Летам праблема забруджвання вадаёмаў бытавымі адходамі становіцца асабліва актуальнай. Пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, кансервавыя бляшанкі, папера, поліэтыленавыя пакеты — смецце, пакінутае пасля адпачынку на берагах рэк і азёр атручвае прыроду.
Унесці свой уклад у вырашэнне экалагічных праблем захацелі выхаванцы аздараўленчага палатачнага летніка Дужаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна. Дзеці правялі экалагічную акцыю “Чысты бераг — чыстая рака!” па ўборцы берага ракі Проня на сваёй малой радзіме.
Узяўшы пальчаткі і мяшкі для смецця, а таксама маючы гарачае жаданне прынесці карысць сваёй малой радзіме, 15 добраахвотнікаў адправіліся на самае папулярнае месца адпачынку аднавяскоўцаў. Каб зрабіць працэс уборкі не толькі карысным, але і цікавым, нашы выхаванцы наладзілі спаборніцтва, падзяліўшыся на дзве каманды. Пераможцу вызначалі па колькасці напоўненых смеццем мяшкоў. У выніку двухгадзіннай працы смецце было бязлітасна “ўзята ў палон” і ліквідавана. Дзеці сабралі 4 мяшкі змешаных адходаў. Пераможцамі ў спаборніцтве сталі Гарбачэўскі Павел, Бірукова Надзея і Ратаўтас Анастасія.
Валанцёры засталіся задаволеныя праведзенай працай. У службу палатачнага летніка “Камора ідэй” ад выхаванцаў паступіла прапанова выдаваць і распаўсюджваць лістоўкі на экалагічную тэму для мясцовых жыхароў.
Падобныя акцыі дапамагаюць падтрымліваць парадак на берагах вадаёмаў на працягу ўсяго цёплага сезона. Неабыякавыя людзі павінны змагацца з чалавечай безадказнасцю і абыякавым стаўленнем да прыроды ўсімі даступнымі спосабамі. Цяпер гэта разумеюць і нашы выхаванцы.
Лілія МЕЛЬНІКАВА,
начальнік палатачнага летніка
Дужаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна.