8—9 красавіка на базе Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці адбыўся заключны этап Рэспубліканскага турніру-спаборніцтва па робататэхніцы. Удзел у відовішчным мерапрыемстве, якое ў такім маштабе прайшло ўпершыню, прынялі пераможцы абласных этапаў.
Больш за 50 удзельнікаў ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў спаборнічалі ў чатырох намінацых: “Кегельрынг”, “Траекторыя”, “Робат-памочнік”, “Казачны свет”. Абавязковая ўмова для ўдзелу навучэнцаў у турніры: уся прадстаўленая тэхніка павінна быць зроблена самастойна. У намінацыі “Кегельрынг” канкурсанты задавалі праграму робатам такім чынам, каб яны за мінімальную колькасць часу змаглі выштурхнуць кеглі вызначанага колеру за межы поля. 1-е месца на гэтым этапе занялі выхаванцы Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Ілья Малышка і Уладзіслаў Місачэнка. У наступнай намінацыі былі прадстаўлены робаты, здольныя як мага хутчэй праехаць па траекторыі вызначанага колеру ад стартавай лініі і да фінішу. Зноў жа перамогу ўзялі сталічныя хлопцы, але ўжо навучэнцы Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Максім Жук і Арцём Сімірэнка.
У трэцяй намінацыі “Робат-памочнік” юныя тэхнікі прадставілі робататэхнічную канструкцыю, якая мае практычнае прымяненне. На суд журы былі прадстаўлены робат-пыласос, які самастойна чысціў падлогу, робат-гаспадынька, што старанна працаваў мяцёлкай, робат, які дзякуючы ўльтрагукавому датчыку распазнаваў абутак і чысціў яго. Пераможцамі ў гэтым конкурсе сталі выхаванцы Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Алег Сірэнка і Андрэй Скрыпко, якія стварылі робата віртуальнай прысутнасці. Робат выглядае як чалавек, абсталяваны планшэтам і вэб-камерай, а перамяшчаецца з дапамогай колаў. Трэба адзначыць, што гэта сацыяльна арыентаваны праект, нацэлены на дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Робат дазваляе ім, не выходзячы з дома, мець зносіны з іншымі людзьмі.
У апошняй, самай вясёлай, намінацыі “Казачны свет” школьнікі і студэнты прадставілі праекты, створаныя па матывах выбранага літаратурнага твора. Гэта былі робаты, сабраныя дзецьмі з фірменных элементаў, матораў і датчыкаў спецыялізаваных дзіцячых канструктараў. Атрымалася сапраўды казачна. Тут можна было ўбачыць хатку на ножках з аповесці “Панядзелак пачынаецца ў суботу”, якая рэагуе на рухі і пачынае маршыраваць; праект “Ікар” па матывах старажытнагрэчаскага міфа аб сыне Дэдала, што прыдумаў і стварыў крылы; многае іншае. Журы аддало перавагу праекту “Квідзіч” мінчан Міхаіла Мацвеева і Уладзіслава Лежнева, у якім была ўвасоблена сцэна з камп’ютарнай гульні па матывах раманаў пра Гары Потэра.
Напрыканцы турніру-спаборніцтва арганізатары вырашылі ўвесці дадатковы конкурс “Экспромт”. Асаблівасць яго ў тым, што канкурсанты праграмавалі свайго робата згодна з заданнем на месцы, а не дома, як гэта было ў папярэдніх намінацыях. Сарыентавацца і запраграмаваць свайго робата выштурхнуць белыя кеглі, хаатычна расстаўленыя па полі, было няпроста. У адрозненне ад “Кегельрынга” месцазнаходжанне кегляў не было вядома. Хутчэй за ўсіх з заданнем справіліся пераможцы ў намінацыі “Кегельрынг” Ілья Малышка і Уладзіслаў Місачэнка. Тэхнічны аб’ект, створаны сябрамі за 7 секунд, выштурхнуў патрэбныя кеглі за абазначаную лінію. Ілья спачатку займаўся ў аўтамабільным гуртку, пасля паспрабаваў сябе ў робататэхнічным. Сямікласнік самастойна зрабіў робат-аўтамабіль. На сабраную ўручную мадэль ён паставіў кіруючы блок, і цяпер робат не проста едзе, а ездзе інтэлектуальна: можа рухацца па лініі ці, напрыклад, аб’язджаць перашкоды. Ілья расказвае, што ствараць робата і задаваць праграмы на камп’ютары яму ўдаецца лёгка. Хлопец захапіўся справай сур’ёзна — юны тэхнік звязвае сваю будучую прафесію з механізмамі і робататэхнікай. А вось Уладзіслаў толькі спрабуе сябе ў ролі тэхніка і займаецца ў цэнтры толькі два з паловай месяцы, але ўжо мае пэўныя дасягненні.
“Пераможцы турніру-спаборніцтва, акрамя медалёў, дыпломаў і прызоў, атрымаюць магчымасць прадставіць нашу краіну на Сусветнай алімпіядзе робатаў, якая ў гэтым годзе пройдзе ў Індыі, — адзначыў загадчык лабараторыі робататэхнікі цэнтра трэнер нацыянальнай зборнай па робататэхніцы Сяргей Кулакоў. — Каманда Беларусі прыме ў ёй удзел ужо трэці раз. Таксама лепшыя з лепшых адправяцца на маштабны конкурс “Робафэст”, што адбудзецца ў Маскве ў сярэдзіне красавіка. У мінулым годзе ўдзел у ім прынялі 700 каманд, а нашы гурткоўцы занялі прызавыя месцы”.
Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА