзя навучэнцы падрыхтавалі малюнкі па энергазберажэнні. У ходзе заняткаў разгледзелі асноўныя тыпы электрастанцый і агучылі магчымыя праблемы ў тым выпадку, калі і далей будзем выкарыстоўваць электраэнергію, якую выпрацоўваюць толькі гэтыя тыпы электрастанцый. Кадэты прыйшлі да высновы, што надышоў час, калі трэба падумаць, як арганізаваць дзейнасць, каб расходаваць энергію эканомна, не загубіць прыроду, не дапусціць трагічных наступстваў. Для гэтага неабходна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

Школьнікі прадэманстравалі работу сонечнай батарэі, падрыхтавалі прэзентацыю і паведамленне пра Навагрудскі ветрапарк, правялі практычную работу — разлічылі колькасць выратаваных дрэў дзякуючы акцыям “Паляўнічыя на макулатуру”. У ходзе гэтых акцый за 2018 год усе разам сабралі і здалі 15 500 кг макулатуры, а значыць, выратавалі 924 дрэвы. Таксама навучэнцы разлічылі, што калі закрываць кран, пакуль чысцім зубы, ці карыстацца шклянкай для паласкання рота; мыць посуд не пад бягучай бруёй вады, а ў ракавіне, закрыўшы адтуліну; не забываць выключаць ваду, то кожны за год зможа сэканоміць цэлае возера дыяметрам 200 метраў і глыбінёй 2 метры.

Навучэнцы даказалі, што эканоміць энергію неабходна для таго, каб прыйшло заўтра. Бо сёння наша планета стаіць на парозе экалагічнай катастрофы, і найбольш грозны прадвеснік яе — парніковы эфект. Значыць, лёс планеты залежыць ад кожнага з нас, ад усяго чалавецтва, ад таго, колькі мы спажываем прыродных рэсурсаў!

Н. ДРАНІЦА,
настаўніца фізікі, выхавальніца кадэцкага класа сярэдняй школы № 7 Навагрудка.