Чыстая планета: місія выканальная?

Пра тое, што смецце трэба збіраць асобна, ведае кожны. Пра тое, што другасная перапрацоўка паперы, пластыку, шкла значна эканоміць рэсурсы, а выкінутая на сметнік батарэйка забрудзіць 20 метраў зямлі, мы таксама рэгулярна чуем. Але адна справа чуць, а іншая — пачуць і дзейнічаць. Днямі ў 70 навучэнцаў і настаўнікаў навучальных устаноў Мінска і вобласці была магчымасць на свае вочы ўбачыць, да чаго прыводзіць наша ігнараванне амаль надакучлівага закліку: яны адправіліся ў эпіцэнтр эколага-ўрбаністычнага бедства — на мінскія смеццевыя палігоны. Неардынарная экскурсія праходзіла ў межах акцыі “Чыстая планета: місія выканальная”, якая стала часткай праекта “Зялёныя школы”.

Усім нам прыемна чуць ад замежных гасцей, якія наведваюць нашу сталіцу, словы захаплення наконт яе чысціні. Але нямногія ведаюць, што адваротны бок медаля — літаральна за кальцавой. Падчас акцыі старшакласнікі наведалі палігон адходаў пад Мiнскам і смеццеперапрацоўчы завод, паўдзельнічалі ў інтэрактыўных лекцыях, якія на палігоне правялі спецыялісты па адходах. Для хлопцаў і дзяўчат Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму, гімназіі Смаргоні, гімназіі № 33 Мінска, Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў гэта стала ўнікальнай магчымасцю прасачыць увесь цыкл, які праходзіць смецце, і на свае вочы ўбачыць тэхналогіі, якія дапамагаюць захаваць прыроду.

Ідэя акцыі — прыцягнуць увагу да факта, што экасістэмы ўзаемазвязаны. Паўплываўшы на адну сістэму, чалавек закранае ўсе. Напрыклад, адходы гарадоў збіраюцца на палігоне. Калі палігон больш за пяць метраў у глыбіню, у навакольнае асяроддзе выдзяляецца метан. Гэта ўплывае на якасць паветра, выклікае парніковы эфект, рызыку пажараў, уздзейнічае на здароўе. Чым больш мы будзем скарачаць колькасць смецця — асобна збіраць, перапрацоўваць — тым менш паўплываем на навакольнае асяроддзе, чысцейшымі будуць грунтавыя воды, больш дрэў зможа расці на тэрыторыі сённяшніх сметнікаў.

Арына Карунас, дзевяцікласніца гімназіі № 19 Мінска, падзялілася ўражаннямі ад убачанага: “Сметнік памерам амаль 30 гектараў выклікаў у мяне шок. Я ведала, што смецце трапляе на палігон, але ўявіць яго маштабы не магла. Не думала, што з-за таго, што мы не можам асобна выкінуць смецце, сотням людзей даводзіцца рабіць гэта ўручную, стоячы ля канвеера на заводзе ці прама на палігонах”.

Цімафей Фёдараў, навучэнец РЦЭіК, адзначыў: “Мне было цікава паглядзець на ўсе этапы абыходжання са смеццем. Некаторыя з іх я нават не ўяўляў: напрыклад, што пластыкавыя бутэлькі мыюць, праколваюць для выдалення рэшткаў вадкасці, аддзяляюць непрыдатныя для перапрацоўкі. Хоць я і планую сваё прафесійнае жыццё звязваць з экалогіяй, мне бліжэй вырашэнне гэтай праблемы на мікрабіялагічным узроўні. Напрыклад, можна знайсці штамы бактэрый, якія змаглі б утылізаваць поліэтылен. Тады не будзе праблем з яго перапрацоўкай і захаваннем”.

Па словах Вадзіма Зубрыцкага, інжынера-эколага ААТ “Белгіпс-эка”, сёння ў Беларусі 300—400 смеццеперапрацоўчых заводаў рознай магутнасці. Але ў многіх з іх вузкая накіраванасць. Ёсць смецце, якое ўвогуле ці амаль не перапрацоўваецца, напрыклад, забруджаная ці палігонная плёнка — літаральна на некалькіх заводах ёсць такія тэхналогіі. А абясшкоджванне ртутных лямп ідзе ўсяго на 6 заводах краіны.

Аднак у Беларусі адкрываюцца новыя лініі па перапрацоўцы пэўных відаў смецця. Напрыклад, на заводзе “Спецкамунаўтатранс” год назад пачалі перапрацоўваць вечкі ад пластыкавых бутэлек — аказваецца, да гэтага іх адкручвалі і не перапрацоўвалі разам з бутэлькай, бо гэта розныя віды пластыку. Нарэшце і Tetra Pak не будзе перавозіцца ў Расію: будуецца завод у Пухавічах, дзе будуць тэхналогіі па аддзяленні фольгі з гэтай упакоўкі, раздзяленні шматслойнай паперы па слаях, выдаленні з яе фарбы. Пакуль там назапашваецца сыравіна, але плануецца, што вясной будучага года ён запусціцца. Толькі адзіная арганізацыя — БелВТІ пры Мінскім абласным тэхнапарку паставіла лінію па перапрацоўцы батарэек. Вылучаныя з іх вугальная насыпка, металы пойдуць на рэалізацыю. Хаця тут пытанне не столькі зарабіць на батарэйцы, колькі не даць цынку, цяжкім металам трапіць у навакольнае асяроддзе.

Пра ноу-хау, якое хутка дапаможа пазбавіць Беларусь ад бутэлек, расказаў Ігар Сухарэвіч, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП “Экарэс”: “Да 2020 года ў краіне плануецца стварыць сістэму збору пластыкавых, бляшаных і шкляных бутэлек у спецыяльныя кантэйнеры — тараматы. Прынцып такі: ты кідаеш бутэльку ў тарамат, а табе аўтаматычна выдаецца чэк ці манета. Праўда, гэта павінны быць мінімум 10—20 капеек, загадзя ўкладзеныя ў кошт поўнай бутэлькі. Толькі так людзі будуць зацікаўлены вяр-нуць свае грошы, і мы не ўбачым на сартавальных лініях гэтых бутэлек, якія складаюць каля 80 працэнтаў усяго смецця, а вытворца атрымае якасную сыравіну. Еўропе ўстаноўка тараматаў дапамагла вярнуць 80 працэнтаў бутэлек ад выпушчаных і поўнасцю адмовіцца ад сарціроўкі. І мы спадзяёмся, што ў нас гэта таксама атрымаецца”.

Якраз цяпер у Беларусі гэтае пытанне вырашаецца, тэсціруецца першы апарат, які быў прывезены на мінулым тыдні, вядуцца перагаворы з інвестарамі.

Акрамя таго, Ігар Іванавіч паведаміў, што ў найбліжэйшыя гады сметнікі вакол сталіцы пачнуць закрываць, а ім на змену прыйдуць смеццеспальваючыя заводы: “Кожны палігон працуе ўсяго 9 гадоў, пасля чаго закрываецца (толькі на ім яшчэ гадоў з 10 будуць працягваць здабываць смеццевы газ), шукаецца месца для новага. Але ў межах горада яшчэ 30 гектараў зямлі пад палігон знайсці цяжка, таму Мінгарвыканкам прапрацоўвае пытанне будаўніцтва смеццеспальваючага завода. Зямля пад яго будаўніцтва загадам прэзідэнта ўжо адведзена. Праўда, каштаваць гораду гэта будзе значна больш: калі захаванне тоны адходаў каштуе 4—5 рублёў, то за яе спальванне мы заплацім 15—20 еўра”.

Вольга Чаброўская, кіраўнік праекта “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховы навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, заўважыла: “Гэтая акцыя — мізэрная частачка таго, што мы робім у кірунку экалагічнай адукацыі і асветніцтва. Абыходжанне з бытавымі адходамі — ад зін з кірункаў факультатыўных заняткаў “зялёных школ”. І мы вырашылі паказаць дзецям усё як ёсць. Мы спадзяёмся, што сваімі ўражаннямі яны падзеляцца з бацькамі, сябрамі, якія, магчыма, ніяк яшчэ не пачнуць збіраць смецце асобна, і практычны эфект абавязкова будзе”.

Такая паездка, прызнаюцца ўдзельнікі, яшчэ раз нагадала, што, ідучы ў магазін, лепш узяць сумку з тканіны, а не поліэтыленавы пакет, які потым пойдзе на палігон, і што мы павінны старацца ўплываць на экалагічную сітуацыю не каля сметніка, а яшчэ каля прылаўка, выбіраючы экалагічныя прадукты, а не старанна загортваць іх у мноства бясплатных пакетаў.

Сваімі ўражаннямі і высновамі школьнікі падзеляцца і праз аб’ектыў. Па выніках гэтай і іншых экалагічных акцый у межах праекта “Зялёныя школы” навучэнцы прымуць удзел у конкурсе відэаролікаў і відэарэпартажаў на экалагічныя тэмы. Пераможцы будуць узнагароджаны ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства 1 кастрычніка, у Сусветны дзень жылля, зацверджаны ААН у 1985 годзе і прысвечаны ўмовам пражывання ў населеных пунктах. У прыватнасці, сёлетняя яго тэма ў свеце — кіраванне цвёрдымі адходамі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.