Чыстыя сажалкі

- 11:19Выхаваўчая прастора

Няўмольна крочыць восень: тыдзень за тыднем. Кожны з іх напоўнены традыцыйнымі святамі: Дзень ведаў, Дзень міру, Дзень настаўніка. Такой жа добрай традыцыяй становяцца Тыдні ўстойлівага развіцця. Як і ў мінулым годзе, наша школа стала непасрэднай удзельніцай Тыдняў устойлівага развіцця — 2017, якія праходзяць з 25 верасня па 25 кастрычніка пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі ў партнёрстве з дзяржаўнымі структурамі.

Нашы мерапрыемствы былі адобраны аргкамітэтам і ўнесены ў агульную праграму. У рамках Тыдняў устойлівага развіцця ў школе праводзілася экскурсія для навучэнцаў 6—7 класаў “Турнянскі гракоўнік”: ведаць, каб захаваць” і канферэнцыя “Чыстыя сажалкі” для навучэнцаў 7—10 класаў. Гэтыя мерапрыемствы былі накіраваны на выкананне такіх мэт устойлівага развіцця, як якасная адукацыя, чыстая вада і санітарыя і захаванне экасістэмы сушы.

Экскурсія праходзіла па экалагічнай сцяжыне “Маўклівыя сведкі мінулага” і сумежнай тэрыторыі, якая, дзякуючы мэтанакіраванай рабоце вучоных Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі, у 2017 годзе набыла статус батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння “Турнянскі гракоўнік”.

Прайсціся па размаляванай усімі фарбамі кляновай прысадзе, глянуць на сажалку вачамі даследчыка, здзейсніць захапляючы экскурс у гісторыю сваёй вёскі — што можа быць лепш, калі ты любіш свой край!

Але прыродзе патрэбна не столькі наша любоў, колькі наш клопат і дапамога. Таму ўдзельнікі канферэнцыі пастараліся данесці да прысутных асноўныя экалагічныя праблемы вадасцёкаў Брэсцкай вобласці і паспрабавалі разабрацца ў іх прычынах. Навучэнец 9 класа Уладзіслаў Мікуц азнаёміў дзяцей з вынікамі сваіх даследаванняў. Выкарыстоўваючы метады біяіндыкацыі, ён ацаніў якасць вады ў сажалцы Турнянскага ручая і зрабіў вывад пра гаспадарчае выкарыстанне вадаёма. Сажалка можа стаць прывабным аб’ектам для спартыўнага рыбалоўства, а ў будучыні — для развіцця экатурызму, які дазволіць нашай мясцовасці развівацца больш паспяхова. А гэта і ёсць крок да ўстойлівага развіцця.

Згаданыя мерапрыемствы паказалі, як важны навуковы падыход пры вырашэнні экалагічных задач у сучасным свеце і як можна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы, захоўваючы іх для будучых пакаленняў.

Святлана АЛЬШЭЎСКАЯ,
настаўніца хіміі Турнянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.